У міярчанкі Ніны ФЕДУКОВІЧ рукі ўмелыя

 Цуды трэба рабіць сваімі рукамі, заўважаў класік. У міярчанкі Ніны ФЕДУКОВІЧ рукі ўмелыя. Яшчэ ў другім класе вязала сабе рукавіцы, а ў дзявятым шыла сукенкі. У свае 72 гады, поўная энергіі і энтузіязму, працягвае ствараць. Яе вязаныя шалі, стракатыя дыванкі і коўдры інакш як цудам не назавеш. Майструе ў розных тэхніках, асобныя з якіх асвоіла на гуртках у ТЦСАН.

– Нават не скажу дакладна, колькі гадоў наведваю тэрытарыяльны цэнтр. Пяць, а то і больш. Час так хутка ляціць, – гаворыць Ніна Міхайлаўна. – Пра аддзяленне для пажылых людзей даведалася выпадкова. Там працавала мая знаёмая. Аднойчы ўбачыла ў яе прыгожы берэт. Пацікавілася, як такі зрабіць. Яна запрасіла на гурток, дзе вучылі вязаць кручком. Гэтым інструментам не асабліва валодала. Думала, наўрад ці навучуся вязаць шалі і накідкі. Усё атрымалася. Сваю першую работу захоўваю.

Цяпер у калекцыі майстрыцы некалькі шыкоўных шаляў і накідак. Вязала арыгінальныя аксэсуары для дочак, сястры, сябровак. Спрабуе розныя ма- дэлі. Таксама на занятках у ТЦСАН навучылася вышываць карціны атласнымі стужкамі, плесці з газетных трубачак. Асвоіла інтэрнэт-прастору на занятках па камп’ютарнай граматнасці ў сацыяльным кафэ «Сярэбраны ўзрост», што дзейнічала ў аддзяленні. З лёгкасцю знаходзіць на YouTube майстар-класы па рукадзеллі. Гурткі працягвае наведваць. У планах сплесці паднос з газетных трубачак, звязаць сабе яшчэ адну шаль і кофту.

– А мне, калі ласка, джэмпер пад горла, – дае заказ муж Мікалай Міхайлавіч, у чыім гардэробе нямала рэчаў, змайстраваных рукамі каханай жонкі.

 Наша сустрэча адбываецца на дачы Федуковічаў у месцейку Гентава, што за дванаццаць кіламетраў ад райцэнта. Тут любяць праводзіць час з роднымі і прымаць гасцей. На гэты раз завіталі сяброўкі з клуба «Бажэна», куды на мерапрыемствы шмат гадоў муж і жонка хадзілі разам, і з аддзялення ТЦСАН, дзе Ніна Міхайлаўна знайшла новых таварышак па інтарэсах.

Разам любуемся работамі гаспадыні. Стракатыя дываны і коўдры ў тэхніцы пэчворк, арыгінальныя сумкі з джынсавай і плашчавай тканіны, торбачкі са старых парасонаў, высокая ваза з газетных трубачак… Сяброўкі

здзіўляюцца, як Ніна Міхайлаўна паспявае столькі ўсяго зрабіць. Яна з усмешкай адказвае, што майстраваць у радасць, а ўмелыя рукі дасталіся ў спадчыну ад матулі, чыім вязаным абрусам засцелены стол на другім паверсе дачнага дома. На сцяне карціна ў тэхніцы алмазнай мазаікі, гэта работа дачкі Кацярыны, якая жыве ў сталіцы. Таццяна ў Гомелі, у яе іншыя захапленні. Ніна Міхайлаўна часта гасцюе ў дачок, пастаянна на сувязі з дзвюма ўнучкамі. Таксама патрэбу ў стасунках задавальняе ТЦСАН.

– На пенсіі сустрэчы і размовы з людзьмі набываюць асаблівае значэнне. Стасункі зараджаюць энергіяй і энтузіязмам, што пасля выліваюцца ў творчасць. Можна дома шыць, вязаць і так далей. Аднак гэта не тое. На занятках мы адна ў адной вучымся. Дні нараджэння разам адзначаем, падарожнічаем. За ўсё гэта вельмі ўдзя- чны нашай загадчыцы Ганне Лісковай. Яна шмат увагі нам надае. Гэта нястомны энтузіяст і цудоўны арганізатар.

 РАДКІ БІЯГРАФІІ
Па прафесіі Ніна Міхайлаўна настаўнік матэматыкі. Скончыла фізіка-матэматычны факультэт Даўгаўпілскага педінстытута. Выкладаць урокі давялося толькі два гады ў Кублішчынскай школе. Пасля працавала ў Доме піянераў, загадвала фільматэкай пры аддзеле адукацыі, была метадыстам па працоўным навучанні, інспектарам аддзела. Усяго са сферай адукацыі звязаны 20 гадоў. Яшчэ 13 адпрацавала на пасадзе намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, адкуль пайшла на заслужаны адпачынак. Будучы на пенсіі, паўтара года працавала галоўным спецыялістам у аддзеле загса.

СЛОВА БЛІЗКІМ
Мікалай Міхайлавіч, муж:
– Мы разам 53 гады. Падтрымліваю жонку ва ўсіх яе захапленнях. Канешне, пакуль на занятках у тэрытарыяльным цэнтры, мне дома без яе сумнавата. Быў бы музычны гурток, і я пайшоў бы. Аднойчы дапамагаў падрыхтаваць відэаролік на конкурс. Акампанаваў на гармоніку. Нашаму папуры беларускіх песень прысудзілі пятае месца ў рэспубліцы. Калі яшчэ спатрэбіцца мая дапамога – заўжды гатовы.

СЛОВА СПЕЦЫЯЛІСТАМ
Міраслава ПЛОТНІКАВА, кіраўнік гуртка:
– З Нінай Міхайлаўнай знаёмы даўно. Мая бабуля хадзіла разам з ёй у клуб «Бажэна». Цяпер я падтрымліваю сяброўскія адносіны з гэтай цудоўнай жанчынай. Гады ідуць, а яна не змяняецца. Маладая душой, актыўная, пазітыўная, шчырая і шчодрая. Дзеліцца вопытам, рэцэптамі страў, саджанцамі кветак. Ад яе зараджаешся энергіяй. Памятаю, як Ніна Міхайлаўна на гуртку вязала сваю першую шаль. Не хапіла нітак – разабрала работу і пачала наноў. Такая ж гісторыя аднойчы была з газетнымі трубачкамі. Яе цярплівасць і мэтанакіраванасць здзіўляюць. З такіх людзей хочацца браць прыклад. 

Сакрэт маладосці ад Ніны Міхайлаўны:
– У мяне часта пытаюцца, як удаецца выглядаць маладзей за свае гады. Жартую, што капусту ем. На справе ж нават крэмамі рэдка карыстаюся. Мой сакрэт у энергічнасці, якой надзяліла прырода, актыўнасці і жыццялюбстве. Не ўмею зайздросціць, радуюся поспехам блізкіх і сяброў. Увогуле гады не лічу, хочацца проста жыць. Цікава, насычана, актыўна.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.