Шчасце, калі добра ўсім у сям’і

Жнівеньскім ранкам застаць дома сям’ю Баўтотаў у поўным зборы не ўдалося. Старэйшы сын Андрэй знаходзіўся ў Віцебску. Ён заклапочаны паступленнем на вучобу, вырашаў свае пытанні самастойна, разлічваючы толькі на сябе. Яго брат 14-гадовы Максім таксама не бавіў час дарэмна, хаця многія равеснікі выкарыстоўваюць школьныя канікулы выключна дзеля адпачынку. Ён жа напружана працаваў увесь дзень на калгасным збожжатаку, хаця там не соладка—духата, пыл. Зразумела, што сёлетняя спёка больш вабіць да вадаёмаў. Аднак сям’і неабходны грошы. І ў яго, Максіма, таксама свае патрэбы. Тым больш, што яшчэ шмат чаго трэба купіць да школы. А вось трое малодшых дзетак былі дома. А гэта 9-гадовы Ванечка, жвавы, разумны і кемлівы хлопчык з прыгожым тварыкам. Ён толькі і чакае, каб хутчэй пайсці ў школу, бо вельмі любіць матэматыку. Любыя задачкі рашае з задавальненнем. Адзіная дзяўчынка Стэфанія—заўсёды ў цэнтры ўвагі. Сімпатычная, беленькая. Хаця 6 гадкоў толькі мае, але малодшага Мішутку выхоўвае. Тлумачыць яму, чаму таго нельга рабіць, а гэта—можна. Міша тут самы маленькі, яму толькі год і чатыры месяцы. Нядоўга ён пафарсіў у новых зялёных шортах, праз гадзіну-другую іх давялося зняць па пэўных прычынах.

Шчасце, калі добра ўсім у сям’і
Тата—прыемны малады чалавек з інтэлігентнай знешнасцю. Віктар Генадзьевіч Баўтот працуе ў школе. Ён—настаўнік працоўнага навучання, выхавальнік. 19 гадоў таму па размеркаванню трапіў у Дзісенскую школу-інтэрнат. Цяпер гэта дзіцячы дом. Выкладаў і ў гарадской сярэдняй. Сёлетні навучальны год пачне ў Туркоўскай СШ. Стрыманы, далікатны, працалюбівы. Зразумела, што як сваім, так і чужым дзецям ён здольны даць многае. Яго ўмелым рукам падуладна літаральна ўсё. За якую справу ні возьмецца, усё зробіць, давядзе да ладу найлепшым чынам. І як выхавальнік здольны на многае. Знойдзе падыход да любога. А ў дзіцячы дом, зразумела, трапляюць выхаванцы не ад добрага жыцця, а таму не без парушэнняў у псіхіцы. У рабоце з такімі складанасці і маніпуляцыі непазбежны. Без тонкай псіхалагічнай стрункі тут аніяк. Усе неабходныя якасці Віктару Генадзьевічу ўласцівы. Як муж і тата, як сем’янін, як сын—ён таксама, без перабольшвання, узорны. Таму і патрэбны ўсім. Яго любяць, ім даражаць.

—О-о-о! Без нашага таты мы ніяк!—прыціскаючы малога да грудзей, задумліва зазначае Тэрэза Іосіфаўна.—Ён для нас усё. Яна яшчэ шмат чаго добрага гаварыла пра мужа. Ён жа ўсяго гэтага не чуў, бо займаўся з дзецьмі ў другім канцы дома.

Жанчына справядліва лічыць, што ёй не інакш, як пашанцавала ў жыцці, у яе цудоўная сям’я, дом, неабходная гаспадарка.

—Ці цяжка з дзецьмі?—цікаўлюся.
—Чаго?—не без здзіўлення адказвае яна пытаннем.—Усё само сабой. Абы здаровыя былі. Хлопцы старэйшыя мне клопатаў ніколі не дастаўлялі, па танцах “не лёталі”. З малымі таксама праблем асаблівых няма. І нічога тут страшнага няма, калі дзяцей шмат. Пяцёра, плюс я з мужам. Нармальная сям’я—сем “Я”. Самае вострае пытанне ў нас—гэта фінансы. Грошай катастрафічна не хапае. Эканомім на самым неабходным. Год стаіць аўтамабіль—не можам адрамантаваць з-за недахопу сродкаў. Шкада, што не атрымліваецца. Машына нам вельмі патрэбна. За электраэнергію шмат плацім, бо бойлер купілі. Крэдыты аформлены на мяне і мужа. Камп’ютэр набылі за дзяржаўную пазыку, пральную машыну-аўтамат. Паглыбілі калодзеж на 4 кальцы. Хаця вады ўсёроўна мала.
Сямейны бюджэт прыкладна 1200000 рублёў. На сем чалавек пры ўсіх расходах такой сумы мала. Таму даводзіцца выкручвацца.

Вырошчваем агародніну, гадуем коз, курэй. Сабраць дзяцей у школу для нас складана, бо купляць трэба шмат. Пры нараджэнні 5-га дзіцяці выплацілі аднаразовую дапамогу—1640 тысяч рублёў. Гэтых грошай хапіла на два шклопакеты. Цудоўна, што іх паставілі. Зімой такія халодныя вятры дзьмулі, а ў пакоі было цёпла.

Жанчына задаволена новымі вокнамі, а самім жыллём яшчэ больш. З нараджэннем пятага малога дом за 26 мільёнаў поўнасцю стаў іх уласнасцю. Адпала неабходнасць выплочваць 40-гадовы крэдыт. Можна жартам сказаць, што карапуз Мішутка купіў усім вось гэты вялізны дом. Грошы цяпер патрэбны на рамонты ды рэканструкцыі.

Тэрэза Іосіфаўна расказвае крыху пра сябе. Нарадзілася ў сям’і сялян-працаўнікоў 40 гадоў таму ў вёсцы Лазовікі Германавіцкага сельсавета Шаркаўшчынскага раёна. Школу заканчвала ў Германавічах. Яе маці Марыя Пятроўна выйшла з сям’і, у якой гадавалася 11 дзяцей. З вялікай любоўю расказвала яна дачцэ пра родных людзей. Менавіта 11 хлопчыкаў і дзяўчынак нарадзіла яе бабуля Стэфанія Амбросьеўна. Унучка памятае яе худзенькай, жвавай. Дарэчы, пражыла бабуля 96 гадоў, а нарадзілася яна ў 1896-ым. Выхавала ўсіх сваіх дзяцей дастойнымі людзьмі. Жыць сумленна, працаваць, паважаць людзей—гэтая простая навука перадавалася з пакалення ў пакаленне. Цяпер Тэрэза Іосіфаўна, спазнаўшы мацярынства, выхоўвае сваіх дзяцей, выкарыстоўваючы ўласны жыццёвы вопыт. Не так страшна, што не хапае грошай, іх заробяць. Пройдзе час, і старэйшыя сыны цвёрда стануць на ногі. Многія цяперашнія мары стануць у будучым рэальнасцю. Галоўнае, што выхоўваюцца дзеці Баўтотаў у чыстай духоўнай атмасферы. Як бы цяжка ні было—не возьмуць чужога, як бы моцна крыўда не адольвала—не ўдараць іншага, даруюць. Са слабага не пасмяюцца, а дапамогуць яму. Зразумела, што асноўныя ўрокі выхавання дзеці Баўтотаў атрымліваюць дома. А ў гэтым заслуга іх бацькоў—Тэрэзы Іосіфаўны і Віктара Генадзьевіча.

Эвеліна БАГДАНОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.