Юлія Сухоўская: Калісьці гандлявалі толькі прадукцыяй Міёрскага хлебазавода, зараз асартымент куды больш шырокі
gazeta 15-03-2023, 13:27 294 Грамадства
Штодня ў магазін «Каласок» у Новым Пагосце наведваецца каля ста пакупнікоў. Прыходзяць мясцовыя, жыхары суседніх месцейкаў, у тым ліку з Шаркаўшчынскага раёна. Гандлёвая кропка Міёрскай вытворчасці Полацкага хлебазавода з’явілася тут два гады таму. Цяпер гэта адзіны ў вёсцы магазін, які задавальняе пакупніцкі попыт на прадукты харчавання.
Па плошчы магазін невялікі, на асартымент харчовых тавараў багаты. Усе яны адразу ў полі зроку пакупніка. У халадзільных шафах – малочная прадукцыя, у маразільніках – пяльмені, рыба, мяса. На асобнай вітрыне – каўбасныя вырабы, на паліцах – макароны, крупы, рыбныя і мясныя кансервы.
Адчыняем дзверы – і адразу накрывае нябачная хваля прыемнага водару свежай здобы. Толькі што прывезлі хлебабулачную прадукцыю з Міёр.
– Свежыя хлеб, булачкі, пірожныя, круасаны завозяць штодня, – расказвае прадавец Юлія Сухоўская, прыняўшы тавар. – Тры разы на тыдзень атрымліваем торты. На іх асаблівы попыт у перадсвяточныя дні. Тройчы на тыдзень прывозяць малочную прадукцыю, па меры неабходнасці заказваем каўбасныя вырабы.
Як расказала прадавец, у ліку самых запатрабаваных прадуктаў – хлеб, малако, каўбаса. Ліверная таксама на паліцах не затрымліваецца, бяруць яе катам паласавацца. Халоднай парой разбіраюць яйкі. Ацанілі сельскія жыхары гатовыя галубцы, блінчыкі з курыцай і тварагом. Купіў, размарозіў, разагрэў – сытныя і смачныя абед ці вячэра гатовы. Ёсць фаршыраваныя перцы, аднак гэта страва на аматара.
Працуе «Каласок» без выхадных. З васьмі раніцы да сямі вечара дзверы адчынены для пакупнікоў. Толькі ў перыяд водпуску прадаўцоў у рабочым графіку з’яўляюцца карэктывы.
– Цяпер у водпуску мая калега Наталля Цімафеева, таму прыходжу на працу штодня, акрамя суботы, і ў нядзелю дзень скарочаны. Звычайна ў нас графік два праз два, – расказвае Юлія Уладзіміраўна. – У сем раніцы ўжо ў магазіне. Прыходзім раней, каб падрыхтавацца да новага дня. Зімой трэба паспець снег расчысціць, сёлета з ім клопатаў хапае.
У сферы гандлю Юлія Сухоўская з 2005 года. Магазін «Каласок» – першае працоўнае месца выпускніцы Полацкага гандлёва-эканамічнага каледжа. Пасля гандлёвую кропку зачынілі, і вось праз час тут зноў чакаюць пакупнікоў.
– Калісьці гандлявалі толькі прадукцыяй Міёрскага хлебазавода, зараз асартымент куды больш шырокі, – заўважае прадавец. – І цяпер, і год таму, калі яшчэ дзейнічаў магазін Верхнядзвінскага філіяла аблспажыўтаварыства, тавараабарот у нас быў высокі, перавыконвалі план.
Імідж магазіна разам з запоўненымі таварамі паліцамі ствараюць уважлівасць і добразычлівасць прадаўцоў. З мясцовых Юлія ведае кожнага пакупніка. Сама родам з Новага Пагоста, тут рэалізавала сябе ў прафесіі і знайшла асабістае шчасце. Дарагія сэрцу людзі – муж і трое дзяцей-школьнікаў. Збіраючыся дадому, прабівае на касе прадукты для сям’і. У ліку пастаянных пакупак – батон і каўбаса.
Бутэрброды дома на стале пастаянна. Старэйшая дачка Жэня часта гатуе для мамы амлет на вячэру.
Сваю справу Юлія любіць за стасункі з людзьмі, цікава працаваць з дакументацыяй. Ідзе ў магазін з добрым настроем і дзеліцца ім з кожным, хто прыходзіць па пакупкі.
ДАРЭЧЫ
Адказнае стаўленне і паспяховае выкананне працоўных абавязкаў у тым ліку сталі нагодай прысвоіць Юліі Сухоўскай званне «Жанчына года Міёршчыны». З яе слоў, гэта стала прыемнай нечаканасцю. Парадаваліся і падтрымалі родныя, віншавалі пакупнікі. Яркая падзея запомніцца надоўга.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.