Імя ў гонар паштальёна
Вера Палікарпаўна Скрыпка працуе паштальёнам у аддзяленні сувязі Цвеціна.
— Хутка будзе юбілей, — адзначае жанчына. — Уладкавалася на працу ў 1983 годзе. З той пары на пасту.
Вера Палікарпаўна абслугоўвае жыхароў вёсак Цвеціна і Галёнчына: 140 двароў і каля 450 чалавек, з якіх прыкладна 100—пенсіянеры. Гаворыць, што праца падабаецца, заўсёды з людзьмі, ведае іх жыццё, запатрабаванні. Акрамя непасрэдных абавязкаў паштовага работніка В. П. Скрыпка прапануе тавары. Яны розныя: цукар, крупы, бярэ персанальныя заказы. Такі гандаль у месяц прыносіць больш 4 мільёнаў рублёў — адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Насельніцтва разлічваецца з паштальёнам за электраэнергію, радыё, тэлефон. Здараецца, што адзінокія пенсіянеры просяць набыць лякарствы. Як тут адмовіць? Жанчына стараецца задаволіць просьбы.
— З ахвотай выконваю іх, — тлумачыць яна, —хаця сумка бывае паўнюткай. Развозіць пошту, тавары дапамагае веласіпед.
У свой час сям’я Веры жыла ў вёсцы Жойдзікі Язненскага сельсавета.
— Бацькі вельмі любілі тутэйшага паштальёна, — гаворыць яна. — У гонар яе і мне далі імя Вера. Вось якую ролю ў маім жыцці адыграў паштовы работнік, — з усмешкай заяўляе жанчына.
Вера Палікарпаўна з адказнасцю адносіцца да падпіскі перыядычных выданняў. Так, цэны растуць на іх, але павялічваюцца пенсіі і заробкі. Газеты і часопісы людзям патрэбны.
— Выпісваюць раённую газету, бо знаходзяць у ёй мясцовую інфармацыю, якая падказвае, растлумачвае новыя моманты ў законатворчасці. Людзі даюць рэкламныя аб’явы.
Вольга Анатольеўна Усціновіч — другі паштальён аддзялення. Яна абслугоўвае аддаленыя вёскі Мётлы, Копцева, Малінаўку.
Нядаўна за шчырую і сумленную працу Вера Палікарпаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”. Спадзяёмся, што да свайго працоўнага юбілею паштальён здолее атрымаць не адно заахвочванне.
Людвіг КАСАТЫ.