"Один в поле не воин ... "

"Один в поле не воин ... " Расказвае пра сваю работу старшыня Язненскага сельскага Савета В. М. Фядзьковіч і зазначае, што без падтрымкі арганізацый і гаспадарак, а таксама актыўных і нераўнадушных жыхароў, ёй проста не абыйсціся.

 

—Валянціна Мікалаеўна, вырашэнне якіх пытанняў на дадзены момант з'яўляецца першачарговым?
—Безумоўна гэта добраўпарадкаванне. Асноўную ўвагу стараемся надаць аграгарадку, які з'яўляецца своеасаблівай візітнай карткай сельсавета. У Язне 15 вуліц, і за парадкам на кожнай трэба прасачыць.
Калі вёсцы надалі статус аграгарадка, то многія разлічвалі, што каля хат за дзяржаўны кошт будуць пастаўлены новыя платы. Мы ж у сваю чаргу звярнулі ўвагу на месцы агульнага карыстання, за якімі даглядаць няма каму. Напрыклад, устанавілі жалезабетонную агароджу ля могілак. Многія зразумелі, што прыгажосць прысядзібнага ўчастка залежыць толькі ад іх саміх. Увогуле, жыхары ў нас адказныя і праблем па добраўпарадкаванні амаль не ўзнікае. Толькі адзінкам даводзіцца выносіць прадпісанні і рабіць заўвагі. Нават дачныя дамы, якіх не шмат, вызначаюцца акуратнасцю і дагледжанасцю.


—А што наконт іншых населеных пунктаў?
—Стараемся не пакідаць па-за ўвагай і асноўныя вёскі сельсавета—Басянкі, Іст, Канцэрава. Тут ужо падтрымку аказваюць не толькі арганізацыі, але і самі людзі. Вельмі дапамаглі ў доглядзе парку, дзе размешчаны воінскі абеліск. Істаўчане пафарбавалі помнік, высадзілі кветкі, акультурылі тэрыторыю. За апошнія два гады на Язненшчыне ўсе значныя воінскія пахаванні былі прыведзены ў належны парадак.


—Ці дапамагаюць у тым мясцовыя арганізацыі і гаспадаркі?
—Звяртаюся да іх і ведаю, што не адмовяць. Пытанне з добраўпарадкаваннем могілак дапамагае вырашыць УП ЖКГ. Падтрымаюць КУП "Язна", лясніцтва, ПМС і участак ДРБУ. Мне прасцей працаваць, чым іншым старшыням, дзякуючы таму, што ў нашым сельсавеце ёсць шмат арганізацый, кіраўніцтва якіх не адмаўляе ў падтрымцы, прычым аказвае яе на добраахвотнай аснове.


—Валянціна Мікалаеўна, а як складваюцца справы з пустуючымі дамамі?
—На тэрыторыі сельсавета налічваецца 65 населеных пунктаў, у 15 ніхто не зарэгістраваны. Некаторыя дамы трымаюць пад дачы, таму спісаць вёску ці хутар мы можам толькі ў выпадку, калі будзе ўбраны апошні дом і знесены фундамент. Зразумела, што пакінутага жылля хапае. На сённяшні дзень у спісы занесена 7 пустуючых і 8 старых дамоў—і гэта толькі тыя, якія знаходзяцца ў крытычным стане.
У рабоце з імі прадугледжаны два шляхі. У першым выпадку права на знос даецца пісьмовай заявай спадчынніка. Калі ж дом не знаходзіцца ва ўласнасці, яго заносяць у рэгістр, пасля чаго, згодна з рашэннем суда, можна заняцца яго разборкай або продажам, калі ёсць пакупнікі. У самім Язне такіх дамоў няма, а падобныя пытанні стараемся рашаць адразу.


—Як вырашаеце пытанні ў сацыяльнай сферы?
—Важны накірунак дзейнасці складае работа з нядобранадзейнымі сем'ямі. Усіх, хто стаіць на ўліку, ведаем паіменна і трымаем на пастаянным кантролі. Такія асобы ведаюць, што камісія можа прыехаць у любы час, незалежна ад таго, выхадны гэта або святочны дзень.
Важна разумець, што людзі могуць памыліцца і з-за жыццёвых абставін, таму ў пэўны момант чалавека трэба падтрымаць і накіраваць. Дапамагаем з працаўладкаваннем, у чым спрыяюць кіраўнікі арганізацый. Лепшы вынік, калі такія сем'і здымаюць з уліку.


—Як вядзецца работа з утрыманцамі?
—У студзені мы праводзілі пашыранае паседжанне савета ГПАП, на якім былі разгледжаны 27 чалавек. Зразумела, што зараз, калі ўсюды ідуць скарачэнні, працу знайсці складана, аднак той, хто хоча працаваць, заўсёды знойдзе сабе занятак. Сярод тых, хто трапіў пад увагу, хапае асоб, якія, нават працаўладкаваўшыся, пратрымаюцца на новым месцы пару дзён і пойдуць, як кажуць, "шукаць вольнага хлеба".


—Валянціна Мікалаеўна, а з якімі пытаннямі да Вас часцей за ўсё звяртаюцца жыхары сельсавета?
—Звароты грамадзян у асноўным залежаць ад пары года. Позняй восенню і зімой—гэта праблема вулічнага асвятлення, вясной—падсыпка дарог і пасадка агародаў. З ліпеня, калі зерне яшчэ ў коласе, пачынаюцца званкі наконт абмалоту ўчасткаў. Сістэма ў нас ужо наладжана. Раней прыязджаў камбайн з Міёрскага райаграсэрвісу, апошнія два гады спраўляемся сваімі сіламі.
Значна паменела ў насельніцтва кароў. Калі ў 2006 годзе іх было 440, то сёлета засталося толькі 118. Узнікаюць пытанні па тлустасці малака і яго збору, бо да аддаленых вёсак даехаць даволі складана. Зрэдку людзі звяртаюцца з просьбамі дапамагчы набыць жыллё. Усё імкнемся вырашыць як можна хутчэй.


—На каго абапіраецеся ў рабоце?
—У першую чаргу гэта старэйшыны вёсак і вуліц у Язне. Яны—касцяк, без якога было б складана наладзіць бесперапынную работу з насельніцтвам. Гэтыя 16 чалавек аказваюць мне неацэнную дапамогу. На іх я магу спадзявацца і разлічваць.
Я вельмі ўдзячна Ліліі Вікенцьеўне Спірковіч, Наталлі Фёдараўне Шыман, Раісе Мікалаеўне Наркевіч, Іі Міхайлаўне Кавалёнак, Валянціне Міхайлаўне Казельскай, Наталлі Францаўне Морхат, Клеапатры Іванаўне Шамшур, Людміле Уладзіміраўне Басянок, Сяргею Данілавічу Якімовічу, Марыі Андрэеўне Лапіцкай, дэпутату Язненскага сельскага Савета Нэлі Мікалаеўне Аксёнавай. Важкім памагатым пры жыцці была Вольга Фадзееўна Свірко.
Увогуле, я пераканана, што багацце любога населенага пункта-гэта людзі, з якімі трэба старацца знаходзіць узаемаразуменне.


—Якія значныя падзеі чакаюць сельсавет у бягучым годзе?
—Увосень будзем святкаваць 540 год вёскі Язна і 115—мясцовай царквы. Традыцыйна правядзём фестываль "Язненскі благавест", тэма якога сёлета—"Храни, Господь, очаг семейный". Рыхтуемся паўдзельнічаць у фестывалі "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю". Асноўная работа кладзецца на плечы нашых клубных работнікаў, якім я заўсёды бязмерна ўдзячна за высокі творчы прафесіяналізм і гатоўнасць дапамагчы. Такім чынам, спраў хапае, і важна, што мне заўсёды ёсць на каго спадзявацца і разлічваць.
—Дзякуй за размову. Далейшага Вам плёну ў рабоце!

 

Гутарыла Арына БАРКОЎСКАЯ.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.