Привал с солдатской кашей и песнями войны

Привал с солдатской кашей и песнями войны Пянькі, на якіх раскладзена ежа, імправізаванае вогнішча з сапраўднай салдацкай кашай, кубкі — фляжкі — міскі, зялёныя дрэўцы — у такіх дэкарацыях праходзіла пасяджэнне клуба "Бажэна", прысвечанае Дню Вялікай Перамогі. Ідэю афармлення прапанавалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі, дзе праходзіла сустрэча, яны дапамаглі і ў арганізацыі.

 

Святочнае мерапрыемства складалася з 2-х этапаў — "Паход" і "Прывал". У паход жанчыны адправіліся 6 мая. Месца прызначэння — СШ №3, а дакладней — уладанні краязнаўцы Вітольда Ермалёнка. Мэта — бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю. На наступны дзень "бажэнаўцы" сабраліся на прывал. Многім удалося выканаць правілы дрэс-коду: апрануць гімнасцёркі і надзець пілоткі.
Напачатку здалі сродкі ў раённую арганізацыю ГА «Беларускі фонд міру», за што яе старшыня і ўдзель-ніца клуба Ала Пятроўна Смерцьева прасіла падзякаваць сваім таварышам праз газету.


Усе пункты праграмы звязвала паміж сабой тэма страшнай вайны і жаданай Перамогі. Гучалі мелодыі ваенных гадоў. Дружна спявалі "Кацюшу", "В землянке", "Не безымянной высоте", "Клён кудрявый", "Тёмная ночь" і многія іншыя песні, якія спадарожнічалі салдатам, лячылі іх душы і надавалі новыя сілы. Чыталі вершы на тэму вайны. Падчас конкурсаў вучыліся складваць пісьмы-трохкутнікі і аказваць медыцынскую дапамогу параненым.


З цікавасцю слухалі расповед Алены Іванаўны Хаткевіч пра вызваленне Дзісны, непадалёк ад якой на хутары жылі яе бацькі, а самой тады было 7 год. Жанчына прыгадала, як разам з маці хаваліся ў кустах і ў жыце ад савецкага самалёта, пілот якога прыняў іх за немцаў. Цудам удалося ўратавацца ад куль, што ляцелі з неба, і ўцячы ў вёску Копцева за 7 кіламетраў, дзе вялікай сям'і далі прытулак у адным з дамоў. Цікава, што праз некалькі дзён услед за гаспадарамі прыйшла хатняя жывёла. "Мы так узрадаваліся, што расцалавалі карову, — успамінала Алена Іванаўна. — Гэта азначала, што цяпер у нас будзе і малако, і смятана, і тварог…" Калі Дзісну вызвалілі і баі сціхлі, сям'я вярнулася на свой хутар. Мясцовым жыхарам далі загад пахаваць забітых ворагаў. "Нам шкада было тых салдат,—заўважала Алена Іванаўна.—Хоць яны і з варожай арміі, але паводзілі сябе з мірнымі жыхарамі прыстойна. Не рабавалі і нічога не забіралі пад прымусам. У нас бралі малако, узамен давалі кансервы. Увогуле, тая вайна прынесла пакуты сотням тысяч людзей. Гэта трагедыя для ўсіх народаў Еўропы".


Адзіным выключэннем з ваеннай тэматыкі былі традыцыйныя віншаванні імяніннікаў. Цёплыя словы і памятныя падарункі падрыхтавалі для Святланы Арцёмаўны Мяцеліцы, Зоі Іванаўны Харытовіч, Ліры Кірылаўны Кураш і Ады Іванаўны Купчанкі, якія ў маі святкуюць дні нараджэння.
Радасць і сум, шчырыя ўсмешкі і светлыя слязінкі, горкія ўспаміны і шчаслівыя надзеі — усяму знайшлося месца на сустрэчы, падчас якой не раз зазначалася, як важна памятаць пра вайну і шанаваць подзвіг тых, хто здабываў перамогу.


Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.