Профессионализм, подтвержденный временем

7 снежня — Дзень страхавых работнікаў

Профессионализм, подтвержденный временем
Страхаванне стала неад'емнай часткай жыцця сучаснага чалавека. Людзі хочуць быць упэўненымі ў сваім будучым, абараніць не толькі маёмасць, але і здароўе. Традыцыйна кожную першую суботу снежня работнікі сферы страхавання адзначаюць сваё прафесійнае свята. Мы сустрэліся з тымі, хто прысвяціў гэтай дзейнасці дваццаць год. Гэта спецыяліст першай катэгорыі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Міёрскім раёне Віктар Уладзіміравіч Цвячкоўскі і страхавы агент Іна Пятроўна Кукуць.

 

Віктар Уладзіміравіч атрымаў тэхнічную спецыяльнасць і напачатку займаўся выплатамі па аўтатранспарце. Аднак  хутка гэтае месца працы прыйшлося пакінуць. На біржы тры разы прапаноўвалі вакансію страхавога агента. Доўга думаў. Пэўную ролю ў прыняцці рашэння адыграла і тое, што страхаваннем займаўся старэйшы брат, таксама ў гэтай сферы пятнаццаць год працавала маці. Таму на трэці раз згадзіўся.

 

Зразумела, што новая дзейнасць была непрывычнай і многаму давялося вучыцца. Вельмі карыснай і своечасовай аказалася дапамога куратара—Зоі Васільеўны Афанасьевай. І зараз Віктар Уладзіміравіч добра памятае свой першы працоўны дзень у якасці страхавога агента: "Прызнаюся шчыра — спачатку было страшнавата. Узнікала шмат пытанняў, на якія яшчэ не ведаў адказу, адчуваўся недахоп вопыту." Да таго ж, на новым месцы важна было наладзіць кантакт з людзьмі, бо менавіта з імі вялася асноўная праца. Зразумела, што ўсё прыходзіла з часам. Не дзіва, што за дваццаць год вопыту набралася багата. Праз паўтара года ў Белдзяржстраху Віктар Уладзіміравіч пайшоў на павышэнне і цяпер займае пасаду спецыяліста першай катэгорыі.

— І зараз людзі часта звяртаюцца за кансультацыяй, — адзначае ён. — Заўсёды ў такой сітуацыі мы разам імкнёмся прыйсці да лагічнага завяршэння—заключэння дагавора. За гэты час нават склалася кола кліентаў, якія звяртаюцца выключна да мяне, тым самым аказваючы давер як прафесіяналу. Лічу гэта лепшай ацэнкай якасці сваёй працы.

 

На пытанне "Якім павінен быць страхавы агент?", Іна Пятроўна Кукуць адказвае: "Прыстойным і сумленным".

Жанчына добра памятае, як ёй выдзелілі першы ўчастак, які аказаўся вясковым — у яго ўваходзілі Старыя і Новыя Крукі, Кавалеўшчына, Грэцкія і г.д. Вельмі перажывала, як прымуць людзі і як справіцца са сваімі абавязкамі. Добрымі парадамі дапамагла куратар — Надзея Уладзіміраўна Васілеўская. З цягам часу, калі Іну Пятроўну перавялі ў горад, нават не хацела з'язджаць, бо вельмі прырасла да месца і людзей.

"Я даўно прывыкла да таго, што мой працоўны дзень часцей за ўсё ненармаваны, — расказвае Іна Пятроўна. — Бывае так, што людзі нават дадому прыязджаюць, каб нешта застрахаваць, могуць наведацца і ў выхадны дзень. Зразумела, што нікому не магу адмовіць".

 

Жанчына адзначае, што за дваццаць год змяніліся і адносіны грамадства да страхавання: раней такога кшталту паслугамі карысталіся значна радзей, цяпер жа людзі хочуць большай упэўненасці ў сваім будучым.

Ніякую дзейнасць лёгкай не назавеш, аднак да сваёй прафесіі Іна Пятроўна за дваццаць год паспела прыкіпець душой: "Не паверыце, але калі знаходжуся ў водпуску, то вельмі хутка пачынаю сумаваць і хачу хутчэй вярнуцца да сваёй працы".

 

Напярэдадні свята пра сваіх калег расказала і дырэктар прадстаўніцтва РУСП "Белдзяржстрах" па Міёрскім раёне Ірына Амбросьеўна Крук:

— Адразу хачу адзначыць, што для нас важныя ўсе работнікі і іх уклад у агульную справу каштоўны. Асаблівасць нашага калектыву ў тым, што людзі, якія яго складаюць, з'яўляюцца выдатнымі прафесіяналамі, што пацвярджаецца вернасцю сферы страхавання. Так, Ніна Іванаўна Вішнеўская працуе ў Белдзяржстраху трыццаць сем год, з якіх трыццаць займае адказную пасаду галоўнага бухгалтара. Не магу не адзначыць працу свайго намесніка — Лідзіі Іванаўна Чарнаковай, якая ў страхаванні 25 год. Думаю, што гэтыя лічбы ў прафесійным плане гавораць самі за сябе. І зараз, гледзячы на Іну Пятроўну, здзіўляюся, што гэта прыгожая і абаяльная жанчына працуе ўжо дваццаць год, на працягу якіх ні разу не выклікала нараканняў кліентаў. Неацэнны ўклад у агульную справу і Віктара Уладзіміравіча. Асабліва важнымі лічу яго кампетэнтнасць у вырашэнні пытанняў і ўменне па-мужчынску спраўляцца з любой сітуацыяй, што выклікае асаблівы давер страхавальнікаў. Віншую сваіх калег са святам і жадаю поспехаў ва усіх справах і пачынаннях, дынамічнага развіцця, далейшага павелічэння колькасці кліентаў, прыбытковасці. Здароўя і дабрабыту вам і вашым блізкім!

 

Арына БАРКОЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.