Хозяйка агроэкоусадьбы "Озерная " в Перебродье Валентина Пальчех замечает, что второй сезон прошел успешно

 Разам з цёплымі днямі заканчваецца пара адпачынку. Гаспадыня аграэкасядзібы «Азёрная» ў Пераброддзі Валянціна Пальчэх заўважае, што другі сезон прайшоў паспяхова. Прыняла больш за сорак адпачывальнікаў. Як правіла, гэта былі сем’і, якія прыязджалі на пяць – дзесяць дзён.

Адпачынак на сяле – выбар гараджан

Аграэкасядзіба «Азёрная» знаходзіцца на аднайменнай вуліцы на беразе возера Набіста. Выбіраючы назву, гаспадыня спынілася на класічным варыянце. Першых адпачывальнікаў прынялі ў мінулым годзе. Пачыналі з чатырох месцаў, у гэтым сезоне павялічылі іх колькасць да дзевяці. «Азёрная» пазіцыянуе сябе як аграэкасядзіба для сямейнага адпачынку.

– Калі дзеці рамантавалі дом і добраўпарадкоўвалі тэрыторыю, нават думак не было пра аграэкасядзібу. Рабілі для сябе. Ідэя з’явілася па завяршэнні работ. У сына і дачкі рэдка атрымліваецца тут час праводзіць, вось і вырашылі адкрыць аграэкасядзібу. Каб дом жыў, каб тут з камфортам адпачывалі людзі, – расказвае Валянціна Васільеўна, якой адвялі ролю гаспадыні.

 Сваю справу зрабіла рэклама на турыстычных маркетплэйсах. Адпачыць у цішыні на сельскім прыволлі, любуючыся маляўнічым азёрным пейзажам, едуць жыхары вялікіх гарадоў. Са слоў гаспадыні, часцей прымае адпачывальнікаў са сталіцы, сёлета былі госці з Расіі.

– Дзесяць дзён адпачывала сям’я з Мінска. Яны год таму тут былі, спадабалася, сёлета вярнуліся. Адразу дзве сям’і на некалькі дзён наведаліся. У мінулыя выхадныя прымала сям’ю, якая прыязджала на экасвята, – распавядае суразмоўніца. – Адпачывальнікі не ўвесь час на сядзібе праводзяць. Падарожнічаюць у Браслаў, на Ельню і так далей.

«Усё зроблена з любоўю»

У распараджэнні адпачывальнікаў цяпліца і агарод, дзе можна пачаставацца свежымі зяленівам, агуркамі, памідорамі.

Як заўважае гаспадыня, клопаты на зямлі – яе захапленне. Любіць кветкі, іх таксама на прасторным двары багата. У вазонах растуць суніцы, пачаставацца якімі асабліва любяць маленькія адпачывальнікі.

– Шмат гадоў аграномам адпрацавала, даўно на пенсіі. Гэты дом калісьці ад гаспадаркі атрымала, пасля выкупіла, – гаворыць суразмоўніца. – Шмат уклалі сюды дзеці. Усё зроблена з любоўю.

 Прасторна і ўтульна ў доме. На кухні адразу звяртаеш увагу на дэкаратыўную печ. У гасцёўні дадае ўтульнасці камін. Камфортныя санвузел і душ. Да гэтага сезону абуладкавалі другі паверх, куды вядзе драўляная лесвіца і адкуль адкрываецца прывабны від на возера. За некалькі метраў ад берага – лазня, якую таксама абнавілі да сёлетняга сезону. Адпачывальнікі могуць пазагараць на шэзлонгах, пракаціцца па возеры на сапбордах, парэлаксіраваць у гамаку.

Побач з домам – шырокія арэлі і альтанка з печчу, дзе зручна смажыць шашлыкі, варыць юшку.

– Планаў яшчэ шмат. У дзяцей пастаянна новыя ідэі з’яўляюцца, – заўважае Валянціна Васільеўна.

У ролі гаспадыні аграэкасядзібы яна адчувае сябе камфортна. Стасункі з людзьмі былі пастаянным складнікам на рабоце, а цяпер уносяць новыя фарбы ў пенсіённыя будні.

– Пакуль здароўе дазваляе, буду гасцей прымаць, – гаворыць суразмоўніца. – Ужо з вясны месцы браніруюць. Ад’язджаюць задаволеныя. Мне радасна, што людзі хораша тут адпачылі.

 Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий