Працоўнае месца сацыяльных работнікаў – дамы пажылых людзей, якім дапамагаюць спраўляцца з бытавымі клопатамі. Там прымалі віншаванні з прафесійным святам і ўзнагароды.
З прыемнай мэтай скіраваліся да калег дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак і загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Кацярына Кезік. Першая кропка маршруту – вёска Хоцькава. Завіталі ў дом Леаніды Іванаўны Дуброўскай, куды на працягу года прыходзіць сацыяльны работнік Васіліса Дуброўская. Яна ўжо на месцы, гатова ўзяцца за звыклыя прафесійныя клопаты. Бухгалтар па спецыяльнасці 25 гадоў занята ў сацыяльнай службе.
Гаспадыні дома госці ўручылі падарунак, а сацыяльнаму работніку перадалі Падзяку старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Такой жа ўзнагародай адзначылі сацыяльнага работніка з Міёр Дану Тычко. З ёй сустрэліся дома ў Рамана Лёнгінавіча і Зоі Мікалаеўны Лагуноў – былых супрацоўнікаў рэдакцыі раённай газеты «Міёрскія навіны». Да іх наведваецца нядаўна, адразу знайшлі агульную мову.
Дзясяты год, як повар-кандытар стала сацыяльным работнікам і з радасцю спяшаецца туды, дзе ёй рады. Заўважае, толькі нядаўна ўсвядоміла, наколькі любіць сваю работу.
У ліку ўзнагароджаных з нагоды прафесійнага свята сацыяльныя работнікі Ірына Ціхамірава з Новага Пагоста і Ала Быкоўская з Наўгарод.
Ірына Вітальеўна больш за 20 гадоў клапоціцца пра пажылых сяльчан. Заслужаная ўзнагарода – Ганаровая грамата Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
Стаж Алы Альфрэдаўны ў сацыяльнай службе бярэ адлік з 2019 года. Ёй аб’яўлена Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта.