Быць актыўным, мець свае захапленні, любіць сябе трэба ў любым узросце. І няважна, што за вамі ўжо даўно замацаваўся статус пенсіянера. Якасць жыцця ніхто не адмяняў.
На гэта скіравалі ўвагу пенсіянераў-міярчан прадстаўнікі клуба пажылых людзей "Узрост у дзеянні" Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Госці са сталіцы завіталі ў райцэнтр 7 снежня. Сустрэча праходзіла ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і мела форму семінара-трэнінга. На мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі, клуба інвалідаў "Надзея", клуба "Бажэна".
Хто такі пажылы чалавек? Як успрымае яго грамадства, і што ён думае сам пра сябе? Ад чаго залежыць здароўе, і як яго палепшыць? Абмеркаванне такіх пытанняў выклікала цікавасць і праходзіла вельмі актыўна. Усе разам прыйшлі да высновы, што за ўласнае самаадчуванне кожны сам у адказе. Правільнае харчаванне, актыўны лад жыцця і ўменне змагацца са стрэсамі, якія з'яўляюцца прычынай многіх хвароб, — вось аснова моцнага здароўя. Прысутныя атрымалі рэкамендацыі, як правільна паводзіць сябе ў канфліктных сітуацыях, і якія пазітыўныя ўстаноўкі даваць сабе кожны дзень.
Госці з Мінска пазнаёміліся з дзейнасцю клуба "Бажэна" і адзначылі, што такая форма работы з пажылымі людзьмі вельмі карысная і важная.
Усе ўдзельнікі сустрэчы засталіся задаволеныя прыемным знаёмствам і цікавай гутаркай. Напрыканцы — фота на памяць і абмен нумарамі тэлефонаў.
Кацярына СУРАВЕЦ.