Почтальона из Чепуков Наталью Молокову к победе в конкурсе привела "районочка"
gazeta 12-02-2024, 11:54 440 Грамадства
Почтальон из Чепуков Наталья Молокова ранее к соревнованиям относилась недоверчиво. Предполагала, что ей не везет. К победе в конкурсе, который проводит районная газета, ее привели усердие и внимательность к людям.
Паштальён з Чапукоў Наталля Молакава раней да спаборніцтваў ставілася недаверліва. Меркавала, што ёй не шанцуе. Да перамогі ў конкурсе, які праводзіць раённая газета, яе прывялі стараннасць і ўважлівасць да людзей.
– Гэта было нечакана. Начальнік аддзялення, падводзячы вынікі падпісной кампаніі на першы квартал, здзівілася і ўзрадавалася. Аднак я не ўдакладняла, у чым справа. Ваш званок расставіў усё на свае месцы, – расказвае Наталля Молакава перадгісторыю нашай сустрэчы.
У першым квартале паштальён забяспечыла значны прырост: павялічыўся да 72,6 працэнт ахопу жыхароў участка выданнем, выпісала на 21 экземпляр больш. Яўнае сведчанне таму, што ёй давяраюць вяскоўцы.
– Імкнуся ў кожны двор зайсці, каб усе выпісалі газету, – заўважае суразмоўніца. – Некаторыя аддаюць перавагу выключна «Міёрскім навінам» Кажуць: калі толькі «раёначку». А тым, хто па нейкіх прычынах яшчэ з ёй не знаёмы, ужо я падказваю: як гэта можаце не ведаць навіны раёна?
Сама з задавальненнем гартае газетныя старонкі, асаблівую ўвагу звяртаючы на падборку рэспубліканскіх навін, сямейныя гісторыі – як пра шчаслівыя пары з дзецьмі, так і тыя, што разглядаюць на каардынацыйным савеце. Цікава пачытаць пра поспехі землякоў. Праглядае прафілактычныя артыкулы розных служб, аб’явы. Рэцэпты страў нярэдка правярае на сваёй кухні. Прыцягвае ўвагу паштальёна першая паласа – яркая, прыгожая. Кажа, паглядзеўшы на галоўнае фота, ужо хочацца даведацца, што там напісана.
Цікавіцца і меркаваннем чытачоў пра газету. Некаторыя збіраюць падшыўку, хтосьці паважае анекдоты і прагноз надвор’я. Напярэдадні выбараў вывучаюць, куды ісці галасаваць і праграмы кандыдатаў у дэпутаты.
– Хтосьці кажа мне: а ты ведаеш, што я ў раёнцы прачытала? – заўважае суразмоўніца. – Адным падабаецца ўсё, у іншых ёсць заўвагі, але раўнадушных няма. Старэйшыя людзі вывучаюць ад першай да апошняй старонкі. Многія звяртаюць увагу не толькі на змест артыкулаў, але і на іх аўтараў.
Па знаёмых вясковых маршрутах Наталля Молакава ходзіць з 1998 года. Спачатку працавала паштальёнам у Наўгародах. Калі пераехала разам з сям’ёй у Кублішчына, стала разносіць пошту па чапукоўскай зоне.
У дзень набягае па пяць – шэсць кіламетраў, а ў дні пенсіі – яшчэ больш. З сабой заўсёды акрамя прэсы сумкі з таварамі. У асноўным гэта прадукты харчавання, цяпер карыстаецца попытам насенне.
Чакаюць паштальёна вяскоўцы, асабліва пенсіянеры. Для многіх з іх Наталля Іванаўна стала блізкім чалавекам. Раскажа навіны, пацікавіцца здароўем, даставіць прадукты. Ад іх бярэ на заметку рэцэпты страў, сакрэты вырошчвання расады. Увогуле, стасункі прыносяць радасць абодвум бакам.
– Бывае, што выпраўляюся ў дарогу ў дрэнным настроі. А з людзьмі пагавару, развеюся, і на душы лягчэй становіцца. Усе праблемы адыходзяць на другі план, – прызнаецца.
Радуюць бабулю дзве ўнучкі. Часта гасцюе ў сям’і сына ў Міёрах. Вольным часам разгадвае красворды. Выказала пажаданне, каб часцей публікавала іх раёнка. Пастараемся.
Алена Вароніна.
Фота Казіміра Блажэвіча.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.