Пограничники

Пограничники
У людзей аднаго пакалення шмат агульнага. Вось так можна сказаць пра А. Ф. Юхно і М. А. Крука з ААТ "Пад'ельцы".  Сапраўды, працуюць у адной гаспадарцы, жывуць у суседніх вёсках. Больш за тое, абодва прайшлі Афганістан, служылі ў пагранічных войсках. Але на тым падабенства і заканчваецца: у кожнага чалавека свой лёс.

 

Аляксандр Фёдаравіч Юхно нарадзіўся ў Пестунах. На армейскую службу прызваны ў 1985-ым. Адразу трапіў у вучэбнае падраздзяленне ў Тэрмезе, дзе рыхтавалі спецыялістаў для пагранічных войск. Там стаў стралком. Успамінае, што давялося нямала пабегаць "па гарах і далінах" з поўнай выкладкай, бо рыхтавалі да службы сур'ёзна: зусім па суседстве, у Афганістане, ішла сапраўдная вайна.

 

Па размеркаванні накіравалі на службу ў Таш-Курган, дзе размяшчалася мота-манеўраная група, перад якой была пастаўлена баявая задача не дапускаць душманаў да граніцы СССР. Вось і атрымлівалася, што гэтую грані-цу ахоўвалі з двух бакоў, на сваёй тэрыторыі і на "кропках" у суседняй дзяржаве. Не сказаць, што гэта было звязана з нейкімі асаблівымі баявымі аперацыямі. Аднак хапала трывог, пошуку, праследавання парушальнікаў, проста чакання магчымых душманскіх рэйдаў. Адным словам, у поўнай меры адчуў трывожнае пагранічнае жыццё на афганскай тэрыторыі. А потым давялося асвойваць новую справу, бо пачаў службу пры штабе. Старшыной займаў пасаду прапаршчыка, вырашаў пытанні фінансавага забеспячэння асабовага саставу. Тады на афганскую тэрыторыю наведваўся толькі ў час кароткатэрміновых камандзіровак.

 

Пасля вяртання ў родныя мясціны працаваў слесарам-зборшчыкам на лесазаводзе, столярам у райсельгасхіміі, меліяратарам у ПМК-23. Надоўга прыпыніўся жывёлаводам у роднай вёсцы. А з уводам у эксплуатацыю новага комплексу ў Карпачове даглядае цялушак на ўзнаўленне перад цяленнем. Таксама справа адказная, бо ад яго старання  залежыць прадукцыйнасць будучага дойнага пагалоўя.

А. Ф. Юхно жыве ў Дворным Сяле. У сям'і падрастаюць трое хлопцаў. Праўда, з бацькамі застаўся толькі малодшы, дзевяцікласнік, а старэйшыя вучацца на будаўнікоў. Адзін у Лепелі асвойвае навуку брыгадзіра-прараба, а другі ў Полацку спасцігае сакрэты тынкоўшчыка-плітачніка.

 

На два годы пазней, у 1987-ым, стаў салдатам Міхаіл Аляксандравіч Крук. Ён закончыў Відзаўскае СПТВ-32, меў пасведчанні механізатара шырокага профілю і вадзіцеля, нават працаваў трактарыстам у калгасе "Парыжская камуна". А служыць накіравалі на поўдзень Туркменіі ў Тахта-Базар, непадалёку ад афганскай граніцы. Лічыць, што там у той час было ўжо ціха. І ўсё ж гэтая цішыня вельмі абманлівая для вадзіцеля роты падвозу, асабліва калі за кабінай "Урала" шматтонная ёмістасць з палівам. А калоны амаль штотыднёва перасякалі граніцу суседняй дзяржавы, каб забяспечваць усім неабходным пяць "кропак", на якіх нашы байцы-пагранічнікі стрымлівалі пранікненне ў паўночным напрамку розных бандфарміраванняў. Здаралася, траплялі пад абстрэл, запомнілася, што адзін бензавоз узарваўся на міне, але вадзіцель уратаваўся. Ды і іншыя строга прытрымліваліся патрабавання ехаць толькі па каляіне, выконваць іншыя правілы бяспекі.

 

Нагадвае, што прызываўся ў ліку 18 хлопцаў з Міёршчыны. Усе яны з гонарам выканалі свой воінскі абавязак і вярнуліся ў родныя мясціны.

Запомнілася Міхаілу Аляксандравічу дата 15 лютага 1989-га, калі вярнуўся з апошняй замежнай паездкі паблізу таго месца, дзе тады сустракаліся граніцы трох дзяржаў — Афганістана, Ірана і СССР. Служыў яшчэ да лістапада, а дома зноў вярнуўся да прывычнай механізатарскай справы. На МТЗ-80 араў і сеяў, нават заваяваў званне лепшага сеяльшчыка. Апошнія гады заняты на пагрузчыку "Амкадор", заўсёды там, дзе перавозяць кармы, угнаенні, зерне, драўніну.

Вырасціў двух сыноў, адзін асвойвае спецыяльнасць сувязіста, а другі стане аўтамеханікам.

 

На здымку: М. А. Крук.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.