Авторизация
 

Добрае не забываецца

Хорошее не забывается
Колькі б чалавек ні жыў, а мінулае яму
здаецца адным імгненнем. Гэтую думку, якой прытрымліваюцца ўсе людзі ва ўзросце, пацвердзіў 10 студзеня, у дзень свайго 75-годдзя, і былы старшыня калгаса імя Гастэлы (цяпер ААТ "Папшулі"), Васіль Васільевіч Табола.

 

Да яго ў хату завітаў з віншаваннямі былы першы сакратар райкама партыі і старшыня райвыканкама В. І. Тарасевіч. Больш таго, Віктар Іосіфавіч  не адно скліканне быў дэпутатам раённага Савета ад Папшулёўскай выбарчай акругі.

Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта за актыўную грамадскую дзейнасць прывёз начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.А.Бялько  свайму былому падначаленаму. Віншавальны адрас і памятны сувенір ад раённай ветэранскай арганізацыі ўручыў яе кіраўнік Ч. С. Кашкур. Ды і як інакш, калі В. В. Табола і цяпер узначальвае мясцовую ветэранскую пярвічку.

 

Добра памятаюць заслугі Васіля Васільевіча ў развіцці гаспадаркі і па-ранейшаму лічаць яго сваім чалавекам у ААТ "Папшулі". У пацвярджэнне гэтаму падарунак даставіў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандр Мікалаевіч Цітоў.

А колькі было сказана такіх патрэбных да юбілейнай даты слоў:умелы кіраўнік, сапраўдны гаспадар, выдатны спецыяліст, добры арганізатар, адказны работнік, цудоўны сем'янін, умелы дарадца… І кожнае пацвярджалася нейкім эпізодам з былога, з практычнай дзейнасці, з жыцця. І паступова тое "адно імгненне" ператваралася ў гісторыю чалавека, малюнак часу, нават характарыстыку развіцця краіны ў пасляваенны перыяд. Але аб усім па парадку.

 

В. В. Табола нарадзіўся ў вёсцы Стальмакова ў мнагадзетнай сялянскай сям'і. Усіх пяцярых давялося ставіць на ногі адной маці. Бацька Васіль Іванавіч не вярнуўся з вайны, загінуў у час фарсіравання Віслы. Вось таму і малодшы Васіль рана пачаў працоўны шлях — адразу пасля сямігодкі. Цяпер бы сказалі — з базавай адукацыяй. Але і тады такія "спецыялісты" патрэбны былі пераважна на палявых работах. Потым сталеў і набіраўся вопыту прыцэпшчыкам. Запомніўся гусенічны С-80 з Язна, які ў напружаны час палявых работ працаваў на палях калгаса імя Заслонава з двума 5-корпуснымі плугамі. Ды ў той час і менш магутныя ДТ-54 не мелі гідраўлікі для плугоў.

 

— Я бачыў, што патрэбна для перспектывы, а таму вучыўся, — нагадвае цяпер Васіль Васільевіч. Ён завочна закончыў спачатку Лужаснянскі сельгастэхнікум, а пазней і Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут, практычныя навыкі работы на зямлі падмацаваў дыпломамі агранома, вучонага агранома. А ў калгасе атрымаў пасаду брыгадзіра. Калі пасля ўзбуйнення калгас імя Заслонава ў 1971-ым уліўся ў "Шлях да камунізму", брыгада тая атрымала назву комплекснай і ахапіла ўсю "заслонаўскую зону". Справіцца аднаму са справамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі было не проста, і на падтрымку брыгадзіру накіравалі маладога агранома У. Ю. Скавародку, сына старшыні.

 

Калгасам "Шлях да камунізму" працяглы час кіраваў франтавік з Канахоў Юрый Міхайлавіч Скавародка. Асновы сялянскага гаспадарання, практычныя навыкі ён увабраў з вясковага жыцця, з калектыўнай арганізацыяй на практыцы пазнаёміўся ў "Парыжскай камуне", якая тады толькі набірала моц. Вось гэтае спалучэнне сялянскай практычнай хваткі, прыродных арганізатарскіх здольнасцяў і дыпламатыі ва ўзаемаадносінах з падначаленымі і вышэйстаячым начальствам і дазволіла яму шмат гадоў кіраваць буйным сельгас-прадпрыемствам, нямала зрабіць для яго развіцця. Але такія ж задаткі ён бачыў і ў свайго брыгадзіра В. В. Таболы. А да гэтага часу яго поспехі былі адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і ордэнам "Знак Пашаны".

