Прогулка по Миорам для тонуса тела и духа

Занятия скандинавской ходьбой дарят хорошее настроение и улучшают самочувствие. Это утверждают участницы проекта "БодраVita60+", который реализуется в отделении для пожилых людей ТЦСОН совместно с районной организацией Белорусского Общества Красного Креста. Устраивали совместные прогулки в течение лета, присоединились к районному и республиканскому марафонам по скандинавской ходьбе, которые прошли в сентябре.

 Заняткі скандынаўскай хадой дораць добры настрой і паляпшаюць самаадчуванне. Гэта сцвярджаюць удзельніцы праекта «БодраVita60+», які рэалізуецца ў аддзяленні для пажылых людзей ТЦСАН сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Ладзілі сумесныя прагулкі на працягу лета, далучыліся да раённага і рэспубліканскага марафонаў па скандынаўскай хадзе, што прайшлі ў верасні.

Месца правядзення марафонаў – гарадскі парк «Паўвостраў». Перш чым скіравацца на прагулку, любуючыся прывабным восеньскім наваколлем, абавязкова выканаць размінку. Далей кожны ідзе ў звыклым для сябе тэмпе, атрымліваючы асалоду ад працэсу.

– Першы раз на марафоне. Прыйшла за кампанію з сяброўкай, – гаворыць Зоя Ігнатаўна Кавалеўская. – У мяне праблемы з суставамі, таму шмат і доўга хадзіць не атрымліваецца. І ўсё ж час ад часу займаюся скандынаўскай хадой. Дзеці палкі падарылі.

 Здаровы лад жыцця выбрала для сябе Вікторыя Антонаўна Усовіч:

– Вырашыла, што трэба рухацца. Хоць мне таксама суставы баляць. Між тым кожную раніцу раблю зарадку, наведваю фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Стала лепш сябе адчуваць. Гэтым летам пачала займацца скандынаўскай хадой. Кожны вечар гуляю па 45 хвілін, ногі цяпер не так баляць. На марафон прыйшла прыемна і карысна правесці час у добрай кампаніі.

Праходзіць 10 000 крокаў штодня ставіць сабе за мэту Алена Паўлаўна Іванова. Да пачатку марафона яе крокамер ужо паказваў 8 000. Як звычайна, у шэсць раніцы займалася скандынаўскай хадой на гарадскім стадыёне: прайшла пяць кругоў, што складае два кіламетры. Да паўвострава таксама пешшу прагулялася.

– Люблю спорт. У свой час аквааэробікай займалася. Пасля з-за праблем са здароўем давялося зменшыць фізічныя нагрузкі. Сёлета пачала практыкаваць скандынаўскую хаду.

 Пастаянная ўдзельніца марафонаў па скандынаўскай хадзе – Ніна Іванаўна Ігошына. Практыкуе і простыя пешыя прагулкі. Дома займаецца з гантэлямі і фітболам. Шмат гадоў гуляе з палкамі Ніна Міхайлаўна Федуковіч, каб трымаць у тонусе сэрца і суставы.

– Працуюць мышцы ног – працуе сэрца. Так мне ўрачы сказалі. Гэтая правіла засвоіла і пастаянна яго прымяняю, – бадзёра заўважае суразмоўніца.

Узрост большасці ўдзельнікаў марафонаў – ад 60 гадоў. Самай старэйшай – Таццяне Антонаўне Дзергачовай – 84. Аднак усе выглядаюць бадзёрымі, падцягнутымі і маладзейшымі за лічбу ў пашпарце. Сакрэт у станоўчых эмоцыях, якія дораць цікавыя заняткі, сярод якіх скандынаўская хада.

Кацярына Рынкевіч.
Фота аўтара. 

0 комментариев

Добавить комментарий