Радует теплый и уютный дом

Радует теплый и уютный дом Вуліца Вясенняя ў райцэнтры заканчваецца прыгожым двухпавярховым домам Аляксандра Дзмітрыевіча і Святланы Уладзіміраўны Крукоў. Гаспадар працуе вадзіцелем у райпа, гаспадыня — прадаўцом аддзела "Тавары для дома" райунівермага. Падставай наведацца да іх стала паведамленне райгазу аб тым, што гэтае жыллё стала ў ліку апошняга ў 2014-м годзе, куды падведзены прыродны газ.

 

Дзень 17 снежня для нас стаў памятным, — сцвярджае Святлана Уладзі-міраўна, — газавікі прыехалі з раніцы, працавалі хутка, аператыўна і да абеду газ падключылі. Мы яго вельмі чакалі, рыхтаваліся, каб правесці да зімы, а таму не маглі нарадавацца такой падзеі.
Высвятляю, што сям'я жыве ў новым доме толькі год. Праект будынка выбралі тыпавы, але ўнеслі ў яго істотныя змяненні. У прыватнасці, адмовіліся ад балкона, замест яго на другім паверсе толькі нядаўна абсталявалі тэрасу. Сцены першага паверха з сілікатных блокаў, укладвалі якія муж са свёкрам і пры падтрымцы іншых родных, вышэй устанавілі драўляны зруб. У ім размясціліся вялікі пакой для дзяцей, спальня для бацькоў і ўжо згаданая тэраса. Для ўкладкі абліцовачнай прыгожай цэглы наймалі спецыялістаў. Адразу зманціравалі вадзяное ацяпленне. Гэтым у асноўным займаўся Аляксандр, які ўмее працаваць з тэхнікай і металам. Спачатку ўстанавілі звычайны кацёл на цвёрдым паліве. Але ж "апетыт" у яго нядрэнны, на зіму спатрэбіўся кузаў торфабрыкету і недзе 3-4 машыны дроў. Вядома, абыходжанне з такой колькасцю паліва патрабавала нямала клопатаў і працы. У час халадоў агонь падтрымлівалі практычна круглыя суткі, нават ноччу ўставалі, каб падкласці дроў ці брыкету. Таму, улічваючы ўласны і чужы вопыт, загадзя рыхтаваліся да падвядзення прыроднага газу: пакрысе адкладвалі грошы са сваіх заробкаў, потым скарысталіся льготным крэдытам, ды і бацькі з абодвух бакоў істотна дапамаглі.


Кацёл выбралі беларускай вытворчасці з улікам цаны, магчымай наяўнасці запчастак і абслугоўвання. Ды каб цяпла для абагрэву не маленькай будыніны хапала, гарачая вада была на кухні, у душавой!
— Цяпер дзеці пасля школы па доме ў маечках бегаюць, — радуецца Святлана Уладзіміраўна.
— Колькі ж іх у Вас?
— Трое, усе хлопчыкі. Старэйшаму Ільюшу ўжо 13, вучыцца ў СШ №3, а яшчэ наведвае фізкультурна-аздараўляльны комплекс, дзе плавае ў басейне. Сярэдняму 11-гадоваму Арцёму даспадобы валейбол. Ён і спяваць любіць, песню падрыхтаваў да 60-годдзя бабулі. А малодшанькі пяцігадовы Мацвейка, агульны любімчык, — выхаванец садка №1. Усе сыны дапамагаюць мне прыбіраць ў доме, а тату — займацца рамонтнымі ці будаўнічымі работамі: яшчэ шмат чаго трэба давесці да ладу ў вялікай хаце.
— Трое дзяцей — гэта не шмат?
— Не, нічога страшнага, нейкіх асаблівых праблем яны нам, бацькам, нам не ствараюць.
— Яны ўжо ведаюць, хто такі Дзядуля Мароз?
— Вядома, старэйшыя ведаюць, а малодшаму дапамагала пісаць пісьмо Дзеду Марозу. Ён папрасіў для таты новы мабільнік, для мамы — смартфон, для братоў — па планшэту, толькі для сябе нічога.
— Ці "па кішэні" "Дзеду Марозу" будзе адразу набыць столькі гаджэтаў?
— Па ўсім бачна, ён "не пацягне". Але ж без падарункаў дзеці не застануцца.
— Да сустрэчы Новага года падрыхтаваліся?
— Ёлка ўжо стаіць. Гасцямі будуць мае і мужавы бацькі.
—А што ў цэнтры стала паставіце?
— Салату "Для любых", гэта грыбы, смажаныя з морквай і цыбуляй. Страва заўсёды карыстаецца поспехам на ўсіх нашых сямейных застоллях. Тым больш, што грыбы ўласнай нарыхтоўкі, іх збіралі муж, старэйшы сын Ілля і дзядуля Дзіма.
— Шчаслівага Новага года ўсёй Вашай сям'і!


Гутарыў Ленід МАТЭЛЕНАК.
На здымку: сям'я Крукоў на кухні ў перадсвяточны дні.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.