Помогает, учит новому, делиться с другими заведующая Миорским ТЦСОН Анна Лискова
gazeta 20-06-2024, 14:30 504 Грамадства
Наша Аннечка. Так посетители дневного отделения для пожилых людей ТЦСОН называют его заведующую Анну Лискову. Они вместе четыре года. И это тот случай, когда у энергичного и активного руководителя такая же легкая на подъем команда единомышленников. Для своих девушек – так Анна Викторовна называет посетителей отделения-заведующая придумывает разные варианты досуга, вместе устраивают яркие и запоминающиеся мероприятия.
Наша Ганначка. Так наведвальнікі дзённага аддзялення для пажылых людзей ТЦСАН называюць яго загадчыцу Ганну Ліскову. Яны разам чатыры гады. І гэта той выпадак, калі ў энергічнага і актыўнага кіраўніка такая ж лёгкая на пад’ём каманда аднадумцаў. Для сваіх дзяўчат – так Ганна Віктараўна называе наведвальнікаў аддзялення – загадчыца прыдумвае розныя варыянты вольнага часу, разам ладзяць яркія і запамінальныя мерапрыемствы.
20 гадоў добрых спраў
Пастаянным чытачам «Міёрскіх навін» наўрад ці трэба нагадваць, чым жыве аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Публікацыі пра іх вандроўкі і экскурсіі, творчыя заняткі і пазнавальныя сустрэчы, злёты валанцёраў і дабрачынныя акцыі перыядычна з’яўляюцца на старонках раённага выдання. Цяпер удзельнічаюць у праекце «БодраVіта 60+», што ўключае ў сябе курс па аказанні першай дапамогі, заняткі скандынаўскай хадой, станоўчыя эмоцыі за кава-паўзамі. Гэта чарговы праект, распрацаваны Ганнай Лісковай для конкурсу ініцыятыў, які штогод праводзіць Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК). Ужо 20 гадоў яна ўзначальвае раённую арганізацыю рэспубліканскага дабрачыннага аб’яднання. Прыходзіць на дапамогу ў складаных сітуацыях, рыхтуе да спаборніцтваў каманды сандружын з арганізацый, вучыць правілам аказання першай дапамогі юных інспектараў дарожнага руху і выратавальнікаў-пажарных, правяла курс з тэорыяй і практыкай для супрацоўнікаў металапракатнага завода, дзеліцца ведамі і навыкамі ў школе сацыяльных работнікаў у ТЦСАН.
У свой час раённая арганізацыя БТЧК стала адной з лепшых у вобласці па арганізацыі прафілактычнай работы. Ганну Віктараўну разам з калегай з Пастаў заахвоцілі паездкай у Крым для абмену вопытам. Было гэта ў лютым, а ўспаміны засталіся цёплымі.
Пастаянна старшыня раённай арганізацыі БТЧК піша конкурсныя праекты. Рада, што «БодраVіта 60+» выйшаў у пераможцы і атрымаў фінансаванне.
– Тэрмін рэалізацыі праекта – красавік – лістапад. Выдзелены сродкі на закупку набораў для скандынаўскай хады, перавязачнага матэрыялу для курсаў першай дапамогі, прадуктаў для кава-паўз, – расказвае Ганна Віктараўна. – У ліку мэт праекта – прафілактыка дэменцыі, фізічная актыўнасць пажылых людзей, іх псіхалагічны камфорт. Улічваецца на конкурсе і такі фактар як устойлівасць развіцця. Праект завяршыцца – навыкі застануцца.
Выпадковасць – невыпадковая
Знайшлі прымяненне на практыцы ўрокі камп’ютарнай граматнасці ў сацыяльным кафэ «Cярэбраны ўзрост». Гэтая ініцыятыва некалькі гадоў таму рэалізоўвалася на базе аддзялення ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Міёрскі раён: разам для грамады і прыроды». З’яўленне сацыяльнага кафэ ў многім стала магчымым дзякуючы Ганне Віктараўне. Яна распрацоўвала і падавала заяўку на конкурс ініцыятыў, што праходзіў у рамках праекта. З гэтага і пачалася яе праца на пасадзе загадчыцы аддзялення.
