Согреться около солнечных натур

Согреться около солнечных натур 22 чэрвеня 1944 года перайшлі ў наступленне войскі 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў. Пачалася дакладна спланаваная і падрыхтаваная савецкім камандаваннем аперацыя “Баграціён”. Уся краіна з неаслабнай увагай сачыла за яе ходам. “Мужайся, родная Беларусь! Нядоўга табе засталося пакутаваць”, — пісала ў тыя дні “Правда” ў перадавым артыкуле. 

 

А пакут фашысцкая навала прынесла беларусам нямала. У гарадах, вёсках гітлераўцы расстралялі тысячы мірных жыхароў, якіх падазравалі ў сувязях з партызанамі. І не дзіўна, што полымя партызанскай барацьбы разгаралася з першых ваенных дзён. Аб гэтым расказваецца ў кнізе “Чацвёртая Беларуская партызанская брыгада”, якая дзейнічала і на тэрыторыі Міёршчыны. Спачатку была група Цімошына, якая займалася назапашваннем зброі, падборам людзей і інш.

 

Першымі сувязнымі з ліку грамадзянскага насельніцтва для лясных салдат стала сям’я Івановых. Пра гэтыя факты гаварылі ў размове са Святланай Васільеўнай Грыдзюшка і Людмілай Васільеўнай Палубіс — дочкамі Ганны Паўлаўны Івановай.

— Наша матуля змагалася ў трэцім партызанскім атрадзе, — адзначае Святлана Васільеўна, — з 4 кастрычніка 1942-га да 1 красавіка 1944 года.

 

... 5 кастрычніка Ганны Паўлаўны Івановай не стала. Яна нарадзілася 7 лістапада 1917 года. Працяглы час жыла ў Дзісне, настаўнічала. Пасля заканчэння вучылішча і інстытута ў Віцебску была накіравана ў Бачэйкаўскую школу Бешанковіцкага раёна. Фактычна гэта быў дзіцячы дом і школа.

 

Дочкі ўспамінаюць, што там працаваў іх бацька Васіль Антонавіч. Маладыя педагогі стварылі сям’ю. Бацьку давялося ўдзельнічаць у фінскай вайне.

— Вярнуўся з яе, мама цяжарная, — гаворыць Святлана Васільеўна. — 22 чэрвеня пачалася вайна, а 30-га мама нарадзіла мяне. Праз тры дні маладую матулю з дзіцём забралі бабуля і дзядуля, якія жылі ў Гарадоцкім раёне. Там жа былі і мае цёці Марыя і Іра на канікулах. Тэрыторыю акупіравалі захопнікі, тата пайшоў у партызаны. Зусім маленькай мяне выхожвалі дзядуля і бабуля. Дзядуля зрабіў зямлянку, недзе дастаў некалькі мяшкоў гароху. Ім і карміліся. У наваколлі фашысты спалілі ўсе дамы.

 

Неўзабаве немцы пачалі рэгістраваць мясцовае насельніцтва. Рабілася гэта хутчэй з тым разлікам, каб выявіць працаздольных і адправіць іх у Германію. Адзін з паліцаяў падказаў дзеду, каб той не спяшаўся адпраўляць сваіх дзяўчат на рэгістрацыю.

— Акцыя новых улад вельмі трывожыла маіх родных, — прадаўжае Святлана Васільеўна. — Таму мама і цёці вырашылі зрабіць выгляд, што пойдуць на рэгістрацыю, а самі падаліся ў партызаны. А я засталася з дзядулем і бабуляй. Па іх словах, было мне прыкладна паўгода.

 

Ганна Паўлаўна становіцца агентурнай разведчыцай партызан.

... Няпроста адраджалася мірнае жыццё. Па рашэнні Вілейскага абкама партыі была сфарміравана група, якую накіравалі ў Дзісну на аднаўленне горада. Прыехаўшыя вызначылі, дзе і што будзе размяшчацца.

— Тата быў прызначаны загадчыкам аддзела адукацыі, — працягвае размову Святлана Васільеўна, — а мама вучыла дзяцей у мясцовай школе, у якой адпрацавала шмат гадоў. Праўда, быў перыяд, калі бацьку накіравалі старшынёй калгаса ў Акунёва. Зразумела, жонка за мужам, як нітка за іголкай. Некалькі гадоў маці была завучам Акунёўскай СШ.

 

Дарэчы, Святлана Васільеўна Грыдзюшка ў свой час закончыла Магілёўскі педінстытут, працавала ў Клічаве на камсамольскай рабоце. Выйшла замуж за Алімпія Якаўлевіча. Праз нейкі час лёс сям’ю закінуў у Разань. Зноў камсамольская работа, а потым прафсаюзная. У 59 гадоў выйшла на пенсію.

 

Согреться около солнечных натур Малодшая дачка Ганны Паўлаўны — Людміла Васільеўна —працавала ўрачом-тэрапеўтам у Віцебску. Муж — ваенны. Сям’я і цяпер жыве ў абласным горадзе.

Людміла Васільеўна адзначае, што матуля педагагічнай дзейнасці аддавала ўсю сябе. У памяці яна засталася з кіпамі сшыткаў, за якімі сядзела ў начны час. Разам з дзецьмі хадзіла на экскурсіі па партызанскіх мясцінах. Магла з імі зімой пракаціцца з горкі. Была яна педагогам новай фармацыі, для якога жывая праца, творчы падыход на першым месцы. Многія яе вучні сталі вядомымі людзьмі, атрымалі званні прафесараў, кандыдатаў навук. У сямейным архіве медаль “За працоўную адзнаку”. Захоўваюцца таксама медалі “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і іншыя. Ёсць ордэн Айчыннай вайны другой ступені.

Дочкі ўспаміналі, што матуля была строгая, але справядлівая, камунікабельная. Ім запомніўся яе наказ: вучыцца, замужжа толькі пасля заканчэння інстытутаў. Гаварыла: “Не падводзьце мяне. Вы дзеці настаўніцы”.

На пахаванне Ганны Паўлаўны Івановай прыйшло многа жыхароў Дзісны. Былі вучні першага і другога выпускаў.

 

— Нас здзівіла і парадавала, — гаварылі дочкі, — што маці памятаюць, не забылі, хаця ў апошнія гады багата часу праводзіла ў Віцебску. Справа ў тым, што ў 2008 годзе яна зламала бядро. Ніхто не спадзяваўся, што стане на ногі. Пра гэта прама гаварылі ўрачы. Мама не паверыла і старалася зрабіць усё магчымае, каб урачэбны прысуд не спраўдзіўся. Выконвала фізічныя практыкаванні, якія, а ў дадатак моцная воля, зрабілі цуд. Яна стала хадзіць. Праўда, на зіму яе забіралі ў абласны цэнтр. Яна вельмі чакала летніх дзянькоў, каб зноў вярнуцца ў родны гарадок. Тут яна адчувала сябе лепш. Да яе заходзілі суседзі, былыя калегі, вучні. У нашых сэрцах матуля заўсёды застанецца з намі. Вельмі ўдзячны за дапамогу ў арганізацыі пахавання суседзям, знаёмым і блізкім, кіраўнікам мясцовай улады, былым вучням і калегам маці. Шчырая падзяка за чуласць і спагаду.

На здымку: Г. П. Іванова сярод ветэранаў-дзісенцаў (1-ы рад у цэнтры). 

Л. КАСАТЫ.

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.