На 1 студзеня на ўліку ў Миёрским Цэнтры занятасці знаходзилася 6 430 чалавек
gazeta 29-03-2023, 15:44 137 Грамадства
Адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь – стварэнне бяспечных умоў для якаснага развіцця патэнцыялу чалавека і забеспячэння годнага жыцця насельніцтва. Сацбслугоўванне і падтрымка людзей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, задавальненне патрэб інвалідаў у паслугах рэабілітацыі – вядучыя элементы сістэмы сацыяльнай абароны нашай краіны.
Пра рэалізацыю рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў адпаведнай Дзяржаўнай праграмы на 2021-2025 гг. ішла размова на сесіі раённага Савета дэпутатаў. У яе рабоце прынялі ўдзел член Савета Рэспублікі, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Міёрскай выбарчай акрузе № 15, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Сямёнавіч МАЦВЕЕЎ і старшыня райвыканкама Ігар КУЗНЯЦОЎ.
Мэта Дзяржпраграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гг. – далейшае паляпшэнне ўмоў забеспячэння сацыяльнай абароны насельніцтва, фарміраванне даступнага асяродку жыццядзейнасці. У тым ліку даступнасць аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры і вулічна-дарожнай сеткі, транспартных сродкаў і адпаведнай інфраструктуры, інфармацыі, а таксама фарміраванне пазітыўных адносін у грамадстве да інвалідаў.
Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслава Бялько, летась выканалі ўсе мэтавыя паказчыкі. Сацыяльным абслугоўваннем на Міёршчыне было ахоплена 106,2 % пажылых людзей і інвалідаў пры заданні ў 101,3 %. Абследаваны матэрыяльна-бытавыя ўмовы жыцця асобных катэгорый грамадзян у поўным аб’ёме. На 100 % насельніцтва было забяспечана тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.
На 1 студзеня на ўліку ў Цэнтры занятасці знаходзилася 6 430 чалавек. Сярод іх 468 адзінокіх пажылых, 4 854 адзінока пражываючых, восем асоб, пацярпелых ад наступстваў Вялікай Айчыннай вайны, 62 ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, 964 інваліды і 74 сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды.
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва функцыянуе шэсць аддзяленняў і 11 сацыяльных пунктаў. Пажылыя людзі і інваліды атрымліваюць паслугі як дома, так і ў паўстацыянарах і стацыянарах. Найбольш запатрабаванае надомнае абслугоўванне, якім ахоплена 572 чалавекі. Пашырылася практыка аказання паслуг сядзелкі, дзённага нагляду – іх атрымліваюць 23 грамадзяніны. Заключаны чатыры дагаворы на сацыяльнае абслугоўванне інвалідаў у замяшчальнай сям’і. Летась паслугі суправаджальнага пражывання аказвалі 12 чалавекам.
Права на афармленне пастаяннага догляду маюць інваліды 1 групы або асобы, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Дапамога прызначана ў адносінах да 95 чалавек.
Пажылым аказваюць разавыя платныя паслугі. У Міёрах запатрабавана сацыяльная цырульня, у Дзісне карыстаецца попытам мыццё і рамонт адзення.
Акрамя бытавых паслуг тэрытарыяльны цэнтр задавальняе і патрэбу пажылых людзей у стасунках. У 2022 годзе аддзяленне дзённага знаходжання на пастаяннай аснове наведвалі 74 чалавекі, 41 займаўся ў гуртках і клубах па месцы жыхарства. Абмяркоўвалі пытанні фінансавай граматнасці і кібербяспекі, падаўжэння актыўнага даўгалецця, прафілактыкі кагнітыўных парушэнняў, фарміравання мастацка-эстэтычнай культуры і іншыя.
Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў разлічана на 35 койка-месцаў. Умовы пражывання тут блізкія да хатніх. Бабулі і дзядулі застаюцца ў звыклай абстаноўцы і знаходзяць сабе занятак па душы, што станоўча адбіваецца на іх самаадчуванні і настроі, працягласці жыцця.
Важны накірунак дзейнасці аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў – сацыяльна-культурная рэабілітацыя. На 1 студзеня на абслугоўванні тут знаходзілася 46 чалавек. У верасні 2020 года аддзяленню перадалі будынак плошчай амаль 300 м2, на яго рамонт са сродкаў мясцовага бюджэту было выдзелена звыш 76,5 тысячы рублёў. Будынак абсталяваны сродкамі безбар’ернага асяродку. Сёлета работы прадоўжацца.
Дзейнічаюць дзве працоўныя майстэрні, шэсць гурткоў і сем клубаў. Для 14 інвалідаў работу трох гурткоў па інтарэсах арганізавалі дома. Для чатырох сяльчан працуе выязны клуб «Умелец».
Актыўна ўкараняюцца інавацыйныя формы работы, рэалізуюцца сацыяльныя праекты. Напрыклад, «Дабро на парозе», калі валанцёры ў святы наведваюць дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, пажылых людзей. «Роўны дапамагае роўнаму» мае на ўвазе дапамогу ў добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, пасадцы і ўборцы гародніны, уладкаванні жылля інвалідаў, дзе дзейнічае брыгада «Талака».
Каб своечасова аказваць дапамогу інвалідам, наладжана ўзаемадзеянне з грамадскімі аб’яднаннямі інвалідаў, арганізацыямі і ўстановамі раёна. Праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на іх рэабілітацыю і інтэграцыю – Дні адчыненых дзвярэй, дыялогавыя пляцоўкі, конкурсна-забаўляльныя праграмы, акцыі, экскурсіі, сустрэчы.
Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ўдзельнічалі і перамагалі ў мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Напрыклад, у інтэрактыўным конкурсе «Акорды душы», міжрэгіянальным фестывалі «Зорка надзеі», конкурсе інвалідаў па зроку «Я – самы рэабілітаваны», іншых творчых і спартыўных спаборніцтвах.
У аддзяленні распрацоўваюць і вырабляюць сувенірную прадукцыю. Летась наладзілі вытворчасць гліняных гадзіннікаў, пашыў ручнікоў з сімволікай Міёрскага краю.
Створаны ўмовы для рэалізацыі творчага патэнцыялу пажылых людзей і інвалідаў. У пяці філіялах Цэнтра культуры і народнай творчасці ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці пяць чалавек. Традыцыйна праходзяць выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для інвалідаў з парушэннямі зроку папаўняецца фонд агучанай літаратуры, пенсіянерам і інвалідам кнігі дастаўляюць дадому. Праходзяць бясплатныя экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчым музеі. У фізкультурна-аздараўленчым клубе для іх ёсць ільготы.
На пастаянным кантролі пытанні стварэння бяспечных умоў пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў. Летась у домаўладаннях катэгараваных грамадзян прывялі ў парадак 16 адзінак пячнога ацяплення, пяць электраправодак, дапамаглі замяніць газавыя пліты пяці чалавекам, устанавілі пяць пажарных апавяшчальнікаў.
Пажылым людзям і непрацаздольным асобам, інвалідам, што аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, тэрытарыяльны цэнтр аказваў матэрыяльную дапамогу з розных крыніц фінансавання. Летась яе атрымалі 277 чалавек на суму амаль 120 тысяч рублёў.
За тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі звярталіся 30 грамадзян, яны атрымалі 45 адзінак, 14 чалавек забяспечаны крэсламі-каляскамі. Дзейнічаюць тры пункты пракату, паслугамі якіх летась скарысталіся 36 чалавек. Даступны асяродак створаны на трох аб’ектах: у раённай бібліятэцы, доме № 48 па вуліцы Камуністычнай, а таксама абуладкаваны тратуары і пешаходныя пераходы на Камуністычнай. Пытанне застаецца актуальным.
Старшыня райвыканкама заўважыў, што дзяржава надае вялікую ўвагу падтрымцы пажылых людзей і інвалідаў. Між тым ніхто не здымае адказнасці з іх родных, якія таксама павінны дапамагаць.
Алена ВАРОНІНА.
Фота для ілюстрацыі.