На Міёршчыне гукалі вясну

 Песні, вогнішча, карагоды – атрыбуты старажытнага абраду «Гуканне вясны». Традыцыя існуе ў многіх рэгіёнах Беларусі і ў кожным мае свае, адрозныя ад іншых адметнасці. На мінулым тыдні гукалі вясну ў Чэрасах.

З песнямі-вяснянкамі ўдзельнікі абраду скіраваліся да вогнішча. Неслі да яго невялікую ляльку на палачцы – Макрэну і галінкі. Макрэна – сімвал мінулай зімы. Са словамі «Адыдзі, зіма, ты нядобрай была!» ляльку кінулі ў агонь. Затым па чарзе клалі ў вогнішча галінкі, загадваючы, каб разам з імі згарэла ўсё нядобрае.

Пасля спявалі песні, вадзілі карагоды, каталі ўпрыгожанае кола ад калаўрота. Самым трапным Вясна дарыла падарункі.

 Ладзілі абрад удзельніцы клуба «Суседачкі», што дзейнічае пры Чэраскім СДК. Разам са старэйшымі жанчынамі далучыліся да дзейства мясцовыя маладыя дзяўчаты. Кіраўнік аб’яднання Надзея Федуковіч расказвае:

– Крыніца мясцовага фальклору – Залессе. Так называем тэрыторыю, дзе знаходзяцца Маляўкі, Казлы, Мнюхі і іншыя ўжо невялікія вёсачкі. Менавіта тамашнія жанчыны калісьці расказалі, як у нас гукалі вясну. Пасля шукала інфармацыю пра гэты абрад у іншых мясцінах і больш нідзе не сустрэла звестак пра ляльку Макрэну. У нас яе рабілі невялікую, набіваючы саломай светлую тканіну. З вогнішча, у якім палілі ляльку і галінкі, бралі дадому вугельчыкі. Лічылі, што яны валодаюць ахоўнай і гаючай сілай. Каб хату не пашкодзілі прыродныя стыхіі, вугельчык клалі пад страху. Разведзеным у вадзе попелам з магічнага вогнішча лячылі хваробы жывата, прыкладалі кампрэсы да суставаў. Пакінуты ў хлебе вугельчык абараняў жывёлу.

Разам гукаць вясну «Суседачкі» запрасілі сябровак з аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН. У завяршэнне чакала чаяпіцце, сімвалічным пачастункам да якога стала печыва ў выглядзе птушак.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий