З добрымі пажаданнямі і памятнымі падарункамі 14 кастрычніка завітала ў радзільнае аддзяленне Міёрскай ЦРБ віншавальная дэлегацыя. Напярэдадні тут з'явіліся на свет двое дзетак. Дзяўчынку Насценьку 10 кастрычніка нарадзіла Алена Пірог, на наступны дзень хлопчыку Андрэю радавалася Міраслава Плотнікава. Абедзве міярчанкі зведалі мацярынскае шчасце ў другі раз.
На момант віншавальнай місіі Міраслава з нованароджаным сыночкам ужо пакінула аддзяленне, таму падарункі ад раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" і аддзела загса райвыканкама атрымае дома. Супрацоўніцу рэдакцыі Алену Пірог з дачушкай засталі ў палаце. Цяпер замест камп'ютарнага набору і вядзення дакументацыі Лену чакаюць больш важныя і прыемныя мацярынскія клопаты.
Моцнага здароўя і шчасця пажадала маці і дзяўчынцы кіраўнік раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" Алена Венядзіктаўна Шамёнак. Далучылася да віншаванняў супрацоўнік аддзела загса Вольга Уладзіміраўна Пашкоўская. Яна ўручыла матулі першы дакумент дачушкі і віншавальную паштоўку з напамінам пра тое, што яна нарадзілася ў юбілейны 500-ты год роднага горада. І яшчэ ў дадатак характарыстыку імя Анастасія і знака задыяка Шалі, каб маці бліжэй пазнаёмілася з дзіцяці.
Павіншавалі са святам будучых маці Жанну Федаровіч, Алену Цвячкоўскую і Ганну Махлінец, якім таксама няшмат засталося да радаснай падзеі.