Стилист, психолог, дипломат и просто парикмахер

Стилист, психолог, дипломат и просто парикмахер Амерыканская пісьменніца Мэры Маккарці некалі сказала: "Шматлікія жаночыя праблемы, перад якімі губляюцца лепшыя псіхіятры, часта вырашае цырульнік...". Цытата з мінулага стагоддзя не страціла актуальнасці і ў наш час. Складана гаварыць пра мужчын, а вось прыгожая палова чалавецтва часта наведваецца ў цырульню не толькі, каб зрабіць прычоску, але і для ўздыму настрою, і каб пераадолець хандру.

 

Усе аспекты майстэрства валодання нажніцамі і фенам ведае Кацярына Міхайлаўна Юшкевіч, якая працуе ў жаночай зале КБА ужо не першы год. Зараз ужо з вопытам за плячыма яна з усмешкай успамінае, што цягу працаваць з валасамі мела з маленства: спачатку мадэлямі былі лялькі, а калі падрасла, то добраахвотнымі "ахвярамі" захаплення сталі аднакласніцы Кацярыны, якім хацелася займець арыгінальныя прычоскі перад дыскатэкай. Зразумела, што такая цікавасць пазней перарасла ў жаданне стаць цырульнікам, таму па заканчэнні Дварнасельскай школы Кацярына паступіла ў Полацкі прафесійна-тэхнічны каледж.


Вучоба, якая доўжылася паўтара года, праляцела імгненна. З першых дзён заняткаў студэнткі прыступілі да практыкі — напачатку трэніраваліся адна на адной, потым прымянялі атрыманыя навыкі ў якасці стажораў, праходзілі абавязковую двухмесячную практыку на будучых рабочых месцах. Давялося спасцігаць і тэарэтычныя навукі: падбіраць стрыжку да авала твару, прыдумвалі і малявалі эскізы прычосак і г.д. 
Паколькі працу выбрала па душы, праблем з засваеннем новых ведаў ніколі не ўзнікала. Кацярына адзначае, што нават нявопытнай практыканткай не баялася брацца за нажніцы, бо ведала: усё атрымаецца.


Работы майстру хапае незалежна ад сезона. Наогул, прадказаць, якім будзе наплыў кліентак, можна толькі ў перадсвяточныя дні, аднак такога, каб ніхто не прыйшоў, не здараецца. На пытанне, што складаней: пастрыгчы або зрабіць прычоску, Кацярына адказвае, што ўсё залежыць ад структуры валасоў і пажадання заказчыка.
— Кожнаму цырульніку можна дадаткова выдаваць дыплом псіхолага, бо часта неабходна падтрымаць размову, выслухаць і нават даць параду, — расказвае Кацярына. — А яшчэ быць дыпламатам, асабліва тады, калі трэба ўпэўніць, чаго рабіць не варта са сваімі валасамі, каб не пашкодзіць іх ці не сапсаваць знешнасць. Рэкамендацыі трэба даваць так, каб да іх прыслухоўваліся.


За некалькі год напрацавалася ўласная кліенцкая база — многія давяраюць менавіта гэтаму майстру. Перавагі ва ўзростах пастаянных наведвальніц няма. Умелыя рукі Кацярыны ствараюць прыгожыя прычоскі маладым і жанчынам ва ўзросце. Родныя таксама не хвалююцца пра ўласны імідж, вось толькі трэба злавіць момант, каб застаць майстра дома.


Кацярына зарэкамендавала сябе не толькі як прафесіянал, але і як любячая жонка і клапатлівая маці. З мужам Яўгенам пазнаёміліся на дыскатэцы, і сёлета ўжо адзначаць пяцігоддзе сумеснага жыцця — драўлянае вяселле. Радасць маці — дачушка Аліна. Яна ўжо дакладна ведае, што такое цырульніцкі пеньюар і навошта патрэбны філіровачныя нажніцы. Усе лялькі і нават плюшавыя мядзведзікі дома пастрыжаны.


Адказная работа па стварэнні прыгажосці патрабуе не толькі майстэрства, але і добрай фізічнай падрыхтоўкі: не кожны зможа ўвесь дзень прастаяць на нагах з узнятымі рукамі. Таму ўвечары, як правіла, усе мышцы даюць пра сябе ведаць. Аднак, як адзначае сама Кацярына, выпрацавалася звычка. Самае галоўнае, што ёй некалі пашчасціла зрабіць правільны выбар.
 "Чалавек сваёй справы, цудоўны майстар", — гавораць пра Кацярыну кліенткі. І гэта лепшая характарыстыка спецыяліста, прафесіянала.

Арына БАРКОЎСКАЯ.
Фота аўтара. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.