В приюте хорошо, но не дома

У прытулку добра, але не дома

 

“А ты хто?” — пытаецца светлавалосы хлопчык з яснымі вачыма і ўсміхаецца. Так знаёмімся з трохгадовым Сярожкам, самым маленькім выхаванцам  дзіцячага сацыяльнага прытулка, што ў Дзісне. Пакуль старэйшы брацік разам з астатнімі вучнямі ў школе, ён бавіць час з выхавальнікамі за рознымі гульнямі і заняткамі.

Усяго ў прытулку зараз знаходзіцца 8 дзетак. Дзяўчынка толькі адна. Самаму старэйшаму хлопчыку 13 год. І ўсе тут па адной прычыне — яны з нядобранадзейных сем’яў.

 

“Дзеці трапляюць да нас не адразу, — расказвае загадчык прытулку  Людміла Уладзіміраўна Калачова. — Бацькам даюць магчымасць выправіць сітуацыю. Пэўны час сям’я знаходзіцца пад наглядам сацыяльных служб. Аднак калі змен да лепшага няма, дзяцей забіраюць”.

 

У прытулку для іх створаны добрыя ўмовы: арганізаваны распарадак дня, збалансаванае харчаванне, цікавыя заняткі, увага і клопат выхавальнікаў. Цёпла і ўтульна, цікава і прыгожа. На сценах у спальнях яркія малюнкі, у прасторным пакоі для гульняў шмат цацак і тэлевізар. Аднак прывыкнуць да новага, няхай і лепшага  жыцця, дзецям не так проста. Толькі паступова яны асвойваюцца.

 

На працягу ўсяго дня выхаванцы нечым занятыя. Наведваюць гурткі ў цэнтры дзяцей і моладзі, што знаходзіцца побач. Разам з выхавальнікамі, якія даглядаюць іх кругласутачна, ходзяць на прагулкі, рыхтуюцца да ўрокаў, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Яркія ўспаміны пакінулі ў дзяцей навагоднія святы. Ля прыгожай елкі ў маскарадных касцюмах яны фатаграфаваліся разам са сваімі бацькамі.

 

Бацькі час ад часу ў прытулак наведваюцца. І дзеткі ім рады. Вядома, тыя людзі, што тут побач з імі, родных маці і тату замяніць не могуць. І, нягледзячы на ўтульнасць і камфорт, дадому ўсё роўна хочацца. А залежыць далейшы лёс дзяцей толькі ад іх бацькоў.

 

Па словах Людмілы Уладзіміраўны, за мінулы год з 26 дзетак, што пакінулі прытулак, 14 вярнуліся ў свае сем’і. Але, на жаль, не ўсе. З цяперашніх выхаванцаў у родны дом не вернуцца трое. Маці аднаго  хлопчыка пазбавілі бацькоўскіх правоў, і яго накіроўваюць у школу-інтэрнат. Шукаюць другую сям’ю для двух братоў, якія ўжо трэці раз трапляюць у прытулак. Іх маці таксама хутка стане афіцыйна чужым для іх чалавекам.

 

Астатнія пяць дзетак, у тым ліку і маленькі Сярожка са сваім брацікам, з цягам часу павінны вярнуцца дадому. Хочацца верыць, што назаўсёды.

 

Кацярына СУРАВЕЦ.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.