– Увогуле ў ТЦСАН занята з 2012 года. Пачынала спецыялістам у аддзяленні адраснай дапамогі. Пасля прапанавалі ўзначаліць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Прыйшла сюды ў студзені 2020-га. Якраз пачынаўся конкурс ініцыятыў, адразу пачала распрацоўваць заяўку, – расказвае суразмоўніца. – Вопыт у гэтым накірунку мела, дзякуючы конкурсам ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Як заўважае Ганна Віктараўна, раённую арганізацыю БТЧК яна ўзначаліла выпадкова. Узяцца за гэтую справу прапанавалі ў паліклініцы, куды выйшла на працу пасля водпуску па доглядзе дзіцяці. Як вядома, выпадковасці – невыпадковыя. Відаць, так было трэба, каб менавіта яна – чалавек з цёплым сэрцам і добрай душой – дапамагала людзям у няпростых жыццёвых сітуацыях.
Чуласць, дабрыня, энергічнасць дасталіся ў спадчыну ад маці Біны Іванаўны.
– Маці мая з Расіі, тата з Украіны. Прыехалі ў Міёры працаваць на мясакамбінат, – расказвае сямейную гісторыю. – Слова бацькоў заўсёды было для мяне законам. На жаль, я рана без іх засталася. Падтрымлівалі і дапамагалі двое старэйшых братоў. Яны таксама ў райцэнтры жывуць. Паміж намі і цяпер цёплыя адносіны.
Менавіта па просьбе маці Ганна выбрала прафесію медсястры. Пасля Полацкага медвучылішча вярнулася ў родныя Міёры. Працавала акушэркай у жаночай кансультацыі, затым у радзільным аддзяленні, была інструктарам-валеёлагам у паліклініцы. З часам атрымала вышэйшую адукацыю на факультэце сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі ВДУ імя П. Машэрава, а разам з гэтым – прапанову працаваць у тэрытарыяльным цэнтры. Прафесію змяніла і прадоўжыла займацца дабрачыннасцю як у рамках Чырвонага Крыжа, так і па патрэбе душы.
Абмен энергіяй, ідэямі, ведамі
– Ганначку ведала яшчэ да таго, як прыйшла на заняткі ў кафэ «Cярэбраны ўзрост», – заўважае адна з наведвальніц аддзялення Галіна Конанава. – Яна для людзей. Усім дорыць сваю энергію. Бяздомныя каты і сабакі каля яе, клапоціцца пра іх.
– З намі пастаянна ў кантакце. Калі хтосьці два – тры дні не выходзіць на сувязь, абавязкова сама патэлефануе і пацікавіцца справамі. Аднойчы такім чынам жыццё ўратавала адной з нашых сябровак па аддзяленні. Тая дома адна была, дрэнна сябе адчувала, у выніку ў рэанімацыю на «хуткай» забралі, – расказвае Вольга Мароз. – Што да вольнага часу, то ў Ганны Віктараўны столькі ідэй, што нам такія і не сніліся.
У кожнай з наведвальніц аддзялення свае жыццёвыя гісторыі, характары, светапогляды. Аднак тут яны – адна дружная і згуртаваная каманда.
Удзячны сваёй Ганначцы за тое, што іх аб’ядноўвае і натхняе.
– Мы ёсць адзін у аднаго. У аддзяленні няма выпадковых людзей і не бывае нецікавых мерапрыемстваў, – адказвае на гэта сама Ганна Віктараўна. – Падчас стасункаў са сваімі дзяўчатамі – актыўнымі, пазітыўнымі, ініцыятыўнымі – зараджаюся энергіяй, натхняюся ідэямі. Часта задумка кагосьці аднаго вырастае ў вялікае сумеснае мерапрыемства.
Як заўважае Ганна Ліскова, дзе б ні працавала, паўсюль адчувала сябе на сваім месцы. І цяперашняя работа для яе не проста службовая інструкцыя. Гэта справа, насычаная жывымі стасункамі, шчырымі эмоцыямі, жаданнем развівацца. Яе жыццёвае крэда – ніколі не спыняцца і пастаянна вучыцца. А затым перадаваць свае навыкі іншым.
Кацярына Рынкевіч.
фотаматэрыял з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.