Любіце сваіх дзяцей
У студзені 2003 года па рашэнню райвыканкама ў Дзісне пачаў працаваць дзіцячы сацыяльны прытулак. З мінулага верасня ён з’яўляецца структурным падраздзяленнем ДУА “Міёрскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” і прымае ў вызначаным парадку непаўналетніх ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, што могуць знаходзіцца на рэабілітацыі і ў час рашэння пытання аб далейшым жыццеўладкаванні — не больш 6 месяцаў. Бацькі гэтых дзяцей звычайна злоўжываюць алкаголем, жорстка адносяцца да іх, не надаюць належнай увагі выхаванню.
Цяпер у дзіцячым сацыяльным прытулку праходзяць рэабілітацыю 8 непаўналетніх. У іх бацькоў ёсць час на выбар — змяніць сітуацыю ў сям’і і вярнуць дзяцей дадому, або пазбавіцца бацькоўскіх правоў. А педагогі імкнуцца падараваць малым любоў, павагу, стварыць атмасферу дабрыні і сардэчнасці. Толькі заўсёды адчуваецца, што дзецям не хапае галоўнага — бацькоў.
За час існавання дзіцячага сацыяльнага прытулку ў большасці выпадкаў дзеці вярталіся ў біялагічныя сем’і. Але ёсць бацькі, якія не могуць адмовіцца ад шкодных звычак. Тады непаўналетнія трапляюць у інтэрнатныя ўстановы ці замяшчальныя сем’і. Толькі ніякая дзяржаўная ўстанова не можа выканаць тую ролю, што адведзена сям’і, а таму замяшчальная — лепшае выйсце. Зразумела, біялагічную яна поўнасцю не заменіць, але можа падараваць галоўнае — любоў.
Дарагія бацькі, любіце сваіх дзяцей, беражыце іх. Хацелася б, каб кожнае дзіця з нашага прытулку набыло любячых, клапатлівых бацькоў, якія аддадуць малым свае сэрцы і падаруюць сямейнае шчасце, утульны дом.
Л. КАЛАЧОВА,
загадчыца
сацыяльнага прытулку.