Волонтёрское движение

Волонтёрское движение На мінулым тыдні ў Віцебску праводзіўся “Круглы стол” па выніках міні-ініцыятыў валанцёрскага руху ў рэгіёнах. Наш праект “Жыццё новых магчымасцяў” быў адзначаны як адзін з найбольш паспяховых. Ва ўрачыстай абстаноўцы нам уручана “Удзячнае пісьмо” старшыні Віцебскай грамадскай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа за значны ўклад у развіцці валанцёрскага руху.

 

Спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання маладых інвалідаў ТЦСАН сталі ініцыятарамі праекта “Жыццё новых магчымасцяў”. Гэтая творчая задума была з поспехам рэалізавана. Істотную дапамогу мы адчулі ад добраахвотнага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”.

 

Ажыццяўленне праекта пачалося з інфармацыйнай сесіі “Добры дзень, валанцёр!”, дзе наша моладзь мела магчымасць бліжэй пазнаёміцца між сабой, даведацца шмат новага і цікавага пра дзейнасць Чырвонага Крыжа, змястоўна правесці час сярод сяброў і аднадумцаў.

 

З найбольш актыўных  маладых інвалідаў, якія нераўнадушныя да чужых праблем, быў створаны валанцёрскі атрад “Тэрыторыя мары”. Праведзены шэраг мерапрыемстваў і дабрачынных акцый, прымеркаваных да Дня моладзі. Заключным этапам стала ўрачыстае шэсце па вуліцах горада з плакатамі, шарамі і сімволікай Чырвонага Крыжа.

 

Наступным мерапрыемствам стаў паход на прыроду з мэтай збору лекавых траў і пладоў, што дазволіла папоўніць фіта-бар аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў. Памятаецца, як тады прырода шчодра адарыла валанцёраў цудоўным надвор’ем, разнатраўем, грыбамі, сасновымі шышкамі, дзівоснымі галінкамі, спелымі пладамі шыпшыны, рабіны і інш. А час, праведзены сумесна, палепшыў настрой і падараваў зарад бадзёрасці.

 

Запамінальнай і насычанай добрымі справамі стала акцыя “Падзяліся цяплом душы сваёй”. На працягу тыдня маладыя інваліды рыхтавалі віншавальныя паштоўкі, шылі маляўнічыя рэчы для кухні, афармлялі букеты з восеньскіх кветак. Збіралі ўраджай таматаў і перцаў, самастойна вырашчаных у цяпліцы. З агародніны, падзелак і віншавальных паштовак былі сабраны харчовыя пакеты. А 1 кастрычніка, у Дзень пажылога чалавека, атрад валанцёраў наведаў састарэлых людзей у бальніцах, на даму. Бабулям і дзядулям былі ўручаны падарункі, у іх адрас прагучалі віншаванні. Зразумела, такія моманты даставілі ўсім шмат прыемных пачуццяў, душэўнай цеплыні, незабыўных уражанняў.

 

Тыдзень-акцыя “Стварай дабро” быў прымеркаваны да Дня інваліда і праведзены з мэтай збору сродкаў для аказання дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. У ходзе акцыі валанцёры ў магазінах горада расказвалі людзям аб ідэі акцыі і прапаноўвалі, зрабіўшы пакупку сабе, пакінуць у карзіне невялікі падарунак для інвалідаў. Трэба адзначыць, што ёмістасць для ахвяраванняў праз пэўны час была запоўнена. Усе гэтыя дабрачынныя падарункі ўручаны дзецям-інвалідам ЦКРНіР, а таксама інвалідам-калясачнікам на даму.

Заключным этапам праекта стала творчая справаздача пад назвай “Свята ўраджаю”, дзе падведзены вынікі работы, вызначаны лепшы валанцёр, адзначаны заахвочвальнымі падарункамі найбольш актыўныя.

 

Т. ШУЛЬГА,

загадчык аддзела ТЦСАН.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.