Авторизация
 

Хачу зрабіць гэту зямлю прыгожай
Саветы і жыццё
Візітная картка
Старшыня Язненскага сельскага Савета Валянціна Мікалаеўна Фядзьковіч тутэйшая. Нарадзілася ў Канцэраве, закончыла Язненскую СШ. Пасля Аршанскага індустрыяльна-педагагічнага вучылішча працавала настаўніцай чарчэння і працы ў Лявонпалі. Калі тут школу закрылі, спрабавала сябе ў дзіцячым садку, у клубе, зноў вярнулася на педагагічную працу, толькі ў Празароках. За 10 кіламетраў туды ездзіла то на аўтамабілі, то на веласіпедзе. І так 10 гадоў, пакуль не перавялася ў Язненскую СШ сацыяльным педагогам. Дзелавая, энергічная, неўзабаве ёй даручылі ўзначаліць прафсаюзную арганізацыю школы. Арганізоўвала вечарыны, конкурсы і іншыя мерапрыемствы, пісала для іх сцэнарыі. І гэта пры тым, што выхоўвала дзвюх дачок. Адна трымала вялікую гаспадарку. Увесь гэты вялізны воз клопатаў быў ёй не ў цяжар. З энтузіязмам узялася за новую справу, калі выбралі старшынёй сельскага Савета.


— Працу на новай пасадзе пачала з добраўпарадкавання, — успамінае Валянціна Мікалаеўна. — Я тут нарадзілася і хачу зрабіць гэтую зямлю прыгожай. Напачатку былі могілкі. Да справы падключыліся многія вяскоўцы, падтрымалі. Прыбіралі, высякалі старыя дрэвы, устанаўлівалі агароджы. Ад цэнтра сельсавета гэтая работа паступова пераходзіць на пераферыю, хаця да канца яшчэ далёка.

З узвядзеннем аграгарадка ўзяліся за цэнтр вёскі, за тэрыторыю ля сельскага Савета. Утварылася брыгада з мясцовых хлопцаў. Гэта качагары Васіль Юршэвіч і Леанід Есялёніс, сацыяльны работнік Ігар Наркевіч. Ніколі раней у Язне не рабілі агароджы і падпорныя сценкі з каменя. Глядзела, як гэтай справай займаюцца іншыя, у прыватнасці, ездзіла ў Чэрасы. Спачатку навялі парадак ля будынка сельсавета па фасаду, на гэтым не спынімся. Каб паказаць прыклад іншым, шмат давялося папрацаваць на сваёй сядзібе.

Паступова ў гэтую справу ўцягваецца мясцовае насельніцтва. І раней у людзей было імкненне аздобіць свае сядзібы, стварыць для сябе ўсе магчымыя зручнасці, падтрымліваць у належным стане дом і двор, высаджваць кветкі. Цяпер такі рух набывае масавы характар. Практычна на кожнай вуліцы ёсць узорная сядзіба. Вось на Паркавай вылучаецца домаўладанне галоўнага ветурача Ігара Фёдаравіча Міхнёнка і яго жонкі Валянціны Сяргееўны, якая працуе ў нашым Савеце спецыялістам. Ёсць што паглядзець на сядзібе агранома Аляксея Леанідавіча і культработніка Анастасіі Леанідаўны Лаўрыновічаў.

На Юбілейнай лепшыя падвор’і ў пенсіянераў Паўла Пятровіча і Зінаіды Васільеўны Янушонкаў, работнікаў бальніцы Пятра Антонавіча і Дзіны Мікалаеўны Кавалёнкаў. Пералік можна працягваць літаральна па кожнай вуліцы. Падобная сітуацыя ў іншых населеных пунктах, дзе абапіраюся на старэйшын, а іх у сельсавеце 18. Асабліва актыўныя Вольга Фадзееўна Свірко, Лілія Вікенцьеўна Спірковіч, Валянціна Міхайлаўна Казельская, Аляксандра Андрэеўна Вайцяховіч, Наталля Фёдараўна Шыман, Зінаіда Аркадзьеўна Кубліцкая, Людміла Уладзіміраўна Басянок і іншыя.

Шмат кветак ля школы, наведзены парадак на тэрыторыі ПМС, ля аддзялення сувязі, СДК, а наш дзіцячы садок наогул лепшы ў раёне.


І ўсё ж не ўтрымаюся, каб напомніць пра адзіны санітарны дзень у кожную трэцюю пятніцу месяца. Настаў час прыбрацца перад халадамі.

Сацыяльная сфера ў сельсавеце вялікая: трэба ж задаволіць патрэбы амаль двух тысяч чалавек у 69 населеных пунктах. Акрамя ўчастковай бальніцы ў нас дзейнічаюць 3 ФАПы і аптэка, 5 магазінаў спажыўкааперацыі і тры прыватныя, рыначак, у аддаленыя населеныя пункты па графіку скіроўваецца аўтамагазін. Сама бачу нямала праблем у гэтай сферы, узнімаюць іх людзі ў час дзён інфармавання. Разлічваю паступова ўсё вырашыць. Тое ж можна сказаць пра ваду ў шэрагу вёсак. Але ж у нас з’явілася ўласная камунальная служба. Так што і тут павінны быць станоўчыя зрухі.

Прыняла да ўвагі напамін вяскоўцаў пра грэйдзіраванне і падсыпку вуліц і дарог. Апошнім часам знесена нямала старых будынкаў. Непрыемна, што пустуючыя сядзібы, якія засталіся, зарастаюць пустазеллем. Большай увагі патрабуюць асабістыя падсобныя гаспадаркі, хаця, здавалася б, нямала зроблена па паляпшэнню апрацоўкі агародаў і абмалоту пасеваў. Цяпер наш клопат — забеспячэнне насельніцтва палівам.

Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 12 мая 2021
Арсений, Артем, Василий, Иван, Федот

Именины 11 мая 2021
Виталий, Кирилл, Максим, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта