40 лет в районной газете в Миорах работает фотокорреспондентом Казимир Блажевич

 В январе 1984-го под фотографиями в районной газете появилось новое имя. "Фото К. Блажевича", - свидетельствовала подпись. Прошло сорок лет. Газетная печать прошла эволюцию от набора на линотипах до компьютерной верстки. Стали музейными экспонатами пленочные фотоаппараты. Не раз изменился коллектив редакции. Под фотографиями по-прежнему значится - "фото Казимира Блажевича". И это ценно.


З фатографам працаваць увогуле куды лепш, чым без яго. У гэтых словах расійскага майстра рэпартажу Дзмітрыя Сакалова-Мітрыча пастаянна пераконваюцца карэспандэнты «Міёрскіх навін». Са сваім майстрам фатаграфіі Казімірам Блажэвічам адчуваем сябе ўпэўнена і на афіцыйных пасяджэннях, і на шумных святах, і падчас індывідуальных інтэрв’ю. Ведаем: змест тэксту дапоўняць цікавыя і якасныя фотасюжэты.


Два прафесіянальныя прынцыпы


У сваёй рабоце фотака- рэспандэнт Казімір Блажэвіч кіруецца двума прынцыпамі, засвоенымі ў юнацтве.
– Атрымаў заданне – павінен яго выканаць. Гэтае правіла з армейскай службы, якую праходзіў у групе савецкіх войск у Германіі, – расказвае суразмоўнік. – Другому прынцыпу – думаць, для чаго здымаеш, і што хочаш здымкам паказаць – навучыў выкладчык Віцебскага тэхнічнага вучылішча № 19 Якаў Уладзіміравіч Дворкін.  Я нясу адказнасць за сваю справу перад кожным, хто трапляе ў аб’ектыў фотаапарата. Прымаю да ўвагі прапановы, каментарыі, заўвагі. Многія не разумеюць, навошта для аднаго фотасюжэта рабіць некалькі дубляў. Між тым бывае, са ста кадраў толькі адзін удалы атрымліваецца. Асабліва, калі фота групавыя.


Казімір Альбертавіч – фатограф розных накірункаў. Партрэтная здымка, фотарэпартаж з мерапрыемства, пейзаж. Паўсюль імкнецца злавіць цікавыя моманты. У аб’ектыў яго фотаапарата глядзяць работнікі сельскай гаспадаркі і кіраўніцтва раёна, маладыя спецыялісты і ветэраны працы, творчыя асобы і аматары спорту… Да кожнага важна знайсці падыход, пра кожнага расказаць здымкам. У гэтым спецыфіка і цікавасць работы фотакарэспандэнта газеты, якая працягвае радаваць і натхняць.


«Хто корміць людзей на здымках?»


Чатырохгадовым хлапчуком, гледзячы на чорна-белыя фота сваякоў у вялікай раме на сцяне, Казімір задаўся пытаннем: «Хто корміць людзей на фотаздымках?» Адказ знайшоў ужо вучнем-пачаткоўцам, калі ў старэйшага сябра-суседа з'явіўся свой фотаапарат «Змена». Разам вучыліся фатаграфаваць і праяўляць здымкі. 
– Памятаю той момант, калі ўпершыню ўбачыў, як на паперы з’яўляецца выява. Гэта заварожыла, – прыгадвае суразмоўнік і з усмешкай дадае: – Тады зразумеў, што людзей на фота карміць не трэба.


Бацькі – простыя сельскія працаўнікі – падтрымалі захапленне сына фотаздымкай. У шостым класе купілі яму «Змену» і фотапавелічальнік. Апошні і цяпер захоўваеццца ў спраўным стане. Вяскоўцы сталі запрашаць школьніка фатаграфаваць значныя сямейныя падзеі. Пагаджаў- ся – хацелася практыкавацца. З задавальненнем наведваў заняткі гуртка фотаздымкі ў СШ № 2. Скончыўшы школу, да арміі год працаваў акампаніятарам у Павяцкім сельскім клубе. Пасля службы адвучыўся на фатографа і ўладкаваўся на працу ў Міёрскае КБА. Праз два гады запрасілі ў раённы Дом піянераў, дзе вёў гурток фотаздымкі, куды ахвотна ішла дзятва, і рэстаўраваў вучэбныя кінастужкі. Там прайшлі яшчэ два гады, а затым месцам працы стала рэдакцыя раённай газеты.


 Дыханне тэксту


– Працаваць у рэдакцыі прапанаваў фатограф раёнкі Пётр Аляксандравіч Баброўскі. Ён збіраўся на пенсію, запрасіў на сваё месца. Работа мяне зацікавіла, – расказвае фотакор.
У раёнку Казімір Альбертавіч прыйшоў ужо сямейным чалавекам. 31 снежня 1983 года згулялі вяселле з Элізай Генрыхаўнай – карэспандэнтам газеты, а ў першы рабочы дзень 1984-га разам крочылі на працу. Пасля шмат часу правялі у сумесных камандзіроўках па раёне, некалькі гадоў дзялілі рабочы кабінет на дваіх.


На Міёршчыне Казіміра Блажэвіча ведаюць не толькі як фатографа, але і як рэдактара раённага радыё.
– У другой палове 90-х пасаду фотакарэспандэнта скарацілі. Мне прапанавалі работу на радыё. Новы вопыт таксама быў цікавы. Для гэтай прафесіі аказаліся вельмі дарэчы факультатыўныя заняткі кінааператараў, якія наведваў у вучылішчы. Там далі асновы рэжысуры, пабудовы сцэнарыяў, – расказвае Казімір Альбертавіч.


На радыё адпрацаваў ча- тырнаццаць гадоў, а ў ліпені 2013-га зноў узяў у рукі фотаапарат. Новы, сучасны, з шырокімі магчымасцямі. І зноў пад здымкамі раёнкі з’явіўся знаёмы подпіс: «Фота Казіміра Блажэвіча».
«Тэкстам рэпартаж бачыць, чуе і думае. А фатаграфіямі ён дыхае. Чалавек, якому не даюць дыхаць, не хоча ні бачыць, ні чуць, ні думаць». Яшчэ адна цытата Сакалова-Мітрыча, якой падкрэсліваецца важнасць фотаматэрыялу ў газеце. «Міёрскім навінам» у гэтым плане па-  шчасціла. Мы дыхаем глыбока і на поўныя грудзі, дзякуючы таленавітаму і адказнаму фатографу. І кожны новы нумар – яшчэ адзін глыбокі ўдых.


Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фотаматэрыял Алены ВАРОНІНАЙ і з архіва рэдакцыі.


0 комментариев

Добавить комментарий