Творческие идеи бьют фонтаном у миорчанки Елены Сташуленок

 В сорок лет жизнь только начинается, замечала героиня фильма "Москва слезам не верит". Для Елены Сташуленок в таком возрасте началась ее творческая жизнь: стала вышивать, мастерить дворовый декор, участвовать в конкурсах, проводивших журналы для мастериц. Продолжает творить в свои 60. совершенствует навыки вязания на кружках в отделении для пожилых людей ТЦСОН.

У сорак гадоў жыццё толькі пачынаецца, заўважала гераіня фільма «Москва слезам не верит». Для Алены Сташулёнак у такім узросце пачалося яе творчае жыццё: стала вышываць, майстраваць дваровы дэкор, удзельнічаць у конкурсах, што праводзілі часопісы для майстрыц. Працягвае тварыць у свае 60. Удасканальвае навыкі вязання на гуртках у аддзяленні для пажылых людзей ТЦСАН.

– Вязала з дзяцінства. Мама навучыла. З яе брала прыклад працавітасці. Пасля вязала рэчы для сям’і. З часам такое адзенне стала выходзіць з моды. Цяпер наноў адкрыла для сябе гэты від рукадзелля. Наведваю гурткі ў ТЦСАН, удзячна іх кіраўнікам Міраславе Плотнікавай і Аліне Ляшук, разам удаецца ажыццявіць шмат творчых ідэй, – гаворыць суразмоўніца.

 Гутарым з Аленай Сташулёнак, зручна ўладкаваўшыся на лавачцы на ўтульным ганку яе дома. На падворку за накрытым рознай смакатой сталом сабраліся сяброўкі. Так павялося: інтэрв’ю раённай газеце наведвальніцы аддзялення даюць у прысутнасці дружнай групы падтрымкі.

– З большасцю дзяўчат да таго, як стала наведваць ТЦСАН, знаёма не была, – заўважае Алена Васільеўна. – Усе яны – добрыя, душэўныя. Хораша правесці разам час, пагутарыць. Іншы раз за хатнімі клопатамі не атрымліваецца часта ў аддзяленне наведвацца, а потым прыйдзеш – і нібы наноў нарадзіўся.

Знаёмства з аддзяленнем для пажылых людзей у тэрытарыяльным цэнтры для Алены Сташулёнак пачалося з курсаў камп’ютарнай граматнасці, куды прывяло жаданне вывучыць магчымасці сучасных гаджатаў і навучыцца імі карыстацца. Цяпер праз смартфон аплачвае камунальныя паслугі, афармляе змястоўныя пасты ў сацсетках, лёгка арыентуецца ў інтэрнэце.

– Толькі відэа для TikTok здымаць не ўмею. Ды гэта мне не вельмі і патрэбна, – гаворыць суразмоўніца. – Падчас тых курсаў і даведалася пра гурткі па рукадзеллі, што дзейнічаюць у аддзяленні. Да нядаўняга часу наведвала іх у якасці валанцёра. Сёлета мне споўнілася 60 гадоў, стала паўнапраўнай наведвальніцай. Здзіўляюся нашым сяброўкам, якія ў 80+ вядуць актыўны лад жыцця і прыходзяць сюды.

Сябровак здзіўляе творчая натура і энергічнасць Алены Васільеўны. Яе сядзіба вабіць стракатасцю кветак і арыгінальнасцю рукатворнага дэкору. Сцены пакояў у доме аздоблены вышытымі карцінамі. Іх каля паўсотні. Нават цыклы створаны. Напрыклад, задыякальны. Выявы ўсіх дванаццаці знакаў задыяка. Уражвае калекцыя рэчаў, сплеценых з газетных трубачак. Шкатулкі, вазы, кошычкі, аловачніцы…

Асобнае месца ў творчасці займаюць вязаныя вырабы. Стала традыцыяй у аддзяленні на навагоднія святы радаваць цёплымі шкарпэткамі, рукавіцамі і іншымі рэчамі ручной работы выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулка. Алена Сташулёнак – пастаянны ўдзельнік гэтай акцыі клопату і цеплыні. У большасці ж вяжа для сябе, для родных і блізкіх.

– Люблю камплекты: шапка, шалік, рукавіцы. Мне падабаецца, калі гэтыя аксэсуары створаны ў адным стылі, – гаворыць майстрыца. – Шалі вяжу, тры касцюмы ёсць у гардэробе. Ідэі ў інтэрнэце знаходжу, штосьці сама прыдумваю.

 Акрамя творчых інтарэсаў у аддзяленні для пажылых людзей задавальняюць патрэбу ў падарожжах. Вандроўкі – яшчэ адна патрэба душы Алены Васільеўны. З нядаўніх – водная прагулка на цеплаходзе па возеры ў Браславе, знаёмства з культурнымі адметнасцямі Полацка.

Летняй парой у гаспадыні шмат клопатаў на падворку. Трэба дагледзіць кветкі і градкі, падфарбаваць дэкаратыўныя элементы. Саспеюць садавіна і агародніна – пачнецца сезон нарыхтовак на зіму. Аднак у карагодзе гаспадарчых спраў імкнецца вылучыць час для наведвання аддзялення, без якога свае пенсіённыя будні ўжо не ўяўляе. n

РАДКІ БІЯГРАФІІ
 Родам Алена Сташулёнак з Завуцця. У Полацкім гандлёвым тэхнікуме атрымала прафесію таваразнаўцы і ўладкавалася на аптова-гандлёвую базу Міёрскага райспажыўтаварыства. З гэтай арганізацыяй звязана большая частка працоўнага шляху. Алена Васільеўна – маці двух сыноў, радуюць бабулю двое ўнукаў.
 
Пажаданне ад Алены Васільеўны
– Усім жадаю дабрыні. Важна з разуменнем ставіцца адзін да аднаго, дараваць крыўды. На ўласным вопыце не раз пераконвалася: дабро вяртаецца і заўжды перамагае.
 
СЛОВА СПЕЦЫЯЛІСТУ
 Міраслава ПЛОТНІКАВА:
– У Алены Васільеўны фантан творчых ідэй. Знаёмы з ёй даўно, калісьці разам працавалі ў райспажыўтаварыстве, і ўжо тады нашы інтарэсы сышліся ў справе рукадзелля. Актыўную пазіцыю яна займае не толькі ў творчасці. У чаце аддзялення пастаянна падкідвае розныя галаваломкі для сябровак. Вось такая прафілактыка дэменцыі.
 
СЛОВА СЯБРАМ
 Ніна Васільеўна ГРЫНЕВІЧ:
– Часта праходзіла ля дома Алены Васільеўны і любавалася яго пазітыўным і яркім выглядам. З гаспадыняй пазнаёміліся на гуртку па рукадзеллі ў аддзяленні ТЦСАН. Гэта чалавек неверагоднай энергіі. Штораз здзіўляюся, адкуль яе чэрпае. Уражваюць вязаныя вырабы – незвычайныя, цікавыя. Вельмі мэтанакіраваная. Калі за справу ўзялася – належным чынам давядзе яе да канца. І да ўсяго шукае творчы падыход.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

 

0 комментариев

Добавить комментарий