Тереса Врублевская из Дисны рассказала про жизнь во время войны

 Пра ваеннае ліхалецце Тэрэса Целясфораўна УРУБЛЕЎСКАЯ ўспамінае з удзячнасцю, што ацалела, што засталіся жывымі маці, браты і сёстры, што навучыліся ца-   ніць адзін аднаго і даброты, якія здабывалі нялёгкай працай. Кажа, момантаў, якія захавала памяць, хопіць на серыю кніг.


Партызанская сям’я

Калі пачалася вайна, Тэрэсе не было і васьмі гадоў. Яна малодшая ў сям’і, дзе выхоўвалі шасцёра дзяцей. Розніца ва ўзросце са старэйшым братам 14 гадоў. У 1942-ім моцна захварэў і памёр тата.


У фальварку Дзя- мідава Мікалаёўскага сельсавета іх хата стаяла на пагурку. Здалёк чуліся выбухі, віднелася зарыва.

– У нас спачатку спакойна было. Грымела дзесьці ў накірунку сучаснага Наваполацка, – узгадвае Тэрэса Целясфораўна. – Расказвалі, што ў Дзісне з’явіліся немцы. Тым часам у нашу вёску наведаліся ілжывыя партызаны. Абходзілі нас, забіралі прадукты. Потым сапраўдныя партызаны прыйшлі. Разам з імі на фронт накіраваўся і мой брат Антон, ён быў краўцом. Часлава таксама забралі. Сястра была падпольшчыцай. Днём у нашай хаце «гасцявалі» немцы, а ноччу прыходзілі партызаны. Як толькі нашу сям’ю не расстралялі за сувязь з імі?! Дзякуй Богу, ніхто не здаў.

 

 Боль страты і радасць перамогі

Кожны дзень праходзіў у страху і пад кулямі. Калі пачыналі страляць, маці з дачкой беглі да людзей. Аднойчы вярталіся дадому і ўбачылі, як немцы неслі ад іх хлява разабраную свіную тушу. Свінаматка разам з маленькімі парасяткамі давалі сям’і надзею перажыць голад. Яе не засталося.

Маці стала распрагаць кабылку, але немец забраў яе. Кавалачак хлеба і торбачку з прадуктамі, якія неўпрыкмет імкнулася схаваць пад сена, таксама.


– Да нас прыбегла суседка і сказала  забраць сваіх парасятак, якіх паспелі ўратаваць. Калі праз нейкі час прыйшлі да яе, яна закрычала, каб хуценька ўцякалі. З дому выйшлі немцы і сталі паліць з аўтаматаў, – узгадвае суразмоўніца. – Мо і ўверх стралялі, ды мы збеглі ў лес. У той дзень у іх выйшаў канфлікт і яны паранілі ў сцягно дачку гаспадыні. Жывая засталася. Больш мы за парасятамі не пайшлі.

Праз лес праходзіла партызанская зона. Аднойчы падчас бою на вачах у сям’і спалілі іх хату. Роспач разам з радасцю ахуталі Тэрэсу і яе маці – з аднаго боку, засталіся без жылля, з іншага – партызаны вярталіся з перамогай.

 

 Самалёты прыносілі страх

Давялося шукаць іншае жыллё. Сястра Тэрэсы знаходзілася ў падпольнай арганізацыі, накіраваліся да яе. Неяк захварэла на тыф сувязная, злягла з высокай тэмпературай і дзяўчынка.


Падчас адной з бамбёжак давялося ўцякаць у лес.

– Мы бяжым, а самалёт над намі гудзе. Мама павалілася на мяне, накрыла коўдрай. Але ён болей не вярнуўся. Страх застаўся: гудзяць самалёты – усе хаваюцца. Мама казала мне закрываць вушы і шырока адкрываць рот, інакш перапонкі лопнуць ад гулу.


Выклікала страх у вяскоўцаў і дарога – блізка заўсёды стралялі. Немцы ўзво-дзілі побач мост. Відаць, хацелі надоўга замацавацца ў Мікалаёве. Калі сталі наступаць, Тэрэса разам з маці трапіла ў лік бежанцаў. Хаваліся на балоце. Партызаны падаліся ў Казьянскія лясы.


Падрабязней – у нумары раённай газеты.

Алена ВАРОНІНА.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий