Летописец Миорщины отмечает 80-летие
gazeta 6-02-2026, 14:19 5 440 Грамадства / Юбілей
Гэтымі днямі святкуе 80-годдзе наш дарагі калега Леанід Аляксандравіч Матэленак. Супрацоўнікі рэдакцыі – былыя і сённяшнія – шлюць яму сваё прывітанне. Дзякуем за вопыт і веды, якімі шчодра дзеліцеся, за неверагодную падтрымку, за тое, што Вы заўсёды побач: і падчас радасных момантаў, і ў самых складаных сітуацыях!
Леанід Аляксандравіч! Даражэнькі! Невыпадкова кожны асабісты рубеж – юбілей – святкуеце разам з раёнкай, толькі з разбежкай у некалькі месяцаў. Зноў сышліся дзве цудоўныя даты. Вам – 80, раённай газеце – 85. Чаму невыпадкова? Бо ўсё працоўнае жыццё, увесь прафесіяналізм, усю любоў да роднага краю звязалі з рэдакцыяй. Па праве заслугоўваеце званне галоўнага летапісца Міёршчыны.
Прыгадваць біяграфію не будзем. Гэты ліст – удзячнасць ад калег, землякоў, чытачоў раёнкі. Вы і сёння застаяцеся ў страі, радуючы сваіх прыхільнікаў публікацыямі на старонках газеты, сустрэчамі на мерапрыемствах.
На першы погляд, лічба 80 ніяк не дапасуе Вам. Па-ранейшаму бадзёры, актыўны і з агеньчыкам у вачах. Калі паразважаць, гэтая дата – сімвал бясконцасці і асабістага поспеху з лікам 8:0 на Вашу карысць.
Вы годна выканалі і выконваеце ўсе сацыяльныя ролі: галавы вялікай сям’і, дбайнага гаспадара, адмысловага прафесіянала, апантанага краязнаўцы, актывіста ў грамадскім жыцці, здольнага павесці за сабой іншых. Вы – шматгранная асоба, з якой цікава размаўляць на любую тэму. І апошняе слова заўсёды застанецца за Вамі. Важкае слова. Вы – мудры дарадца, за парадамі якога стаіць багаты жыццёвы вопыт.
Леанід Аляксандравіч і сёння на сувязі з рэдакцыяй. Так, прыярытэты змясціліся – у апошнія гады больш часу аддае сям’і, на што раней не заўсёды хапала часу. Аднак яго няўрымслівай творчай асобе не з рукі сядзець на месцы, таму з радасцю перыядычна атрымліваем яго «прывітанні» на розныя тэмы, напісаныя акуратным почыркам, і беражліва перадаём іх чытачам праз друкаваныя радкі.
Рабоце трэба аддаваць душу, лічыць Леанід Аляксандравіч. І ён аддаваў і працягвае ўкладваць сябе ў кожную справу, якой займаецца. Даражэнькі наш калега! Мы даўно здагадаліся, што пенсія – гэта толькі прыкрыцце.
Паважаны Леанід Аляксандравіч, з юбілеямі! З вашым днём нараджэння і датай, з якой бярэ адлік гісторыя раённай газеты. Няхай кожны дзень прыносіць толькі радасць і шчасце, прыемныя сустрэчы і добрыя навіны.
Вашы «Міёрскія навіны».
ДАРЭЧЫ
З юбілеем Леаніда Матэленка павіншавала кіраўніцтва раёна і былыя калегі. З падарункамі завіталі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Галіна Гур’ева. Уручылі грамату райвыканкама, і пажадалі моцнага здароўя, пазітыву і доўгіх актыўных гадоў жыцця.
А вось якім убачыў Леаніда Аляксандравіча чат GPT па падказцы калег.
Восемдзесят – лічба светлая,
Звыш паўстагоддзя – у друку, у слове.
Газета – дарога нязменная,
Вы з ёй і ў працы, і ў размове.
Кнігі – дзве зоркі над Міёршчынай роднай,
Радкоў – мільёны, сустрэч – не злічыць.
І сёння Вы ў страі, з душою свабоднай,
І сэрца нястомнае працягвае пісаць і гучыць.
Калегам на памылкі толькі «пальчыкам махаў»,
А сам з энтузіязмам «у лёты» ад’язджаў.
Адыход на пенсію пошук не спыніў,
Працягваюцца клопаты на мностве творчых ніў.





