Радуюцца пустым талеркам кухары Міёршчыны

 «Усё па-дамашняму!» Такі негалосны дэвіз у повараў сталовай СУП «Цітова». Са стараннем і энтузіязмам гатуюць смачныя і сытныя стравы для работнікаў гаспадаркі. Радуюцца пустым талеркам, якія, паабедаўшы, вяртаюць пастаянныя наведвальнікі.

Водар дамашняй ежы адчуваецца ўжо з парога. У светлай абедзеннай зале пакуль пуста, а на кухні работа кіпіць.

– На абед сёння суп з макаронных вырабаў з курыцай, тушаная бульба з грыбамі, вінегрэт, – знаёміць з меню загадчык сталовай Валянціна Кабяк, памешваючы засмажку для супа. – Розныя стравы прапаноўваем. І дранікі з мясам, і клёцкі, і мучныя бліны. Ні ў адной з нас няма спецыяльнай адукацыі, таму гатуем, як дома.

Дзясяткі порцый для працаўнікоў 

Прафесію повара Валянціна Віктараўна асвойвала непасрэдна на практыцы. Па дыпломе – швачка. У маладосці крыху працавала на фабрыцы ў Віцебску, затым вярнулася ў родную вёсачку Іст і 17 гадоў сачыла за чысцінёй і парадкам у мясцовай школе. Калі ўстанову зачынілі, уладкавалася ў сталовую спачатку поварам, затым стала загадчыцай. Ля пліты ўжо адзінаццаты год. На работу дабіраецца разам мужам, які ў СУП «Цітова» працуе трактарыстам.

– Гатуем абеды для механізатараў, жывёлаводаў. Першыя прыходзяць у сталоўку харчавацца, другім дастаўляюць ежу на месца працы. З раніцы паведамляюць, колькі порцый трэба. Звычайна 35 – 40, летам да 80 бывае. Апошнія два гады ў летні сезон гатавалі і для работнікаў язненскай гаспадаркі, – расказвае суразмоўніца. – Працаўнікі самі вырашаюць, заказваць абед у сталовай ці дома падсілкавацца. Мясцовыя звычайна выбіраюць другі варыянт. Але ж у нас і з Дзісны, і з Іста людзі працуюць. Ім зручна тут абедаць.

У тэмпе і з настроем

Разам з загадчыцай завіхаюцца на кухні Валянціна Каласёнак і Ніна Трафімава. Валянціну Васільеўну ведаюць у ваколіцах як умелую гаспадыню. Калі яшчэ не існавала выязных кафэ, вяскоўцы запрашалі яе гатаваць сталы з нагоды і радасных, і сумных падзей. У сталовай занята тры гады. Тут слыве спецыялістам па блінчыках. І не толькі.

– У гаспадарцы дыспетчарам працавала. Выйшла на пенсію – папрасілі ў сталовай дапамагчы. Пагадзілася, – хутка і спрытна наразаючы бульбу ў суп, расказвае пра сябе. – Не скажу, што складана было прывыкнуць. Гатуеш і гатуеш. Тэмп у рабоце важны, бо ўжо ў 11.00 адпраўляем абеды на ферму, апоўдні работнікі ў сталоўку прыходзяць.

Прывыкла да кухонных будняў Ніна Іванаўна. Яна тут паўгода.

– 14 гадоў у аддзеле кадраў працавала, затым на ферме вартаўніком была. Цёпла прынялі ў сталовай. Строгага падзелу абавязкаў у нас няма: што бачым, тое і робім. Лёгка падмяняем адна адну, – заўважае суразмоўніца, чысцячы буракі на вінегрэт. – Гатаваць усё люблю. Згодна з тым, што за справу трэба брацца з добрымі думкамі і пазітыўным настроем. Тады будзе смачна.

Пустыя талеркі – крыніца пазітыву

Працуе сталовая без выхадных. Па суботах і нядзелях повары выходзяць на працу не ў поўным саставе. Даюць адна адной магчымасць адпачыць. Аднак цёплай парой – ад пасяўной да ўборачнай – пра выхадныя нават не думаюць. Для працавітых сяльчанак гэта не праблема. Прывыклі і да летняй спякоты, і да, так бы мовіць, аб’ёмаў вытворчасці, і да мноства талерак, якія пасля трэба вымыць, і да штодзённай уборкі на кухні і ў абедзеннай зале.

Схематычна рабочы дзень выглядае так: прыгатаванне абедаў – раздача – уборка. Кожны этап патрабуе тэмпу, акуратнасці і добрага настрою. Заставацца на пазітыве дапамагаюць у тым ліку пустыя талеркі, вернутыя наведвальнікамі, і шчырыя словы ўдзячнасці за смачны і сытны абед, якія гучаць штодня.

– Прыемна, калі іншым смачна! – радуюцца повары.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий