Разговаривать на языке добра

Разговаривать на языке добра У вядомай казцы пра калабка з крыху змененым сюжэтам пабывалі выхаванцы раённага Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі і госці ўстановы. Тут 3 снежня ва ўтульнай зале, упрыгожанай дзіцячымі малюнкамі, прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў, пад назвай "Сэрца аддаю дзецям".

 

Дзетак, іх бацькоў і гасцей вітала дырэктар ЦКРНіР Святлана Бакевіч. Словы ўдзячнасці яна адрасавала бацькам сваіх выхаванцаў, прадстаўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, індывідуальным прадпрымальнікам і прыватным асобам, якія дапамагаюць і падтрымліваюць установу.


Цікавае і забаўляльнае казачнае падарожжа арганізавалі для ўдзельнікаў мерапрыемства супрацоўнікі Цэнтра, пераўвасобіўшыся ў гарэзлівага Калабка (Марына Трубач), энергічнага Зайчыка (Вольга Пазняк), эфектную Ваўчыцу (Святлана Гром), запаслівага Мядзведзя (Кацярына Богуш) і модніцу-Лісу (Марыя Мяніцкая). Сцэнарый класічнай казкі на новы лад, дэкарацыі і касцюмы для герояў падрыхтавала выхавальніца Святлана Васільеўна Рубанік. Знаходлівы Калабок, каб толькі не трапіць на зуб жыхарам лесу, прапаноўваў ім розныя гульні і выпрабаванні, у якіх з задавальненнем удзелічалі і дзеці. З Зайчыкам гулялі ў "Зайку-шэранькага", з Ваўчыцай — у "хвастатыя даганялкі", з Мядзведзем збіралі шышкі, а адгадваць загадкі Лісе дапамагалі ўсе гледачы. У казачныя сцэны ўпляталіся выступленні юных прыгажунь-танцорак з дзіцячага садка №3, музычная кампазіцыя ад вучаніц Міёрскай базавай школы. Фінал казкі быў радасным — усе бакі Калабка, за якія яго так хацелі пакусаць, засталіся цэлымі. А эпілогам стаў танец сяброўства, куды запрасілі ўсіх удзельнікаў і гасцей.


— Вельмі важна аддаваць дзецям цеплыню і клопат, — звярнулася да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Алегаўна Стальмачонак і пахваліла выхаванцаў Цэнтра за актыўны ўдзел у казачнай гісторыі.
Значнасць работы ЦКРіН адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валерый Анатольевіч Драба. У раёне надаецца шмат увагі гэтай установе. І галоўнае, па меркаванні начальніка аддзела, што ў сэрцах людзей змяніліся адносіны да праблем дзяцей з асаблівасцямі развіцця. З кожным годам пашыраюцца рады сяброў і памочнікаў установы. Сваё выступленне Валерый Анатольевіч закончыў уручэннем падарунка дзецям.


Выхаванцаў Цэнтра засыпалі добрымі пажаданнямі і прыемнымі сюрпрызамі. Сувеніры ўласнай вытворчасці падрыхтавалі вучаніцы Міёрскай базавай школы, салодкія прэзенты прынесла першы сакратар РК ГА "БРСМ" Марына Кашкур, парадаваў падарункамі індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Шокель, ад Цэнтра дзяцей і моладзі прыемную місію выканала дырэктар установы Валянціна Анкудзімаўна Мітрафанава, яркія кветкі з паветраных шарыкаў падарыла індывідуальны прадпрымальнік Ларыса Кузьміна. За дзень да мерапрыемства з цацкамі і канцтаварамі прыходзіў у Цэнтр пастаянны сябар і памочнік ва ўсіх справах пастар евангельскай царквы "Благодать" Валянцін Валянцінавіч Гоч.


У адказ выхаванцы цэнтра кожнаму раздалі зробленыя сваімі рукамі сэрцайкі з пажаданнямі.
— Дабрыня — гэта мова, на якой нямыя могуць размаўляць і якую глухія могуць пачуць, — працытавала вядомыя і важныя словы дырэктар ЦКРіН Святлана Бакевіч. — Давайце размаўляць на мове дабрыні і дарыць цяпло сваіх сэрцаў дзецям! Пасля мерапрыемства ўдзельнікаў і гасцей запрасілі на салодкі стол, арганізаваны бацькамі выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.