Размышления врача-педиатра о работе в Миорах через года

 Мяне – тады яшчэ студэнта шостага курса Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута – накіравалі працаваць педыятрам у Міёрскую цэнтральную раённую бальніцу. Пра гэты невялічкі гарадок на паўночным захадзе нашай краіны да 1988 года амаль нічога не ведаў. Успрыняў размеркаванне з уласцівым юнацкім максімалізмам: «Еду ў Міёры!».

 

Душэўная сустрэча

Хутка праляцеў час, адведзены на інтэрнатуру, а яшчэ хутчэй – дарога ад Мінска да райцэнтра. Неяк адразу, з-за павароту, у атачэнні возера, магутнага будынка касцёла і разгалістай вярбы паўстаў трохпавярховы корпус бальніцы па вуліцы Ізварына.

– Правільна, што прыехаў працаваць у Міёры, не спалохаўся. Мы цябе чакалі, – сустрэў галоўны ўрач Мікалай Максімавіч Фёдараў.

Аўтарытэт і ўпэўненасць зыходзілі ад гэтага чалавека са спакойным поглядам, роўным голасам. Выказваўся без лішніх слоў. На той час Мікалай Максімавіч ужо 24 гады кіраваў бальніцай і быў, як лічылі медыкі, сапраўдным гаспадаром. Да ўсіх спраў даходзіў яго талент кіраўніка.

Так за некалькі хвілін з дыпломам урача-педыятра ўладкаваўся на сваё першае працоўнае месца. Іосіф Францавіч Вашкевіч, намеснік галоўнага ўрача, з характэрнай яму інтэлігентнасцю і асаблівай культурай пазнаёміў з абавязкамі і тонкасцямі працы. Ужо на другі дзень я вёў прыём пацыентаў у паліклініцы, наведваў хворых дзяцей на даму, і што самае нечаканае – аглядаў немаўлят у радзільным аддзяленні. Практычных ведаў не заўсёды хапала. Па дапамогу звяртаўся да калег, кніг і падручнікаў. Інтэрнэт-крыніц тады не было.

 

Вопыт маладосці ў дапамогу

Неяк адразу зачараваў мяне гэты край Міёрскага паазер'я з яго першароднай прыродай, балотам Ельня, шматлікімі азёрамі, чыстай Язненскай дубровай, адзіным на Беларусі вадаспадам, Лявонпальскай калонай, пантоннымі пераправамі, клінамі журавоў і мяхамі журавін. Паступова знаёміўся з мястэчкам Міоры, Міёры, Мёры. Прыйшлося хутка адаптавацца і да мясцовага дыялекту: «мальцы – хлопцы», «дзярбучы кашаль б'е як у бубен – часты, моцны кашаль». На пытанне: «Як справы?», адказвалі: «А нішто сабе, адчэпна – усё добра».

Шмат чаго тут для мяне адбывалася ўпершыню. Шлях на начны выклік у ра- дзільнае аддзяленне ў жніўні 1989 года пралягаў па самай доўгай набярэжнай у Беларусі ўздоўж міёрскага возера. Што там чакае? Праца фельчарам на «хуткай» у 1986 – 1988 гадах у Мінску прывучыла да думкі: заўсёды будзь гатовым да экстраннай сітуацыі, «пракруці» магчымы сцэнарый падзей, рыхтуйся да кожнай сустрэчы з пацыентам.

У акно радзільнай залы было добра відаць, як пачынаўся першы для мяне світанак на міёрскай зямлі. Ён быў прыгожым і зачароўваў сваім ціхім, незаўважным пачаткам. Прамяні сонейка непрыкметна прайшліся над шатамі дрэў, праслізнулі па возеры, адлюстраваліся ў адвечных вітражах і вежах касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ранняе чыстае неба разрэзаў гук першых самалётаў, што ўзляталі з запаснога аэрадрома Балтыйскага флоту, які дзейнічаў ля Міёр у часы СССР.

Яшчэ зусім нядаўна праз акушэрскі стэтаскоп было чуваць сэрцабіццё плода ва ўлонні маці, а праз некалькі хвілін нованароджанае дзіця запатрабавала сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Тады ўпершыню праводзіў яе і ўсё прайшло паспяхова. У самых складаных абставінах, як тады, на дапамогу прыходзіла карыфей педыятрыі, раённы педыятр Эльгенціна Аркадзьеўна Сахоўская. Кожны неардынарны выпадак яна ўважліва аналізавала, парады давала мэтанакіраваныя, як кажуць «па справе», і галоўнае – была гатова заўсёды падтрымаць калег, у любы момант кінуць хатнія справы і прыехаць у бальніцу да хворага дзіцяці.


Поўны артыкул чытайце ў раённай газеце.

З павагай, Ігар ЛАЗАРЧЫК,  участковы ўрач-педыятр Міёрскай ЦРБ з 1989 па 1992 год, цяпер намеснік галоўнага ўрача Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, кандыдат медыцынскіх навук, выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Фота з альбома аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.