Социальному кафе "Серебряный возраст" - 5 лет!
gazeta 14-02-2026, 12:10 1 078 Грамадства
Сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост» у канцы снежня 2020 года адкрылася на базе аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН у першую чаргу як пляцоўка для навучання камп’ютарнай граматнасці жыхароў раёна пенсіённага ўзросту. За пяць гадоў пашырыліся накірункі дзейнасці, колькасць удзельнікаў узрасла ўдвая. Вынікі падвялі на сустрэчы, прысвечанай першаму юбілею праекта.
Сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост» – сумесная ініцыятыва аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН і раённай ветэранскай арганізацыі. Яна ўвайшла ў лік пераможцаў конкурсу грамадскіх ініцыятыў, што праходзіў у рамках праекта «Міёрскі раён: разам для грамады і прыроды». Асвоіць азы камп’ютарнай граматнасці тады пажадалі 60 пенсіянераў. У большасці міярчане, прыязджалі на ўрокі дзісненцы. Акрамя заняткаў ладзілі сустрэчы з суб’ектамі прафілактыкі. Пастаяннымі гасцямі сталі супрацоўнікі банкаў, раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, выратавальнай станцыі, раённай бальніцы і іншых устаноў. Дыялогавыя пляцоўкі застаюцца актуальнымі, а колькасць наведвальнікаў вырасла да 125 чалавек, нагадала пра пачатак і акцэнтавала ўвагу на прамежкавых выніках загадчык аддзялення Ганна Ліскова.
Падчас сустрэчы з нагоды пяцігадовага юбілею кафэ прыгадалі яркія моманты праз фотапрэзентацыю. На здымках – экскурсіі ва ўстановы горада, па раёне і за яго межы; майстар-класы па розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, турніры па шашках і шахматах, марафоны па скандынаўскай хадзьбе, удзел у конкурсах і фестывалях.
– Кожны год яркі і насычаны, – заўважае загадчык аддзялення. – У нас з’явіліся добрыя сябры – клубы «Суседачкі» ў Чэрасах, «Ладачкі» ва Узмёнах, «Залаты ўзрост» у Дзісне. Наведваемся адзін да аднаго з творчымі візітамі. Сталі традыцыйнымі экскурсійныя паездкі. Іншымі вачыма пабачылі Верхнядзвінск, Полацк, Дзісну. У новым ракурсе адкрыўся Лявонпаль праз расповяд нашага паважанага краязнаўцы Вітольда Ермалёнка. У ліку любімых мерапрыемстваў – Дні імянінніка, якія праходзяць цёпла, весела, крэатыўна. Актыўнічаем у конкурсах і фестывалях. Прымалі ўдзел у міжраённых флэшмобе «Песні старых гадоў», конкурсе «Тэрыторыя танца», фестывалі «Таленты залатога пакалення», турзлёце ў Паставах. Гэта толькі асобныя прыклады.
Віруе жыццё ў «Сярэбраным узросце». Хтосьці тут з першых дзён, хтосьці далучыўся да актыўнай творчай каманды нядаўна. Як заўважаюць наведвальнікі, перш-наперш іх вабіць магчымасць стасункаў.
– Паглядзелі фотапрэзентацыю – нібы сямейны альбом пагарталі. Чаму сямейны? За гэты час мы сталі роднымі людзьмі. Вялікі дзякуй спецыялісту па сацыяльнай рабоце Міраславе Плотнікавай, якая не шкадуе асабістага часу, рыхтуючы для нас фотаэкскурсы, – дзеліцца актывістка аддзялення Вольга Мароз. – У першую чаргу прыходжу сюды за стасункамі. Ёсць дзеці і ўнукі, але яны далёка, ёсць муж, але ён на рабоце, ёсць «Аліса», але з ёй не пагаворыш па душах. Тут жа цёплыя сустрэчы, цікавыя размовы, творчыя справы.
Падарунак ад пастаяннай наведвальніцы – сімвал 2026 года, створаны сваімі рукамі. Гурткі па рукадзеллі – таксама адзін з накірункаў дзейнасці аддзялення.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара і з архіва рэдакцыі.



