Рабочых месцаў у Святланы Мінінай з Миёр некалькі

 Ні ў школе, ні ў студэнцкія гады блізкага сяброўства са спортам Святлана МІНІНА не вадзіла. Калі б хтосьці ў той час сказаў ёй, што будзе працаваць у гэтай сферы, вельмі здзівілася б. Пяць гадоў занята ў ФСК «Міёры». У канцы 2022-га прызначылі дырэктарам.

Рабочых месцаў у Святланы Мінінай некалькі. Адно ў кабінеце. Тут кругазварот дакументацыі і тэлефонных званкоў, мноства арганізацыйных пытанняў. Астатнія – на спартыўных пляцоўках, дзе праходзяць спаборніцтвы. Тут эмоцыі і перажыванні за вынік, які пакажуць удзельнікі.

– Спорт – гэта цікава і захапляльна, – адзначае суразмоўніца. – Амаль кожную суботу праходзяць мерапрыемствы. Бываюць і па нядзелях. Назіраючы за спаборніцтвам, перастаеш заўважаць ход часу. Глядзіш на гадзіннік і здзіўляешся, што столькі гадзін прайшло.

Калісьці спартыўныя гульні, эстафеты, турніры для Святланы былі па-за колам інтарэсаў. Школьніцай пачынала хадзіць на секцыю па валейболе, але надоўга не затрымалася. Хацелася хуткага выніку, і зусім не прываблівала майстэрства маленькіх крокаў, што кладуцца ў аснову будучай паспяховай гульні.

Пасля школы паступіла ў Полацкі дзяржуніверсітэт, дзе атрымала дыплом настаўніка тэхналогіі і інфарматыкі. Работы па спецыяльнасці ў школах родных Міёр не знайшлося, уладкавалася педагогам-арганізатарам. З водпуску па доглядзе дзіцяці выйшла на працу ў ФСК «Міёры».

– Работу падказаў родны брат, які на той час быў тут намеснікам дырэктара. Мелася вакансія дзяжурнага па зале. Вырашыла паспрабаваць, – расказвае Святлана.

З часам маладой супрацоўніцы прапанавалі атрымаць вышэйшую адукацыю па профілі. Праходзіла перападрыхтоўку ў дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Сын ішоў у першы клас, а мама здавала сесію. Аднак сям’я заўсёды падтрымлівала.

Наступным крокам у прафесію стала работа інструктарам, затым – намеснікам дырэктара ФСК «Міёры». Ад прапановы ўзначаліць клуб Святлана адмаўляцца не стала. Ведала, што чакае наперадзе, і была да гэтага гатова. Хоць спортам прафесійна не займалася, аднак мысліць па-спартыўнаму.

– Трэба пераадольваць складанасці, часам хутка прымаць рашэнні, быць гатовым да нечаканасцяў і ведаць, што так ці інакш з усім можна справіцца, – заўважае суразмоўніца. – Падабаецца імклівы тэмп работы. Спланаваць дзень не заўсёды магчыма. Задумаеш адно, раздаецца тэлефонны званок – і задачы мяняюцца. Толькі на спаборніцтвах усё ідзе па графіку.

Часам на спартыўныя мерапрыемствы Святлана ідзе разам з мужам Дзмітрыем. Пажарнаму-выратавальніку цікава сачыць за ходам турніраў. Дома гуляюць у футбол разам з сынам-другакласнікам Мацвеем. Хлопчык займаецца ў футбольнай секцыі ў спартшколе і без уважлівых прычын заняткі не прапускае.

З усмешкай прыгадвае Святлана першыя спаборніцтвы па валейболе, на якіх прысутнічала ў якасці інструктара-метадыста:

– Прыйшла дадому, а ў галаве стукаў мячык. Доўга не сціхаў. Пасля прывыкла да спецыфікі работы. Змяніць род дзейнасці і паспрабаваць сябе ў новай справе аказалася магчымым і цікавым.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий