В прошлое с настальгией

У мінулае з настальгіяй

 

У кожнага з нас ёсць магчымасць параўнаць цяперашняе з мінулым. Вось і я хачу паразважаць пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей гадоў 30 таму і зараз. Тады вучні вучыліся больш старанна, паводзілі сябе лепш, бацькі прыходзілі на сходы ў школу, прыслухоўваліся да парад настаўнікаў. Цяпер паводзіны дзяцей так сабе, вучоба яшчэ горш, на бацькоўскія сходы не дазвацца, а для асобнай катэгорыі дарослых настаўнік стаў ворагам нумар адзін. 

 

Што ж здарылася?

Здаецца, праблема ў кожным з нас. Я разумею, што няма двух аднолькавых людзей, але ёсць аднолькавыя прынцыпы, на якіх трымаецца наша жыццё: дабрыня, любоў, павага, працавітасць. І ў першую чаргу менавіта бацькі з ранніх гадоў павінны прывіваць іх сваім дзецям.

 

Памяняліся адносіны людзей да жыцця. Як ні шкада, усё больш становіцца так званых прыстасаванцаў — тых, хто хоча нешта мець, і нічога не рабіць для гэтага. Раней нашы бацькі працавалі не менш, але і мы былі дагледжаны, і ўрокі вывучаны, і па дому паспявалі дапамагаць, і вольны час займалі карыснымі справамі. Цяпер, вядома, працаваць трэба не менш, асабліва на сяле, але ж дзеці часта ўрокі не вучаць, маюць неахайны знешні выгляд і вольны час на карысць не выкарыстоўваюць: гэтага не хачу, а тое не буду. У бацькоў на такую сітуацыю адказ адзін — некалі, амаль увесь час на працы, ды і адпачыць калісьці трэба. А свайго агародчыка нават не маюць.

 

Не разумею, як можна жыць у вёсцы і не мець нічога свайго, усё купляць у магазіне. Быў бы заробак нейкі завоблачны, ды не, звычайны. Вось і ўспамінаецца анекдот: у калгас прыязджае камісія і пытаецца чаму бульба не вырасла як у суседзяў, а ім у адказ — каб пасадзілі, дык і ў нас вырасла б. Ці не ўся прычына ў гэтым? Более сем’яў, дзе дзеці не прывучаны да працы, і грошай там заўсёды не хапае. Няўжо зноў вінаваты настаўнік?

 

Не падумайце, што ўсё так дрэнна. Ды не, пакуль не ўсё, але ж параўноўваючы з мінулым даводзіцца сцвярджаць, што і не так добра, як хацелася б.

Кожны чалавек — каваль свайго шчасця. Значыць, кожны з бацькоў куе шчасце свайму дзіцяці. І, на маю думку, яно не ў тым, каб дзіця было апранута ў супермоднае адзенне ці спажывала экзатычныя стравы. Асабіста я бачу сваё малеча шчаслівым тады, калі яно ўмее працаваць і цаніць вынікі свайго старання, паважае старэйшых, не крыўдзіць малодшых, прыйдзе на дапамогу. А галоўнае, каб усё гэта разумелі самі дзеці. Атрымаўшы ўсе названыя якасці ў сваім дзяцінстве, мне, здаецца, удалося стаць Чалавекам, за што вялікі дзякуй маім бацькам. Хочацца верыць, што праз колькі гадоў і мне, і многім іншым бацькам давядзецца пачуць словы падзякі ад сваіх дзяцей за тое, што дапамаглі ім стаць сапраўднымі людзьмі.

 

Кожны з бацькоў выхоўвае сваіх дзяцей так, як лічыць патрэбным. Галоўнае, каб за словам “выхаванне” не хавалася поўная яго адсутнасць. Бо нярэдка бывае, што бацькі і не ведаюць, чым займаецца іх дзіця, як праводзіць вольны час, што яго цікавіць.

Спадзяюся, што такая з’ява часовая, што паміж бацькамі і настаўнікамі наступіць поўнае ўзаемаразуменне, хаця б як у недалёкім мінулым.

 

М. ШЧАРБІЦКІ,

педагог сацыяльны ДУА  

“Слабадскі дзіцячы сад-базавая школа”.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.