Жаночае сэрца б’ецца хутчэй, чым мужчынскае. Вушы чалавека растуць на працягу ўсяго яго жыцця. Ананас – гэта ягада, а ў мёду няма тэрміну прыдатнасці. Акулы не хварэюць, а мурашы не спяць. Гэтыя і іншыя цікавыя факты ўзгадалі ці адкрылі для сябе ўдзельнікі інтэлектуальнага турніру, што адбыўся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Ініцыятарам мерапрыемства выступілі бібліятэкары. З энтузіязмам падтрымалі ідэю раённая ветэранская арганізацыя і аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Сышліся ў інтэлектуальнай баталіі жаночая каманда «Журавінкі» на чале з былым начальнікам аддзела загса Ірынай Гушча і мужчынская «Бывалыя», капітанам якой стаў колішні галоўны рэдактар раённай газеты Леанід Матэленак.
Удзельнікаў чакалі цікавыя іспыты на веды і кемлівасць. Дружна давалі правільныя адказы «Так» або «Не» падчас размінкі. Складаней аказаліся для «Журавінак» пытанні мужчынскай тэматыкі. Разам з тым яны добра разбіраюцца ў відах адвёртак; ведаюць, што більярдны кій націраюць мелам, а спартсмен, які адной рукой падымае слана, – шахматыст. Хутка падлічылі, што падчас хакейнага матча на лёдзе адначасова знаходзіцца 12 ігракоў, прыгадаўшы песенны радок «великолепная пятерка и вратарь».
«Бывалыя», як аказалася, выдатна ведаюць разнавіднасці жаночых спадніц. Здагадаліся, што сакрэтная зброя кожнай жанчыны – усмешка, а найлепшыя сябры – брыльянты. А вось на пытанні, што такое шэлак і спонж, як называюць другую гадавіну сямейнага жыцця і як звалі ў Старажытным Рыме багіню дамашняга ачага, правільных адказаў не паступіла.
У конкурсе «Ты – мне, я – табе», пытанні для якога кожны з удзельнікаў падрыхтаваў загадзя, самай складанай стала задачка ад Леаніда Матэленка. Прасіў назваць прозвішча Івана Сусаніна, паколькі Сусанін – гэта імя па бацьку. Як аказалася, правільны адказ ведаў толькі аўтар пытання. Прозвішча рускага нацыянальнага героя – Багдашаў, якое было забыта гісторыкамі.
З лёгкасцю інтэлектуалы называлі аўтараў вершаваных радкоў у літаратурным конкурсе. Хутка ўгадвалі кінафільмы па апісанні. У музычным туры, дзе па карцінцы трэба было назваць песню, «Журавінкі» пераспявалі ўсіх.
Як сапраўдныя джэнтльмены, «Бывалыя» саступілі перамогу жаночай камандзе. Разам адзначылі поспех і цудоўную гульню за чаяпіццем у прыемнай сяброўскай атмасферы.