Авторизация
 

Танкіст з баянам

Танкист с бояном
Дзень танкіста жыхар райцэнтра Феафан Андрэевіч Мыслівец лічыць сваім асабістым святам.
І невыпадкова.

 

У армію яго прызвалі ў 1967 годзе. У Брэсце пры адной з танкавых часцей прайшоў каранцін, гэта значыць, асвоіў курс маладога байца і прыняў прысягу. А потым яго накіравалі ў ГДР.

 

У тыя часіны служба ва Усходняй Германіі лічылася ганаровай, бо трэба было знаходзіцца на перадавых рубяжах супрацьстаяння з агрэсіўным блокам НАТА. Але ж салдатам даводзілася не проста, бо іх вучылі ваяваць па-сапраўднаму: вельмі частымі былі вучэбныя і баявыя трывогі, вучэнні, пастраенні. Стралялі з пісталетаў, аўтаматаў, танкавых кулямёта і гарматы, вучыліся кідаць гранаты. Усё гэта адбывалася на палігоне ля маленькага нямецкага гарадка Цайтхайн паблізу Дрэздэна. Але ж той быў толькі вучэбным, калі трэба было цэліць па мішэнях баявымі снарадамі, выязджалі на вялікія палігоны ў нямецкі Магдэбург ці беларускую Бярозу. Для зараджаючага танкавай гарматы Ф. А. Мысліўца такія вучэнні ў Бабруйскім ордэнаў Кутузава і Леніна цяжкатанкавым палку было не проста: у цеснай танкавай вежы ён падаваў у ствол спачатку 18-кілаграмовы снарад, потым гільзу з парахавым зарадам.

 

 Танкист с бояном
Мы ўсе ведаем пра легендарны танк Т-34, а вось Т-10М, які стаяў на ўзбраенні ў цяжкатанкавым палку, знаёмы толькі спецыялістам. Гэта 50-тонная машына, якая прыйшла на змену серыі ІС (Іосіф Сталін). У час вайны ІС, ІС-2 з'яўляліся самымі цяжкімі ў Савецкай Арміі і ажыццяўлялі стратэгічныя прарывы. Дык вось, Т-10М быў калі не цяжэйшым за тыя, то з больш магутным узбраеннем. Танкавая гармата з закрытых пазіцый страляла на 18 кіламетраў. Яе кумулятыўныя і бранябойныя снарады прабівалі любую браню тагачасных танкаў, былі яны страшныя і для наземных умацаванняў. Экіпаж складаўся з чатырох чалавек — камандзіра, механіка-вадзіцеля, наводчыка і зараджаючага. Спраў у іх заўсёды хапала, бо складаная тэхніка і ўзбраенне патрабавалі пастаяннай дыягностыкі, прафілактычных і рэгламентных работ, па графіку ажыццяўлялі тэхнічнае абслугоўванне рухавіка і трансмісіі. Нярэдка на месяц скіроўваліся ў вялікі навучальны цэнтр у Магдэбургу, дзе рыхтавалі мішэні і стралялі па іх. З якім вынікам? Бывала, атрымлівалі выдатныя адзнакі і здавальняючыя, — успамінае танкіст. Дрэнных не было, бо яны прыносілі не толькі незадавальненне начальства, спачуванні саслужыўцаў, але і абяцалі спагнанне. Так што стараліся.

 

Гарнізон, у якім служыў Ф. А. Мыслівец, размяшчаўся за 60-70 кіламетраў ад граніцы з Заходняй Германіяй. Баявыя задачы свайго палка танкіст, зразумела, не ведаў, а загады метка страляць і дакладна выконваць даручэнні асвойваў старанна. Таму прайшоў шлях ад радавога да малодшага сяржанта. Службу закончыў наводчыкам танка камандзіра роты, значыць, фактычна ўзначальваў экіпаж.

 

Вельмі памятным аказаўся для танкіста 1968 год. З тым часам звязаны падзеі так званай "Пражскай вясны", калі ўспыхнулі народныя хваляванні  ў Чэхаславакіі. Тады сацлагер скіраваў у гэтую краіну свае войскі. Так цяжкі танкавы полк аказаўся ў Пільзене. Моладзь сустракала баявыя машыны агрэсіўна, імкнулася справакаваць канфлікт, а пажылыя людзі адзначалі, што савецкія воіны прыехалі своечасова, што яны зрабілі правільна. Чатыры дні танкі знаходзіліся ў горадзе, а потым былі адведзены ў лес, дзе салдаты займаліся прывычнай вучобай і абслугоўваннем тэхнікі. Феафану Андрэевічу вельмі запомнілася сустрэча са старым чэхам, які пасля працяглай задушэўнай размовы пачаставаў танкіста знакамітым чорным пільзенскім півам. Тады яно здалося надта смачным.

 

Аднак якая б ні была адказная і напружаная служба, у салдата заўсёды знойдзецца хвілінка для спраў па душы. Што да Феафана Андрэевіча, то тады ён браў у рукі баян, вакол яго збіраліся танкісты, каб паслухаць любімыя мелодыі, паспяваць. Зразумела, вялікага майстэрства ў валоданні інструментам у маладога байца яшчэ не было, ды і нотную грамату ён асвоіў значна пазней, але выручыла захапленне. Ці ж гэтага мала!

 

Ф. А. Мыслівец нарадзіўся ў вёсцы Мысліўцы, вучыўся ў Мятлянскай васьмігодцы. У той час там дырэктарстваваў Браніслаў Эдуардавіч Скуба, які выкладаў біялогію. Ён даваў дзецям не толькі трывалыя веды тэорыі, але і вучыў вырошчваць агародніну, асабліва памідоры, на прышкольным участку. Тыя навыкі Феафан лічыць карыснымі да гэтага часу, з поспехам выкарыстоўвае іх на сямейным агародзе. А тады ён з дзяцінства марыў іграць на гармоніку. Але гэта яшчэ быў не той час, калі бацькі па першым жаданні дзяцей набывалі дарагія музычныя інструменты. А баян для калгасніка нават у пачатку 60-х быў не па кішэні. Толькі музыка вабіла, вось і бегаў да суседа Сашы Мятлы, якому бацькі купілі гармонік. Дарэчы, той Саша — Аляксандр Міхайлавіч Мятла — цяпер з'яўляецца кіраўніком знакамітай "Лініі Сталіна" пад Мінскам. Яго бацька сам іграў на акардыёне і сына прыахвочваў да музыкі.

 

Пасля заканчэння васьмігодкі Ф. А. Мыслівец паступіў у Рыжскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча харчавікоў, каб набыць спецыяльнасць па тэрмічнай апрацоўцы мяса і мясапрадуктаў — варцы, абсмажванні, вэнджанні. І адразу ж запісаўся ў музычны гурток. Там яму прапанавалі іграць на трубе. Гэта ў песні трубач — выдатны сусед, а ў жыцці — наадварот. Праз некалькі дзён заняткаў з новым інструментам на кватэры ў дзядзькі з усіх бакоў у сцены сталі стукаць суседзі, ім надакучылі спробы юнага музыкі асвоіць новы інструмент. Тады дзядзя купіў пляменніку першы ў яго жыцці баян. З ім ён і прыехаў па размеркаванні працаваць на Міёрскі мясакамбінат. Гэта быў 1965 год, прадпрыемства выпускала прадукцыю толькі некалькі месяцаў, усе вучыліся новым абавязкам і тэхналогіям, што не перашкаджала стварэнню калектыву мастацкай самадзейнасці. Так спецыяліст па тэрмічнай апрацоўцы мяса і мясапрадуктаў прадоўжыў сваё баяннае захапленне. А пасля службы ў арміі яно паступова стала жыццевызначальным, бо пайшоў працаваць лабарантам у Дварнасельскую СШ, а як паступіў на харавое аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча, пачаў выкладаць музыку і спевы.

 

З 1975 года і да выхаду на пенсію Феафан Андрэевіч Мыслівец працаваў музыкантам у садку №1. Не адно пакаленне малышні вучылася спяваць пад яго акампанемент. А з дарослымі ён праводзіў усе святы, удзельнічаў у канцэртах і аглядах мастацкай самадзейнасці. Думаю, гэты этап жыцця Феафана Андрэевіча міярчане яшчэ не забылі.

 

На здымках: Ф. А. Мыслівец (злева) неўзабаве пасля прызыву, ля танка ў час службы.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 сентября 2021
Александр, Алексей, Василий, Григорий, Дмитрий, Захар, Иосиф, Никита, Сергей, Анна, Афанасий

Именины 21 сентября 2021
Георгий, Иван, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта