В комиссии по делам несовершеннолетних

Кожная сітуацыя, якая разглядаецца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, — гэта наглядны дапаможнік, што арыентуе на выбар сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей. Усе прыклады ў ім адмоўныя, і на  іх трэба вучыцца таму, як рабіць не варта.

 

Хто для мамы за ўсіх мілей?

 

Заява ў раённы аддзел унутраных спраў паступіла ад мужчыны. Ён паведаміў, што ў яго былой жонкі сабралася кампанія, там распіваюць спіртное і дадому ніхто не збіраецца. Іх сям'я распалася не так даўно, шлюб скасаваны восенню мінулага года. Пятнаццацігадовы сын і трынаццацігадовая дачка засталіся з маці, а бацька стаў жыць асобна. Толькі замест таго, каб належным чынам клапаціцца пра дзяцей, кантраляваць, ці наведваюць яны заняткі ў школе і якія адзнакі атрымліваюць, жанчына занялася ўладкаваннем асабістага жыцця. Сярод гасцей, што знаходзіліся ў той дзень у кватэры, быў і яе малады чалавек. Слова "малады" тут невыпадковае, бо хлопцу крыху больш за дваццаць. Вядома, што каханне з узростам не лічыцца, але, напэўна, на першым месцы павінны быць дзеці. Сям'я ўзята на кантроль сацыяльных служб.

 

Супраць правіл

 

Што прымусіла шаснаццацігадовага хлопца з добрай сялянскай сям'і сагнаць машыну старэйшага брата і паехаць з сябрамі ў райцэнтр? За рулём быў ён сам. Гаворыць, што кіраваў аўтамабілем упершыню. Ехалі па сустрэчнай паласе. Улічваючы адсутнасць вадзіцельскіх правоў і ўменняў, складаныя ўмовы надвор'я, паездка магла мець сумны вынік. Экстрэмалаў спынілі супрацоўнікі ДАІ. Юнак учыніў тры правапарушэнні. Пакаранне выбралі мінімальнае — папярэджанні і штраф у 5 базавых велічынь. Але, напэўна, заплаціць будзе лягчэй, чым суцішыць душэўны боль, нанесены родным людзям. Хлопцу нагадалі, што трэба ўмець выбіраць сабе сяброў і шанаваць бацькоў.

 

З чыстага ліста

 

Нядаўна жанчына ў чацвёрты раз стала маці. Пакуль яна чакала дачушку, трое яе дзетак былі ў дзяржустанове. Яна старалася іх наведваць, часта званіла па тэлефоне. Жыве шматдзетная маці адна. Бацькоўства ў адносінах нованароджанай устаноўлена, але адносіны з яе бацькам афіцыйна не зарэгістраваны. На камісіі было прынята рашэнне вярнуць дзяцей дадому. Так уся сям'я аказалася ў зборы, а жанчына атрымала магчымасць даказаць, што зможа належным чынам выконваць мацярынскія абавязкі.

 

Працаваць і не піць

 

Бацька траіх дзяцей упэўніваў, што п'яныя скандалы ў іх доме больш не паўторацца. Ён гатовы прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці і ўладкавацца на працу. Галоўнае, каб прыйшло асабістае ўсведамленне таго, што скандаліць у нецвярозым стане ў прысутнасці маленькіх дзяцей і выганяць сям'ю з хаты — апошняя справа для гаспадара.

 

Сама за сябе ў адказе

 

"А дзе маці?" — спыталі ў дзяўчыны, якая зайшла ў залу. "Я сама павінна за сябе адказваць", — прамовіла тая. У свае 17 год яна нідзе не вучыцца, нідзе не працуе. Кажа, што грошы на жыццё даюць бацькі, у якіх, дарэчы, яшчэ ёсць малодшыя дзеці. Знешні выгляд дзяўчыны зусім не адпавядае пашпартным дадзеным. Да 17 трэба дадаць як мінімум 7. Чаму так? Таму што дзяўчына злоўжывае спіртным і яе лад жыцця далёкі ад нармальнага і здаровага. Вось такая адказнасць за сябе…

 

Кацярына СУРАВЕЦ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.