Александр и Вероника Ломашы из Повятья считают, что семья держится на любви и доверии
gazeta 16-05-2025, 14:27 1 026 Грамадства / Сямейны лад
Любоў і давер. На гэтым будуецца і трымаецца сям’я. Так лічаць Аляксандр і Вераніка Ломашы з Павяцця. Трэці складнік – дзеці. Іх усмешкі і капрызы, поспехі і складанасці, цёплыя абдымкі і падрабязныя размовы пра свае дзіцячыя справы саграваюць і напаўняюць радасцю сэрцы бацькоў.
– Без дзяцей сям’ю не ўяўляю, – падкрэслівае Вераніка. – Я вырасла ў шматдзетнай сям’і: нас сямёра. Колькі ў мяне дзетак будзе, не загадвала. Выхоўваем з мужам Аляксандрам двух сыноў і дачушку. Усе трое – наша шчасце.
Стараецца ў вучобе і радуе бацькоў добрымі адзнакамі шасцікласнік Ула-дзіслаў. Вольны час любіць бавіць з сябрамі за гульнямі ў салдацікаў, якіх сам майструе з паперы. Марыць пра службу ў арміі, пажадана – у пагранічных войсках.
– Нават не ведаю, у каго ён такі патрыёт, – усміхаецца маці. – Відаць, адыгралі сваю ролю расповяды таты – ён у пагранвойсках служыў. Яшчэ больш узрасла цікавасць, калі ў Ідолта з’явіўся пагранічны пост.
Дачушка Даша заканчвае першы клас. Са слоў маці, у дзіцячы садок ішла не вельмі ахвотна, а вось на ўрокі кро- чыць з радасцю. Дома любіць разам з мамай пагаспадарыць на кухні. Малодшаму сыну Мікіту хутка споўніцца чатыры гады, асаблівы інтарэс, як і многія хлапчукі яго ўзросту, праяўляе да тэхнікі.
У выхаванні дзяцей бацькі прытрымліваюцца агульнага погляду: каб раслі дружнымі, цанілі тату з мамай і іх клопаты пра сям’ю, вучыліся гаварыць праўду, якой бы яна ні была, самастойна спраўляліся з пасільнымі хатнімі справамі. Так, за парадкам і чысцінёй у сваіх пакоях старэйшыя дзеці сочаць самі, памыць падлогу для іх не праблема. Часу на гульні ў малых таксама хапае. Цёплай парой самі прыдумваюць сабе забавы на падворку, халоднымі вечарамі любяць бавіць час з бацькамі за настольнымі гульнямі ці сумесным праглядам фільмаў.
– Больш часу разам праводзім зімой. Летам у мяне клопаты на агародзе, муж трактарыстам-машыністам працуе, дадому позна вяртаецца, – расказвае суразмоўніца. – Гадаванцаў трымаем: свінні і куры. Без падсобнай гаспадаркі сельскі ўклад жыцця не ўяўляем. Павінна быць жывёла на падворку.
Як заўважае Вераніка, яны з мужам – сельскія жыхары. Любяць вёску за яе цішыню і спакой, размераны рытм. Горад абодвум не па душы.
Шматдзетная сям’я пакуль жыве ў доме, які прадаставіла сельгаспрадпрыемства. Набылі у аграгарадку ўласнае жыллё, паступова робяць рамонт.
Да водпуску па доглядзе дзіцяці Вераніка – повар і швачка па дыпломе – працавала ў сталовай ВУПКУ «Міёрскі». Са снежня мінулага года асвойвае паштовую справу – узначальвае аддзяленне сувязі ў Павяцці.
– Пакуль яшчэ ўзнікаюць складанасці, не ўсё зразумела, кансультуюць калегі з райцэнтра. Спадзяюся, з часам будзе прасцей, – заўважае суразмоўніца. – Графік работы зручны. Дастаткова часу застаецца на хатнія справы і сям’ю.
Адна з завядзёнак Ломашаў – сумесныя вячэрнія чаяпіцці, за якімі дзеці з ахвотай расказваюць бацькам, як прайшоў іх дзень, што цікавага адбылося, як справіліся з той ці іншай сітуацыяй. Гэтыя звычайныя размовы яшчэ больш збліжаюць сям’ю, умацоўваюць давер, памнажаюць любоў. Па магчымасці бацькі і дзеці выпраўляюцца ў паездкі. Наведваюць родных у Міёрах, пазнаёміліся з адметнасцямі Браслава і Верхнядзвінска. Плануюць пабываць у іншых гарадах.
– Хочацца, каб пара дзяцінства запомнілася нашым сынам і дачушцы мноствам яркіх цёплых момантаў, якія мы правялі разам, – гаворыць Вераніка. – Час ляціць. Кажуць, чужыя дзеці хутка растуць. І свае таксама. А так хочацца надаўжэй затрымацца ў іх дзяцінстве. Назіраць за іх стасункамі і забавамі, радавацца іх поспехам, дапамагаць спраўляцца са складанасцямі і атрымліваць ад усяго гэтага асалоду.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял з архіва сям’і ЛОМАШ.





