Ціха цвіце лета. Цячэ велічная Дзвіна, радасна коціць насустрач ёй свае хвалі, агінаючы валуны, Дзісёнка. Стаіць векавы горад, залячыўшы раны вайны, але ўзвышаюцца руінамі дамы даваеннага быцця і не даюць змоўкнуць памяці і болю страт. Так чулліва распачалі жалобны мітынг 14 чэрвеня Аляксей Астукевіч і Ганна Квіт у асабліва трагічным месцы Дзісны, дзе ніколі не высахнуць слёзы яе жыхароў. 80 гадоў таму тут, дзе застылі ў задуменні гонкія сосны, таксама стаялі людзі. Толькі не ў адзенні і абутку, як усе цяпер, а голыя, босыя, асуджана гледзячы смерці ў вочы. Хтосьці вырашыў, што яны не дастойны жыць. Ад варожых куль у зямлю палеглі 3 800 ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў Дзісны яўрэйскай нацыянальнасці.
Схіліць галовы і выказацца пра агульны боль і вечна жывую памяць сабраліся дзісненцы і госці: кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі Полацкага пагран- атрада, Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, духавенства, працоўных калектываў, у тым ліку Полацкай гарбальніцы на чале з галоўным урачом, ураджэнцам Дзісны Аляксандрам Стома, студэнты і рэктарат Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава.
У жалобнай тэатральнай пастаноўцы юных дзісненцаў, эмацыянальным аповядзе вядучых нібы ажывалі падзеі тых страшных дзён. Прысутным нагадалі, якой густанаселенай была вуліца Полацкая ў Дзісне. У асноўным тут жылі яўрэі: разумныя і працавітыя людзі, добразычлівыя суседзі, надзейныя сябры. У чэрвені 1941 года тэрыторыю акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі і адразу прыступілі да зверскай расправы над мірным насельніцтвам. Ужо ў кастрычніку арганізавалі прымусовае пасяленне, абнесенае калючым дротам. Каля дзесяці сем’яў тулілася ў кожным доме. На рукавах, як пракажоныя, насілі меткі – шасціканечную жоўтую зорку.

Нядзельным днём 14 чэрвеня 1942 года яўрэяў вывелі за горад, загадалі выкапаць дзве ямы глыбінёй чатыры метры, шырынёй – пяць і даўжынёй 60 метраў. Паліцаі, выстраіўшыся ў два рады, утварылі калідор. Паблізу размясціліся кулямётчыкі і аўтаматчыкі. Пад канвоем да ям падводзілі па пяць чалавек. Ім загадвалі распранацца і ўзыходзіць на пакладзеныя з дошак шчыты, пасля адкрывалі агонь. Канвеер смерці працягваўся ўвесь дзень. Крыкі і галашэнні няшчасных чулі за некалькі кіламетраў у навакольных вёсках. У засыпанай яме аказаліся і параненыя, і пахаваныя зажыва. Зямля хадзіла хадуном некалькі дзён. Пасля з пяску стала праступаць кроў. Карнікі загадалі засыпаць магілы вапнай. Узгорак ператварыўся ў маналіт. Па сведчанні мясцовых жыхароў, доўгі час глеба тут вылучалася ярка-барвовым колерам.
Пра трагізм даты не толькі ў гісторыі горада Дзісны, але і ўсёй Беларусі нагадаў старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў:
– Яны хацелі жыць і быць шчаслівымі, але такую магчымасць у іх забралі фашысцкія карнікі. З пары жудасных чэрвеньскіх падзей колькасны склад жыхароў Дзісны так і не ўзнавіўся. Горад застаўся самым маленькім у Беларусі і налічвае 1 400 жыхароў. Галоўнае для ўсіх цяпер – зберагчы мірнае неба над галавой. Вывучаючы гісторыю Вялікай Айчыннай па кнігах і аповядах дзядоў, якія былі яе ўдзельнікамі і відавочцамі, мы заўсёды памяталі, што ў той вайне загінуў кожны трэці беларус. Цяпер, калі многім хочацца зрабіць выгляд, што не было тых зверстваў, наш святы абавязак – выхаваць дзяцей і ўнукаў так, каб не дапусціць падобных трагічных старонак у гісторыі.
Рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта П. М. Машэрава Валянціна Багатырова звярнула ўвагу, што ў працэсе падрыхтоўкі высокаматываваных спецыялістаў, якія гатовы вырашаць важныя задачы для развіцця дзяржавы, вялікая ўвага надаецца станаўленню перш за ўсё ЧАЛАВЕКА. Прыстойнага, разумнага, які ведае значэнне гістарычных сімвалаў, здольны суперажываць і не ідзе на паваду ў тых, хто можа здрадзіць сваёй Айчыне. Як заўважыла Валянціна Васільеўна, моладзь павінна ведаць, што для жыхароў многіх з 30 краін, якія ваявалі на тэрыторыі Савецкага Саюза, вайна не закончылася 9 мая 1945 года. Яна працягваецца. Недарэмна многія еўрапейскія дзяржавы адзначаюць Дзень памяці і прымірэння. Наш святы абавязак – цаніць мір і не забывацца.

Сярод прысутных жыхар Дзісны Дзмітрый Шавякоў. Прывёз у жалобнае месца дачушку Вераніку, якая скончыла чацвёрты клас. На думку шматдзетнага таты, ужо ў такім юным узросце неабходна ўсведамляць, якой страшнай цаной набыты для нас мір і свабода. Прадстаўнік Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, каардынатар музейна-выстаўнай дзейнасці Аляксандр Нялюбаў (фота на 1-й стар.) лічыць важным, што ў прысутнасці школьнікаў і студэнтаў узгадалі не проста лічбы, а апошнія хвіліны пахаваных тут людзей. Такое не забываецца.
Спіс ахвяр генацыду надта доўгі, але не ўвесь, устаноўлены імёны толькі 868 чалавек. У памяць пра ўсіх загінулых па ініцыятыве нераўнадушнага жыхара Дзісны Эдуарда Цярэшкі адкрылі мемарыяльны знак «Звон».
На мітынгу ўзгадалі і ахвяр вайны, якія загінулі ў Дзісне і знайшлі вечны спачын у дзвюх брацкіх магілах непадалёк ад яўрэйскага пахавання. Нямецка-фашысцкія захопнікі не шкадавалі ні жанчын, ні старых, ні дзяцей. У горадзе ўстанавілі акупацыйны рэжым, які распачаўся арыштамі і расстрэламі партыйна-савецкага актыву і мірных жыхароў. Каб запужаць насельніцтва і зламіць волю да супраціўлення, 5 чэрвеня на гараджан зрабілі аблаву. Кожнага пятага расстралялі. Адных павешалі на плошчы перад мясцовым клубам, другіх – спалілі. У жніўні 1941 года моладзь стварыла падпольную арганізацыю.
Пад’ём партызанскага руху прыпаў на вясну – лета 1942 года. Дзісна знаходзілася ў нямецкім катле, вакол была партызанская зона. З ростам супраціўлення з боку насельніцтва захопнікі ўсё часцей праводзілі карныя аперацыі. Усяго ў гады вайны на тэрыторыі Дзісненскага раёна знішчылі каля 4,5 тысячы чалавек, яшчэ 8 тысяч сагналі ў рабства. Тых, чые прозвішчы значацца на магілах № 5709 і № 5706, фашысты абвінавацілі ў дапамозе партызанам і расстралялі ў 50 метрах ад масавага пахавання яўрэяў.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА