Начальнік аддзела загса Вольга Галімбоўская, яе намеснік Вольга Пашкоўская, прадстаўнік "Белай Русі"—галоўны спецыяліст кіравання справамі райвыканкама Алена Булаўская завіталі ў радзільнае аддзяленне цэнтральнай бальніцы, каб павіншаваць матуль, якія хутка народзяць або ўжо паспелі зрабіць сабе, родным, блізкім падарунак. Калыхаюць на руках спавітых "цвічкоў" Надзея Сідарук, Кацярына Пячура, Вераніка Мядзелец. Госці віншавалі іх цёплымі словамі, паштоўкамі, памяткамі пра значэнне імён. "Белая Русь" падарыла дзеткам камбінезончыкі.
Кацярына Пячура 10 кастрычніка нарадзіла Андрэйку. Дома яго чакае сястрычка Ганначка. Наконт выбару імені хлопчыка ў Кацярыны з мужам былі дэбаты. Але вырашылі так: жонка назвала дачку, муж—сына. Малы вагой 4 100 г, ростам 57 см. Моцненькі, любіць паесці.
Надзея Сідарук жыве ў Пад'ельцах, сама з Украіны. Але не з ваенных рэгіёнаў, прычына візіту—каханне. Будучы муж прывёз сястру Надзеі з Браслава ў госці да ўкраінскіх родных. Так і пазнаёміліся. У жанчыны—першынец Цімафей. Яна веруючая і дзякуе Богу, што падарыў новае жыццё. Прызнаецца, што пачуццё мацярынства—самае шчаслівае. Ціма нара-дзіўся вагой у 3 кілаграмы ростам 51 см.
У Веранікі Мядзелец—Віта—другое дзіцятка. Першы—Мікіта. Як і павінна быць: хлопчык і дзяўчынка, лічыць маладая мама. Віта важыць 3 170 г, ростам 52 см, па характары спакойная. І дзякуй Богу!
Вераніка Кашкур, Святлана Дундар, Рыта Брынкевіч, Вераніка Валеўка, Крысціна Бурак хутка стануць матулямі. Нехта ўпершыню, нехта ўжо зведаў гэтае шчаслівае пачуццё.
—Сёлета з пачатку года ў радзільным аддзяленні ЦРБ нарадзілася 40 дзяўчынак, 48 хлопчыкаў,—паведамляе старшая акушэрка Жанна Сцефановіч.
Яна 25 гадоў прымае на свет дзетак, сваіх (ужо дарослых) сына і дачку таксама нараджала ў гэтых сценах. Тут з'явіўся і ўнучок, дачка спецыяльна прыехала да мамы са сталіцы. Сын Жанны Уладзіміраўны вучыцца ў медыцынскім каледжы.
Аддзяленнем загадвае Людміла Жук, па словах падначаленых, вопытны, высакакласны спецыяліст, тактоўны і памяркоўны кіраўнік. У калектыве акушэркі Людміла Бадун, Святлана Бунта, Галіна Сінкевіч, Вікторыя Шынкевіч—таксама з вялікім стажам. Самая маладая—сёлетняя выпускніца. Пачынаць заўсёды няпроста, але ж без гэтага не бывае. Таму індыкатарам усяму—навука і старанне. Медсёстры Валянціна Рынцэвіч, якая ў міёрскім раддоме з 18-ці гадоў, Святлана Юршэвіч, Алена Дзямід, Таццяна Катовіч.
У практыцы бывае рознае: не выключэнне і двойня. Вось і цяпер яе чакае пацыентка аддзялення Крысціна Бурак.
—Пераважна гэта спадчыннасць, паўтараецца праз пакаленні,—тлумачыць Жанна Сцефановіч.
Бясплатныя медыкаменты, сучаснае абсталяванне. Па спецыяльным апараце вызначаюць сэрцабіццё плода, па гэтым мяркуюць: нараджаць матулі самой ці рабіць кесарава. Кювез для неданошаных, ложачак з падагрэвам… Вынайдзены прэпараты, што паскараюць працэс родаў, спеляць шыйку маткі.
Колісь жанчыны па трое сутак мучаліся, знемагалі ад болю, нараджалі да 20-ці гадзін, цяпер да 8-мі. Дзетак было больш. Па 5 родаў нават за палову сутак.
—Цяпер, бывае, 7 за месяц,—расказвае старшая акушэрка.—Моладзь з'язджае, уся надзея на металургічны завод.
Прыемна, калі дзіцятка жаданае, здараецца, па словах медыкаў, і наадварот, але так не павінна быць. Стаць мамай—вялікае шчасце, наканаванае Богам.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.