Душевный спадарожник — "районная газета"

Душевный спадарожник — "районная газета" Візіт супрацоўнікаў рэдакцыі раённай газеты быў неспадзяваным для Людмілы Мікалаеўны Цітовіч з Чапукоў. Дома на кухні жанчына вяла няспешную размову з суседкай і шчыра здзівілася гасцям. Яна даўно на пенсіі і, па асабістым меркаванні, нічым адметным сярод вяскоўцаў не вылучаецца.  Па праўдзе кажучы, мы і самі не думалі, што службовая камандзіроўка прывядзе менавіта да Людмілы Мікалаеўны, бо ў запісной кніжцы значыцца шмат прозвішчаў з катэгорыі "актыўныя падпісчыкі раёнкі". Як паведаміла загадчыца Чапукоўскага аддзялення сувязі Зоя Ніканораўна Машара, 88 экзэмпляраў "Міёрскіх навін" паштальёны Наталля Іванаўна Молакава і Ірына Вадзімаўна Цішаловіч дастаўляюць па вёсках адрасатам. Многія выпісваюць "раёнку" па 20-30 гадоў і больш. Сярод іх педагогі, работнікі ААТ "Любінова", пенсіянеры.

 

— "Савецкую Беларусію" атрымліваюць 33 чалавекі, "Віцебскія весці"— 8, "Камсамольскую праўду" — 7, "Сельскую газету" — 6. Выпісваюць нашы вяскоўцы "Народную газету", "Звязду", "7 дзён" і іншыя выданні, але "раёнка" карыстаецца найбольшай папулярнасцю, — падкрэсліла загадчыца аддзялення сувязі, якая кожнаму ўдзячна за інтарэс да газеты. 


Пацікавіліся, хто з мясцовых жыхароў выпісвае яшчэ і іншыя часопісы і газеты. Аказалася, што іх не адзін дзясятак. Гэта Наталля Яўгенаўна Васільева, Валянціна Пятроўна Пяткевіч, Лідзія Васільеўна Драба, Алена Вацлаваўна Кавалеўская, Тамара Генадзьеўна Кукуць, Віктар Уладзіміравіч Маскалёў, Ірына Віктараўна Качан, Таццяна Іванаўна Даргель, Феадосія Маісееўна Іванова, Наталля Іванаўна Тумарава... З гэтага спісу вылучылі тых, хто шмат гадоў нястомна працаваў у сельскай гаспадарцы, і, нягледзячы на загружанасць работай, знаходзіў час, каб пазнаёміцца з раённымі навінамі. У іх ліку Людміла Мікалаеўна Цітовіч. Яна шмат гадоў адпрацавала на ферме аператарам па доглядзе за маладняком буйной рагатай жывёлы.


— У цялятніку штодзённа вёдры з пойлам насіла. Зімой і летам — у гумовых ботах. У сям'і — двое дзяцей, якім увага і клопат патрабаваліся. Цяпер былая работа нагадвае пра сябе болем у руках і нагах. Ды і іншыя хваробы праяўляюцца, — уздыхнула субяседніца. — Штомесяц даводзіцца шмат лекаў купляць. Пенсія хутка разыходзіцца, бо цэны на тавары і паслугі высокія.
— Аднак газеты і часопісы таксама не танныя, але грошай на іх не шкадуеце…
— Так. Выпісваю газету "Камсамольская праўда", часопісы "Народны доктар", "Наша кухня", "Гаспадыня" і больш за 20 гадоў сябрую са "Сцяг працы". Даруйце за ранейшую назву "раёнкі", сталыя людзі вельмі да яе прывыклі, хаця "Міёрскія навіны"—больш мілагучная. 
Разважаючы пра важнасць раённай газеты, Людміла Мікалаеўна падкрэсліла, што пачынае чытаць яе не з рэкламы, як многія, а па парадку: з першай старонкі да апошняй, дзе ўсё цікава. Асабліва матэрыялы пра землякоў.


Людміла Мікалаеўна цяпер адна. Сыны дарослыя, маюць сем'і, выхоўваюць дзетак. Сяргей — індывідуальны прадпрымальнік, жыве далёка, Мікалай атабарыўся ў Чапуках, працуе ў ААТ "Любінова" механізатарам. 
— Раней, калі наведваўся да мяне, прасіў пагартаць "Міёрскія навіны", штосьці чытаў, а цяпер і сам выпісвае, бо яго дачушка Насця ўжо школьніца і падпіска на мясцовую газету пасадзейнічае яе дасведчанасці, бо і пра Чапукоўскую школу нямала пішуць. Газеты захоўваю, бо і Сяргей, які прыяз-джае не так часта, таксама любіць зазірнуць на яе старонкі.  


Падчас гутаркі з Людмілай Мікалаеўнай, ля ног круціліся каты, чакаючы ўвагі ад гаспадыні.
— Іх у мяне ажно пяць. Самай старэйшай кошачцы каля 11 гадоў, астатнія яе кацяняты. Прывыкла да іх, ведаю нораў і звычкі. На калені лягуць, лагодна прытуляцца, штосьці памурлыкаюць… Яны даюць станоўчую энергію, як і раённая газета, — засмяялася жанчына, пагладзіўшы Пушка.
Пакуль размаўлялі, да гаспадыні завітала яшчэ адна суседка.
— А ці выпісваеце Вы "Міёрскія навіны", — пытаюся.
— Усё жыццё з "раёнкай", — чую адказ Яўгеніі Аўгусцінаўны Аніська. — Звяртаю ўвагу не толькі на змест матэрыялаў, але і на аўтараў. Ведаю ўсіх карэспандэнтаў, у кожнага свой стыль напісання. Добра, што шмат фотаздымкаў. Любім і "Советскую Белоруссию".


— А вось мы не заўсёды выпісваем "раёнку",—прызналася Ніна Іванаўна Драба. — Аднак у гэтым месяцы выпісалі. На гэтым настояў муж Леанід Генадзьевіч. Ён кажа, калі ў дом газета не прыходзіць, быццам чагосьці не хапае.
Несумненна, нам — супрацоўнікам "Міёрскіх навін" — прыемна было пачуць такія водгукі ад вяскоўцаў. Шчыры дзякуй ім, а таксама яшчэ 85 падпісчыкам, якіх абслугоўваюць паштальёны Чапукоўскага аддзялення сувязі, а таксама ўсім жыхарам Міёршчыны, якія чытаюць раённае выданне ў лютым і падпіса-ліся на яго на наступныя месяцы.


Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.