Творчество всегда рядом с дисненчанкой Ириной Ядревской

 З 18 снежня 2024 года Дзісненскім гарадскім Домам рамёстваў загадвае Ірына Мікалаеўна Ядрэўская.

У творчай установе Ірына Мікалаеўна працуе з 2022 года. Швачка па дыпломе раней была занята ў мясцовым філіяле «Віцябчанкі», затым шыла ў школе-інтэрнаце, пасля была пакаёўкай у гасцініцы.

У Доме рамёстваў пачынала як майстар маляванкі, пасля адкрыла для сябе перавіць – вышыўку па філейнай сетцы. Стварае копіі абрусаў-сетак, якія майстравалі ў 30-я – 50-я гады на Міёршчыне. Вышыўка перавіць па сетцы прэтэндуе стаць элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыцы.

– З прызначэннем на пасаду загадчыка дадалося адміністрацыйных і арганізацыйных клопатаў: планы, справаздачы, конкурсы, паездкі, удзел у мерапрыемствах і так далей. Гэта займае значую частку часу, аднак творчасць заўсёды побач са мной, – заўважае Ірына Мікалаеўна. – Загадваю Домам рамёстваў толькі тры з паловай месяцы, але з першых дзён адчуваю падтрымку калектыву, кіраўніцтва сектара культуры. Ёсць да каго звярнуцца за парадай. Установа працуе па сваім творчым распарадку, штат укамплектаваны, працягваем удзельнічаць у конкурсах.

Да прыкладу, цяпер дзісненскія майстры рыхтуюцца да абласнога конкурсу «Ад гаспадара да гаспадыні», дзе прадставяць рэчы хатняга ўжытку ў розных тэхніках, і да сувенірнай выставы «Вясновы букет», што пройдзе ў маі ў Мінску. Да выставы-продажу «Свет жанчын», якую ладзілі ў Віцебску, майстравалі жаночыя ўпрыгожанні: завушніцы, бусы, падвескі з бісеру, скуры, дрэва, тканіны.

Разьба па дрэве, пэчворк, вязанне кручком, бісерапляценне, вышыўка перавіць, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – тыя накірункі, па якіх працуе Дзісненскі гарадскі Дом рамёстваў. Сувенірная прадукцыя майстроў карыстаецца попытам на святочных мерапрыемствах у раёне і за яго межамі, у тым ліку на «Славянскім базары» ў Віцебску.

Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий