Авторизация
 

“Залатыя рукі” Федарэнкаў

"Золотые руки" Федоренков Зінаіда Дзмітрыеўна Федарэнка нядаўна адзначыла 60-гадовы юбілей. Жанчына ўжо на заслужаным адпачынку, але, як кажуць, —  "спакой нам толькі сніцца". Год назад адкрыла для сябе новае захапленне — вышыўку — і цяпер стварае прыгажосць сваімі рукамі. На яе карцінах цвітуць сланечнікі і чырвоныя макі, глядзяць удалечыню бесклапотныя сінічкі, стаяць даўганогія буслы… І гэта яшчэ не ўсе яе таленты.

 

Зінаіда Дзмітрыеўна нарадзілася ў в. Рабечына. Самой вёсачкі ўжо даўно няма, а нагадваюць пра яе толькі сасна з буслянкай. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў калгасе. З маленства прывучалі Зіначку і сыноў (яна з двайнятак, быў яшчэ і старэйшы брат) да акуратнасці, прывівалі любоў да працы, вучылі паважаць старэйшых. Такімі ж прынцыпамі потым кіравалася З. Д. Федарэнка і ўжо пры выхаванні сваіх дзяцей. Закончыла Мальцаўскую 8-гадовую школу, будаўнічае вучылішча ў Полацку, пасля стала працаваць маляром у Міёрскай ПМК-34. Адміністрацыя арганізацыі не раз узнагароджвала старанную Зіначку граматамі і каштоўнымі падарункамі. Была абрана дэпутатам раённага Савета.

 

Зінаіда Дзмітрыеўна выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Пасля дэкрэтнага водпуску  яе запрасіла працаваць буфетчыцай у бальніцы Тэрэза Іосіфаўна Голуб. Потым, ужо на пенсіі, яе папрасілі даваць водпускі малодшаму персаналу ў розных аддзяленнях, але больш па душы было дзіцячае. Згадзілася.

— Калектыў у нас выдатны. Тут вельмі лёгка працаваць, усе маладыя, а з імі і я адчуваю сябе маладой.

Як заўважыла ўрач-педыятр раённы Любоў Аляксандраўна Ажэль, непасрэдны начальнік Зінаіды Дзмітрыеўны, "гэта добры і пазітыўны чалавек. Ад яе зыходзіць станоўчая жыццёвая энергія. Мне здаецца, і ў сям'і яна такая ж. Адказная і шчырая. Добрыя дзеці, муж… Укладае ўсю душу ў сваё хобі".

 

Увесь вольны час жанчына прысвячае вышыўцы. Схемы бярэ з часопіса "Ксюша". А аднойчы пашчасціла пабываць у гасцях у В. І. Капшуль. Зінаіда Дзмітрыеўна звярнула ўвагу на вялікую колькасць чароўных карцін, якія ёй вельмі спадабаліся. Ванда Іосіфаўна падзялілася вопытам, а таксама дала дзве схемы, якія прывезла з Амерыкі. Так нарадзіліся "Домік у кветках" і "Вадаспад". А яшчэ жанчына цудоўна вяжа — уся сям'я на зіму забяспечана цёпленькімі рукавічкамі і шкарпэткамі, ды не простымі, узоры на іх сімпатычныя. Дачка Вольга  таксама "на ўсе рукі майстар" — і шые, і вяжа, і вышывае, хаця прафесія зусім не творчая — памочнік урача-эпідэміёлага. Старэйшы сын Дзмітрый працуе ў спартшколе. І ён таксама дапамагае выконваць любую работу. Бацькі вельмі задаволены, што дзеці выраслі годнымі, прывучаны да працы. Таму і стараюцца дапамагчы ім чым могуць. З іх падтрымкай дзеці пабудавалі кааператыўныя кватэры.

З асаблівай цеплынёй гаварыла жанчына пра свайго зяця, якім вельмі ганарыцца, не нарадуецца.

— Баюся перахваліць, — жартуе Зінаіда Дзмітрыеўна.

А на вокнах жанчыны красуе яшчэ адно яе захапленне — квітнеюць густымі шапкамі розныя кветкі—"калядная зорка", бальзаміны, грашовае дрэва і шмат іншай прыгажосці. Не адмаўляе, калі многія просяць флянчыкі.

 

Пашанцавала Зінаідзе Дзмітрыеўне з "другой палавінкай". Трэба пабачыць на свае вочы, як клапатлівымі рукамі Уладзіміра Уладзіміравіча зроблена мэбля ў прыхожай, як зайграў новымі фарбамі акуратна абабіты дошчачкамі балкон! А пасля гэтага, як адзначыла жанчына (язык не паварочваецца назваць яе пенсіянеркай!), прыйшоў яе "зорны час" — старанна шліфавала, фарбавала, наводзіла бляск. Дарэчы, Зінаіда Дзмітрыеўна сказала, што ружы ў іх сям'і — клопат мужа. Сам садзіць іх, а потым і даглядае. Эх, зайздросціце, жанчыны! Зараз іх сумесны "праект" — развядзенне пчол, да якога абодва падышлі вельмі сур'ёзна.

 

Летам галоўны адпачынак для душы — на дачы. Цяпер тут больш гаспадарыць Вольга, Зінаіда Дзмітрыеўна дапамагае. Вакол пануюць чысціня і парадак, і канешне, — мора кветак. Ну, а калі ў цябе ўсё дагледжана і акуратна, то і на душы радасна.

 

Алена ВАРОНІНА.

 

 

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 9 декабря 2022
Василий, Георгий, Даниил, Иван, Илья, Иннокентий, Михаил, Назар, Николай, Петр, Тихон, Юлиан, Афанасий, Яков

Именины 8 декабря 2022
Александр, Андрей, Василий, Виктор, Григорий, Иван, Иларион, Климент, Кузьма, Николай, Павел, Петр, Ярослав, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта