Напэўна, многія гаспадыні, зрабіўшы ўборку, заўважаюць, што стала не толькі ў доме чысцей, але і на душы святлей. І разам са стомленасцю прыходзіць прыемнае пачуццё задаволенасці вынікам сваёй работы. Штосьці падобнае кожны дзень перажываюць прыбіральшчыцы прыдамавых тэрыторый Валянціна СЦЕПУЛЁНАК і Валянціна ВАРОНЬКА.
Іх зброя – шчотка і савок
Справа ў прыбіральшчыц нялёгкая. Трэба зрабіць паклон кожнай выкінутай абы-дзе пустой бутэльцы, упакоўцы з-пад чыпсаў, абгортцы з-пад цукеркі. Зімой дадаюцца клопаты са снегам, ад якога расчышчаюць тэрыторыю ля пад’ездаў. Летам грабяць скошаную траву і вырываюць тую, што прабіваецца праз тратуарную плітку. Штодня са шчоткай, саўком і вядром выходзяць раніцай на свае тэрыторыі і да вечара сочаць за парадкам на іх.
– Мой участак на вуліцы Дзяржынскага – 11 дамоў і 33 пад’езды, – гаворыць Валянціна Варонька. – Пасля зімы клопатаў шмат. Снег сышоў, засталіся смецце, што было пад ім схавана, пясок і зямля.
– У мяне тэрыторыя па Камуністычнай ад фізкультурна-аздараўленчага комплексу да будынка школы. На ўчастку 13 дамоў, – заўважае Валянціна Сцепулёнак. – Днямі на адным месцы знайшла шмат пустых бутэлек, што пад снегам хаваліся. Смецця штодня хапае. За дзень прыбяру, назаўтра ўсё паўтараецца.
Прыемна рабіць горад чысцей
Для Валянціны Варонька гэты год двойчы юбілейны. 20 гадоў, як занята ў камунальнай службе. У верасні адзначыць сваё 60-годдзе. Бадзёрая, рухавая і жвавая, яна зусім не выглядае на пашпартны ўзрост. Трэці год на заслужаным адпачынку, аднак па-ранейшаму наводзіць парадак у горадзе. Са светлай настальгіяй прыгадвае час, калі працавала ў фотаатэлье Міёрскага КБА, а пасля займалася фотаздымкай як індывідуальны прадпрымальнік. Работу ў камунальнай службе пачынала ў цяпліцы, вырошчвала кветкі, якія пасля ўпрыгожвалі гарадскія клумбы. Праз пяць гадоў перайшла ў брыгаду па добраўпарадкаванні, што выконвала розныя работы па ўсім горадзе. Сёлета ў студзені стала сачыць за чысцінёй на прыдамавых тэрыторыях. Працягвае дапамагаць калегам з былой брыгады, калі ў тым ёсць неабходнасць. Нядаўна разам рабілі ямкавы рамонт.
– Канешне, пад вечар стамляешся, аднак працу сваю я люблю і за іншым заняткам сябе ўжо не ўяўляю, – заўважае суразмоўніца. – Падабаецца рабіць наш горад чысцей. Прыемна, калі жыхары кажуць за гэта «Дзякуй!»
Падрабязней у новым выпуску раённай газеты. Кацярына РЫНКЕВІЧ. Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.