 

Як бачым, невыпадкова Юрый Міхайлавіч даручыў Васілю Васільевічу "ў абкатку" свайго сына. Тандэм аказаўся паспяховым. Праз колькі гадоў У. Ю. Скавародка вырас да старшыні калгаса "1-е Мая", а ўжо да яго ў якасці намесніка быў накіраваны В. В. Табола. Праўда, і ён тады ўжо прайшоў шлях галоўнага агранома і нават намесніка старшыні ў "Шлях да камунізму". Прайшоў, каб самому дарасці да кіраўніцтва калгасам імя Гастэлы.

 

Адбылося гэта 16 студзеня 1985-га. Тады калгас імя Гастэлы лічыўся ледзь не краем зямлі, бо даехаць нават на цэнтральную сядзібу ў разводдзе было няпроста, яшчэ горшымі з'яўляліся вясковыя дарогі. Не выпадкова, прапануючы Васілю Васільевічу старшынёўскі партфель, тагачасны кіраўнік раёна А. Ц. Украінец жартам паабяцаў яму дошкі на масток праз Дзісёнку, каб перабірацца на работу на супрацьлеглы бераг з Сакалова, дзе ў той час жыла сям'я.

 

Так, раён у пэўнай меры падтрымліваў новага старшыню. Але ж вельмі многае залежыла і ад яго самога. Успамінае Васіль Васільевіч, што пачынаў з узвядзення жывёлагадоўчых памяшканняў у Папшулях, тут з'явіліся два цялятнікі на 160 галоў кожны, іншыя будынкі былі рэканструяваны. У Румполлі пабудавалі кароўнік і цялятнік, яшчэ адзін цялятнік аднавілі, потым настала чарга памяшканняў у Казлоўцах.

 

Разгарнулася будаўніцтва жылля. Спецыялізаваная арганізацыя зманціравала з панэляў двухпавярховыя дом і школу, але даводзілі іх да ладу ўласнымі сіламі, так званым гаспадарчым спосабам. Затым былі дзіцячы садок, ФАП. Абнавілі майстэрні.

Пачалася падсыпка дарогі ад Чарапоў, для гэтага раён спецыяльна замацаваў за калгасам у якасці шэфа аўтабазу №15. Меліяратары давялі да ладу даезд да Крупенішча. Уласнымі сіламі гаспадарка падладзіла дарогу да Казлоўцаў. Таму, каб у гэтыя глухія мясціны "прыйшоў" асфальт, пасадзейнічаў першы сакратар райкама партыі В. І. Тарасевіч, якога невыпадкова мясцовыя жыхары некалькі скліканняў выбіралі сваім прадстаўніком у раённы Савет. Але ж і ён падтрымліваў гаспадарку і яе кіраўніка, бо бачыў вялікія памкненні калектыву і старшыні да развіцця вытворчасці, да стварэння належных умоў для працы і жыцця.

 

Старшынёўскі партфель Васіль Васільевіч перадаў у надзейныя рукі 2 ліпеня 2003 года, у гэты час яму пераваліла за 64. Так склаліся сямейныя абставіны: жонкі ўжо не было, а трэба было дагадоўваць маці, якой споўнілася за 100. Але ж яшчэ даглядаў вялікі прысядзібны ўчастак, трымаў дамашнюю гаспадарку, летам хадзіў з вудай на Дзісёнку (чаго вартыя ўспаміны пра нядаўна злоўленых самоў у пуд вагой), зрэдку ўдзельнічаў у паляванні.

 

Былая сялянская загартоўка і цяпер не дазваляе адмовіцца ад усяго гэтага, асабліва ад каня, пчальніка, сажалкі з карасямі… Хаця і агарод ужо невялікі, і жыўнасці ў хлявах менш. Падтрымліваюць дзеці. Рэгулярна наведваюцца з сем'ямі дочкі-настаўніцы і сын-прадпрымальнік. Тады за бацькоўскім сталом збіраецца з паўтара дзясятка дарослых і дзяцей. А сапраўдным падарункам для Васіля Васільевіча менавіта ў юбілейны дзень стала нараджэнне ўнука, для якога даўно падрыхтавана імя — Захар. І яму ёсць з каго браць прыклад.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 12 мая 2021
Арсений, Артем, Василий, Иван, Федот

Именины 11 мая 2021
Виталий, Кирилл, Максим, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта