Хтосьці складае спіс навагодніх падарункаў, іншыя вывучаюць асартымент магазінных паліц, а наведвальніцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН ужо ствараюць зімовую казку сваімі рукамі. Рыхтуюць прыемныя сюрпрызы для выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Дзісне.
Ідэю звязаць падарункі для выхаванцаў прытулку прапанавала адна з актывістак аддзялення Алена Сташулёнак. Сяброўкі з радасцю падтрымалі і ўзяліся за справу. У перадсвяточныя дні плануюць наведацца ў госці да дзетак і ўручыць вырабленыя з любоўю падарункі.
У лістападзе наведвальніцы аддзялення разам з моладдзю працавалі на суботніку ў вёсцы Камянполле на тэрыторыі былога сядзібна-паркавага комплексу Мірскіх. Самі пажадалі далучыцца да грамадска-патрыятычнай акцыі. Гатовы і далей старацца дзеля парадку і прыгажосці ў родным горадзе і раёне.
Займаюцца асветніцкай дзейнасцю: падчас адзіных дзён здароўя раздаюць на вуліцах горада тэматычныя лістоўкі з карыснай інфармацыяй. Дапамагаюць спраўляцца з бытавымі клопатамі пажылым людзям райцэнтра.
Ля двара самой Алены Сташулёнак міярчане пакідаюць пакеты з пластыкавымі крышачкамі.
– У рэспубліканскім дабрачынным праекце «Новае жыццё ў абмен на крышачкі», што скіраваны на дапамогу дзецям-інвалідам і навакольнаму асяроддзю, удзельнічаю з 2018 года, калі ён пачаў развівацца ў нашым раёне, –расказвае валанцёр. – Прымаю крышачкі на захаванне, затым перадаю ў Мінск. У верасні адправіла чарговую партыю, і вось ужо зноў два мяхі назбіралася.
На думку суразмоўніц, бескарысліва дапамагаць, чым можаш, – натуральная ўнутраная патрэба, закладзеная ў нашым менталітэце. Гэта частка ладу жыцця.
Дарыць радасць, клапаціцца пра іншых, дапамагаць людзям – гэта не разавыя акцыі, абумоўленыя каляндарнымі датамі. Гэта нашы штодзённыя ўчынкі, ад якіх свет становіцца лепшым. Далучыцца да добрых спраў у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН ці звярнуцца сюды па дапамогу можна па нумары 5 28 32.