Рэйд па азёрных берагах Міёршчыны

 Купальны сезон на Міёршчыне афіцыйна аб’яўлены з 15 мая. Да гэтага часу неабходна было прывесці ў парадак пляжы. Напярэдадні зацікаўленыя службы праверылі гатоўнасць гэтых месцаў адпачынку.

У рэйд па азёрных берагах скіроўваемся разам з начальнікам выратавальнай станцыі Алегам Рубанікам і інспектарам РАНС Вольгай Гіржда (на фота).

– У раёне два афіцыйна ўстаноўленыя пляжы – на возеры Абстэрна ў Пераброддзі і на Міёрскім возеры на паўвостраве ў райцэнтры, – заўважае Алег Віктаравіч. – Таксама летам будуць праходзіць маніторынгі на азёрах у парку «Мядзведак» у райцэнтры, у Асінаўцы і кемпінгу «Мерэя» на прадмет мэта- згоднасці абуладкаваць у гэтых месцах пляжы. Туды таксама зазірнём.

Пачынаем аб’езд з парка «Мядзведак».

– Добрае месца для адпачынку. Ёсць трэнажоры, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, месца для кастра, – адзначае Вольга Гіржда. – Абуладкаваць тут пляж было б да месца.

 Згодна з Правіламі аховы жыцця людзей на водах, на пляжы ў тым ліку павінны быць устаноўлены распранальня, прыбіральня, кантэйнеры для смецця, ценявы грыбок, пірс для сходу ў ваду, пясчанае дно. Усё гэта маецца на пляжы на паўвостраве ў Міёрах. Толькі, па меркаванні Алега Рубаніка, ценявы грыбок варта ўстанавіць з больш шырокімі палямі. Супрацоўнікам выратавальнай станцыі даводзілася аказваць тут дапамогу адпачывальнікам, што перагрэліся на сонцы.

На беразе возера ў Асінаўцы раней быў афіцыйна ўстаноўлены пляж. Пра гэта нагадваюць распранальня, прыбіральня і ценявы грыбок. Імі і цяпер карыстаюцца тыя, хто прыяз- джае сюды купацца. Магчыма, падчас летняга маніторынгу камісія прыйдзе да высновы вярнуць гэтаму месцу адпачынку былы статус. Вывучаць сітуацыю і на кемпінгу «Мерэя».

Пляж у Пераброддзі на момант рэйду практычна быў гатовы прымаць адпачывальнікаў. Толькі пірс яшчэ хаваўся пад вадой, не была абазначана буйкамі тэрыторыя для плавання. Таксама патрабавалася ачысціць дно.

– Перад пачаткам купальнага сезона штогод праходзяць работы па ачыстцы дна. Затым «уборка» неабходна як мінімум раз на месяц. З гэтага года на афіцыйных пляжах будуць дзяжурыць выратавальнікі. Абуладкоўваем пост у Пераброддзі, – заўважае Алег Віктаравіч. – У раёне ёсць месцы, дзе купанне забаронена, два афіцыйна ўстаноўленыя пляжы. Разам з тым у кожным населеным пункце з вадаёмамі мясцовыя жыхары самі выбіраюць месцы для купання. Гэта пытанне асабістай бяспекі. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий