Міярчанка Марыі Трубач: Сваіх выхаванцаў адчуваю. Іх настрой, эмоцыі, пачуцці

 Самастойна есці лыжкай, шнураваць чаравікі, складаць канструктар – гэтым і іншым простым навыкам дзецям з асаблівасцямі ў развіцці даводзіцца вучыцца доўга і настойліва. Ісці да поспеху дапамагае сваім выхаванцам педагог раённага цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Марыя ТРУБАЧ. Разам з дзецьмі і іх бацькамі радуецца кожнаму новаму дасягненню.

Як выхавацель дашкольнай адукацыі Марыя Трубач працуе ў спецгрупе цэнтра. У якасці цьютара (англ. tutor – настаўнік, рэпетытар) аказвае індывідуальнае суправаджэнне траім выхаванцам падчас навучальнага працэсу, дапамагаючы ім узаемадзейнічаць з педагогамі і іншымі дзецьмі.

Мінулым летам Марыя Генрыкаўна на курсах павышэння кваліфікацыі папоўніла скарбонку ведаў і навыкаў па ўзаемадзеянні з дзецьмі з аўтызмам. Пастаянна займаецца самаадукацыяй у гэтым накірунку, чытае спецыяльную літаратуру, распрацоўвае метадычныя матэрыялы для работы.

– Вось гэта кубік прывітанняў. З розных бакоў розныя карцінкі: абдымкі, смайлік, далонь і так далей. Дзіця кідае кубік – і які спосаб прывітання выпадзе, такі і выбіраем, – паказвае педагог адну са сваіх метадычных знаходак. – Зрабіла альбом для камунікацый. У ім мноства каляровых карцінак, што абазначаюць дзеянні. Гартаючы альбом, дзіця выбірае, чым бы хацела пазаймацца.

Калісьці сямігадовая Паліна не ўмела кідаць кубік, есці лыжкай, абуваць тапачкі, збіраць канструктар. Цяпер самастойна спраўляецца з гэтымі дзеяннямі. Большасць палічыць іх простымі і не вартымі ўвагі. Аднак для асаблівых дзяцей, іх бацькоў і педагогаў гэта значны поспех.

– Дзеці з аўтызмам часта не разумеюць маўленне. Наглядны матэрыял – аснова ў зносінах з імі. Карцінку паказаў – і яны зразумелі, што трэба рабіць, – заўважае Марыя Генрыкаўна. – Для кожнага складаецца візуальны расклад. Ёсць карткі з пакрокавымі інструкцыямі. Напрыклад, як чысціць зубы, паводзіць сябе ў прыбіральні. Сфарміраваць у асаблівага дзіцяці той ці іншы навык – крапатлівая штодзённая праца. Спачатку вучыш, трымаючы яго руку ў сваёй, затым паціху адпускаеш і назіраеш за самастойным дзеяннем. Нарэшце, атрымліваецца – і гэта вялікая радасць.

Шнуроўкі, канструктары, лато і іншыя адаптыўныя гульні дапамагаюць развіваць дробную маторыку, зрокавае ўспрыманне, каардынацыю рухаў. Як і звычайныя, дзеці з асаблівасцямі гартаюць кніжкі з карцінкамі, спрабуюць маляваць жывёл і пісаць літары, любяць атрымліваць салодкія ласункі за выкананае заданне.

Існуе меркаванне, што дзеці з аўтызмам жывуць у сваім свеце і закрытыя для кантакту з акружаючымі. Са слоў Марыі Трубач, яна сваіх выхаванцаў адчувае. Іх настрой, эмоцыі, пачуцці. Ведае, калі трэба праявіць строгасць, а калі мяккасць. І дзеці адчуваюць тых, хто іх акружае. Таму самае галоўнае ў рабоце з імі – дабрыня, міласэрнасць і жаданне дапамагчы. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.