Магазин - нечто большее, чем просто место работы для Елены Федорец из Миорского района

Самый важный навык, которым нужно обладать современному человеку, - гармонично жить в мире, меняющемся на высокой скорости. Это утверждают психологи. Вряд ли такой совет будет актуальным для продавца Елены Федорец из деревни шараги Николаевского сельсовета. Ритм ее жизни спокойный, наполнен отношениями с дорогими людьми, привычными и любимыми хозяйственными и трудовыми заботами.

 Самы важны навык, якім трэба валодаць сучаснаму чалавеку, – гарманічна жыць у свеце, што змяняецца на высокай хуткасці. Гэта сцвярджаюць псіхолагі. Наўрад ці такая парада бу-дзе актуальнай для прадаўца Алены Федарэц з вёскі Шарагі Мікалаёўскага сельсавета. Рытм яе жыцця спакойны, напоўнены стасункамі з дарагімі людзьмі, звыклымі і любімымі гаспадарчымі і працоўнымі клопатамі.

30 гадоў Алена Федарэц занята ў гандлёвай сферы. Выбраўшы па прыкладзе маці прафесію прадаўца, пасля не імкнулася спрабаваць штосьці іншае. Уладкаваўшыся ў магазін у родных Шарагах, месца працы не змяняла. Тым больш не ўзнікала думак кудысьці пераехаць з малой радзімы, хоць цяпер тут не так шматлюдна, як у гады яе дзяцінства і юнацтва.

– Усё жыццё з Шарагамі звязана. Тут вырасла, замуж выйшла, двух сыноў з мужам выхавалі, радуе гадавалы ўнучок, – дзеліцца суразмоўніца. – Школьніцай часта прыходзіла ў магазін маці дапамагаць. Яна 45 гадоў у гандлі адпрацавала. З іх 15 мы разам тут за прылаўкам стаялі.

Умовы працы, па словах Алены Мікалаеўны, раней былі больш складанымі. Напрыклад, муку, цукар у магазін прывозілі ў вялікіх мяшках, фасоўкай займаліся прадаўцы. Поліэтыленавых пакетаў не хапала. Цукеркі прадавалі ў кулёчках з газет, якія самі круцілі. У 90-х марожанае ў сельскім магазіне можна было купіць толькі ў дзень прывозу, а пра замарожаныя паўфабрыкаты нават і размовы не было – адсутнічала халадзільнае абсталяванне. Пакупнікоў разлічвалі з дапамогай драўляных лічыльнікаў. Між тым гандаль ішоў шпарка. Магазіны спажыўкааперацыі былі адзінымі гандлёвымі кропкамі на сяле, па пакупкі ў горад вяскоўцы выбіраліся рэдка.

– Цяпер працаваць прасцей: прадукты расфасаванымі прывозяць, ёсць халадзільнае абсталяванне, электронныя вагі, касавы апарат. Аднак тавараабарот зменшыўся, – заўважае прадавец. – Асартымент прадукцыі невялікі, але маецца ўсё неабходнае. Пакуль няма сваіх агуркоў і памідораў, хутка разбіраюць іх з прылаўка. Для пенсіянераў на шэраг тавараў дзейнічае 10 %-я зніжка, у іх ліку малочная прадукцыя, крупы. Карыстаюцца попытам каўбасныя вырабы, замарожаныя мясныя паўфабрыкаты. Зімой актыўна бралі цыбулю, чырвоныя буракі, а бульбы нават не прыгадаю, колькі тон прадала. Яшчэ гадоў дзесяць таму бульба ў магазіне здавалася б з’явай недарэчнай, цяпер на яе попыт. Падабаецца пакупнікам выпечка: булачкі, чабурэкі, беляшы, піражкі з розным начыннем.

Магазін Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства ў Шарагах знахо- дзіцца ў зручным месцы – уздоўж трасы Полацк – Міёры – Браслаў. Сярод пакупнікоў як мясцовыя жыхары, так і тыя, хто праязджае міма. Каму вады купіць трэба, хто за марожаным забяжыць. Апошнім часам складае канкурэнцыю прыватная гандлёвая кропка «Вожык» насупраць праз дарогу. Алену Мікалаеўну гэта не засмучае.

– Канешне, раней больш пакупнікоў было. Аднак для людзей мець выбар вельмі добра, – заўважае яна. – Мяне ў «Вожык» працаваць запрашалі, але адмовілася. Не магу пакінуць магазін, з якім столькі гадоў звязана. Адчуваю за яго асабістую адказнасць.

Час пасля работы ў Алены Мікалаеўны заняты гаспадарчымі клопатамі. На падворку свінні і куры, агарод і кветнікі трэба даглядаць, у доме ўтульнасць і парадак ствараць. Часам з мужам выбіраюцца ў лес на ціхае паляванне.

За 30 гадоў шмат што адбылося ў свеце. Некалькі разоў змяніліся грашовыя купюры ў краіне. Алена Мікалаеўна добра памятае, як разлічвала пакупнікоў «вавёркамі»-«зайчыкамі». І ўсё ж важныя рэчы для яе застаюцца пастаяннымі. Гэта любоў да месца, дзе з’явілася на свет, клопат пра сям’ю, у якой пануюць лад і згода, адказнасць за сваю справу і блізкі з дзяцінства магазін, які стаў чымсьці большым, чым проста месца працы.

Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий