Фельдшер Николаевского ФАПа дарит позитив и здоровье

За здоровьем, за позитивом и хорошим настроением устремляются на ФАП жители Николаева и соседних деревень. Кому-то из них заведующая Анастасия Коржова эти составляющие доставляет на дом. Понимает, что они взаимосвязаны, и старается доносить простые правила, как заботиться о своем здоровье, до сельчан.

 За здароўем, за пазітывам і добрым настроем скіроўваюцца на ФАП жыхары Мікалаёва і суседніх вёсак. Камусьці з іх загадчыца Анастасія Каржова гэтыя складнікі дастаўляе на дом. Разумее, што яны ўзаемазвязаны, і імкнецца даносіць простыя правілы, як клапаціцца пра сваё здароўе, да вяскоўцаў.

Працуе загадчыца Анастасія Каржова ў звязцы з санітаркай Марыяй Шаўлюга. Сёлета іх партрэты занесены на раённую Дошку гонару.

– Калектыў у нас невялікі, але дружны. Пасябравалі з Мацвееўнай, – заўважае Анастасія. – Разам пачыналі ў 2017 годзе, калі мяне перавялі сюды з Дзісны.

Самы маленькі гарадок Беларусі з’явіўся ў біяграфіі дзяўчыны з Сіцькова выпадкова. Выпускніца брала мэтавае накіраванне і меркавала трапіць на работу на Мікалаёўскі ФАП. У гэтай вёсцы жыве бабуля, таму часта бавіла тут час. Жыццёвыя абставіны змяніліся, і давялося некалькі месяцаў працаваць фельчарам брыгады хуткай дапамогі. Калі прыехала ў Мікалаёва, пацягнулася сюды чарга жадаючых пазнаёміцца з маладым доктарам.

Цяплом і спакоем вее ад добразычлівай і ўсмешлівай Анастасіі. Нібы няспешны ручаёк ліецца яе мова. Разумею, што дзесьці бачыліся. Толькі дзе?! Ужо пасля размовы ўзгадваю падзеі больш чым пяцігадовай даўніны, калі на выклік да маёй бабулі прыехала маладзенькая дзяўчына. Яна змагла супакоіць нас траіх – мяне, маці і бабулю, дала лекі і доўга размаўляла, супакойваючы. Паехала толькі тады, калі ўпэўнілася, што высокі ціск нармалізаваўся і з пацыенткай усё ў парадку. Адразу стала зразумела, чым Мікалаёўскі ФАП прыцягвае вяскоўцаў. А іх абслугоўваюць амаль 200.

Пакуль загадчыца дае інтэрв’ю, то і справа наведваюцца людзі. Заглянуў мужчына купіць мазь і паставіць укол. Заадно пацікавіўся, як ідуць справы. Пазней у дзвярах паказалася жанчына.

– І ўколы колюць, і лекі даюць. А што яшчэ трэба? – задае рытарычнае пытанне і адразу дадае: – І пагаварыць прыходжу. Неяк захварэла, дык Насця мяне ў Дзісну да ўрача завезла. І паглядзіце – сёння ў мяне ўсё добра.

Не нарадуюцца сяльчане на свайго фельчара. І яна заўважае, што ў вёсцы жыць і працаваць камфортна.

Дакладнага распарадку дня няма. Зранку вядзе прыём на ФАПе, потым да абеду працуе на ўчастку. Паміж гэтымі працэдурамі запаўняе дакументацыю. Пры неабходнасці скіроўваецца на выклікі. Летам дабіраецца да пацыентаў на веласіпедзе, таму трымае сябе ў добрай фізічнай форме. Так у клопатах незаўважна праходзіць рабочы дзень.

Прыйшла на ФАП з участка камбіната бытавога абслугоўвання Марыя Шаўлюга. Падпрацоўвае там прыёмшчыкам. У першай палове дня падтрымлівае парадак у медыцынскай установе, у цёплы перыяд даглядае кветнікі. Стварае прыгажосць для сябе і для аднавяскоўцаў. Дарэчы, летась выгляд ФАПа змяніўся як звонку, так і знутры. Тут правялі касметычны рамонт, а бытавымі зручнасцямі і да гэтага тыпавы будынак быў забяспечаны.

Анастасія Каржова дзеліцца, што мае рысу, якая перашкаджае ў медыцыне: успрымае ўсё блізка да сэрца, перажывае за кожнага пацыента. На пачатку прафесійнай дзейнасці, спяшаючыся на выклікі, не ведала, чаго чакаць. Цяпер хутка арыентуецца ў любой сітуацыі.

Аналізуе, што вяскоўцы ў большасці адказна ставяцца да свайго здароўя. Ва ўстанове праходзяць першы этап дыспансерызацыі: анкетаванне, візуальны агляд і вымярэнне росту і масы цела. Далей накіроўвае іх у Дзісну ці ў Міёры да доктара. Штомесяц прыязджае ў Мікалаёва для кансультацыі спецыяліст. Лічыць, што хаця б раз у год прайсці медагляд, зрабіць рэнтген, здаць аналізы і даведацца асноўныя паказчыкі, у ліку якіх гемаглабін і халестэрын – абавязак кожнага. Яшчэ адна парада ад доктара, які дорыць пазітыў, – быць актыўным і ўмераным у харчаванні. Эфектыўнасць дадзенага рэцэпта даказваюць яе пацыенты, некаторыя з якіх ужо перасягнулі дзевяностагадовы рубеж.

Алена Вароніна.
Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий